07.06.2013

Чалавек, які аддаваў грошы за свой першы здымач два гады, якому служба ў войску прынесла гран-пры ў «Belarus Press Photo — 2011», і які абраў сваю прафесію, каб быць свабодным. Ён расказвае, як прыйшоў да свайго занятку, чаму фатаграфуе і калі, на яго погляд, фота мае права на існаванне. У рубрыцы «Творчая гісторыя» мы будзем расказваць пра гісторыю працы вядомых беларускіх фатографаў. Адзін год — адно фота. Першы герой — фотакор «Нашай Нівы» Сяргей Гудзілін.

Патрапіла ў рукі мыльніца

Пачатак банальны: патрапіла мне ў рукі мыльніца сябра. Далей пайшоў драматычны працэс: домікі, коцікі… На той час я жыў у Жодзіна, дзе з’явіўся мясцовы сайт, на якім мы публікавалі навіны, рэпартажы. У рэшце рэшт набыў сабе люстэркавы здымач, на які пазычыў 1500 даляраў. Яшчэ год 6 таму гэта было рэдкасцю. Натуральна, я пачаў сачыць за выбітнымі фатографамі, цікавіўся класікамі гэтай справы, а вопыту набіраўся здымкамі жодзінскіх вяселляў і спартыўных падзеяў.

Атрымалася так, што пайшоў у войска служыць. Камунікаваў з афіцэрамі і аднойчы сказаў: «Трэба фотаапарат, будзем рабіць насценгазету!». Паралельна вёў ЖЖ, пад замком паказваў карцінкі. Зрабіў фота з «ленінкі», якое пасля адправіў на конкурс (Belarus Press Photo 2011 – рэд.), і гэты здымак заняў першае месца. Потым, пасля войска, запрасілі ў «Нашу Ніву» працаваць. Я неяк лёгка прыйшоў у прафесійную журналістыку: схадзіў у войска — стаў вядомым фатографам.

hr-p

— 2010 —

artsiadziba_hudzilin_2010_710

Прагляд навін у пакоі «адпачынку і інфармавання» ў беларускім войску. Гэта асобны пункт распарадку дня ва Узброенных сілах. Такую сцэну я назіраў амаль усе 547 дзён службы ў войску. Кадр для мяне красамоўны — ім адным можна паказаць усю сучасную Беларусь.

hr-p

«Я выбраў суровую рэчаіснасць і пацанчыкаў»

Сам фатограф выбірае, што яму падабаецца. Ёсць профі ў Беларусі, якія здымаюць толькі вяселлі, ёсць тыя, хто здымае для стокаў, фотабанкаў розныя прадметы.

Здымак часцей за ўсё — гэта тое, што ёсць ўнутры цябе: адукацыя, культура, каштоўнасці.

Я абраў войска, суровую рэчаіснасць і пацанчыкаў — мне спадабалася. Да службы я думаў, што буду спартыўным фатографам. А прыйшоў — і мне больш спадабалася сацыяльная праблематыка, палітычныя тэмы. Гэта меньш творчае фота, але яно больш сацыяльна значнае.

«Фотажурналісты рубяцца за стыль жыцця»

Фотажурналісты — не толькі група людзей, якая распавядае другім людзям пра жыццё трэціх, але гэта і стыль жыцця таксама. Фотажурналістыкай ты хутка не заробіш на крутую машыну і кватэру. Мы не тое што змагаемся, а рубімся за стыль жыцця. Усё дзеля таго, каб быць вольным чалавекам, які здымае цікавыя яму тэмы і атрымлівае яшчэ за гэта грошы.

Праблема фатографаў

Фатографы часта жывуць старымі здымкамі. Зрабілі карцінку, якую апублікавала крутое выданне — і ўсё. Прыемна, канешне, але патрэбна далейшая праца. Гэтыя лепшыя кадры трымаюць, спыняюць рух да новага. Я пастаянна пераглядаю свой архіў, тасую, збіраю розныя серыі і даздымаю новае.

hr-p

— 2011 —

artsiadziba_hudzilin_2011_710

Не лічу, што гэта вельмі круты ці ўнікальны здымак. Але гэта кадр з маёй першай самастойнай вялікай серыі «Айчына на скуры». Яе я здымаў амаль увесь 2011 год. Тэма  вобразаў вельмі важная для мяне — гэта гісторыя пра людзей, якія на сваёй скуры захоўваюць нацыянальныя сімвалы ў выглядзе тату ў той час, калі гэтыя самыя сімвалы ўсялякім чынам выціраюць з нашага навакольнага асяроддзя.

hr-p

Вучыцца простым рэчам

Фатаграфія дае магчымасць даведацца больш, спазнаць простыя рэчы. Не хачу распавядаць пра высокія матэрыі накшталт «фатаграфія навучыла мяне любіць людзей». Фатаграфія — гэта магчымасць камунікаваць з людзьмі з абсалютна розных сацыяльных груп.

Я доўга здымаю гісторыю пра паралізаванага хлопчыка з ДЦП. У яго ёсць маці, брат, бабуля, з якімі я сябрую. Аднойчы мы ехалі з басейна, зламалася машына. Тады я першы раз у жыцці дзеля дзіцёнка, які замярзаў, палез пад капот і сам памяняў тасол.

«Зараз мне цікавая прыватная фатаграфія»

Я люблю нечаканыя карцінкі. Яны могуць быць тэхнічна недасканалыя,  але павінна быць упэўненасць, што без фатографа гэты момант знік бы з рэальнасці. Тады гэтае фота добрае. Усё астатняе — колер, святло — на асабісты густ. Не думаю, што павінны быць канкрэтныя стандарты, бо шмат людзей навучылася правільна здымаць. Цікавая няправільная, прыватная фатаграфія.

hr-p

— 2012 —

artsiadziba_hudzilin_2012_710

Кадр з рэпетыцыі параду 3 ліпеня. Гэта такая ілюстрацыя псіхалагічнага стану — калі ў Беларусі пры адным прэзідэнце вырасла цэлае пакаленне паўнагадовых людзей (у мінулым годзе споўнілася 18 год як Лукашэнка кіруе краінай), якія ўсё сваё фізічнае жыццё жывуць пры адным прэзідэнце.

hr-p

Прыватныя фота і праменьчык сонца

Праз простых людзей, якія жывуць прыватным жыццём, не ўмеюць фатаграфаваць, часам бачыш іншы свет. Там усё вельмі выпадкова, больш адкрыццяў.

Фотажурналістыка змяняецца пад уздзеяннем масавай фатаграфіі, робіцца іншай. Любы можа стаць сведкам падзеі і адпрацаваць лепш за журналіста, які не паспеў даехаць.

У Расіі існуе блог uralvtg на tumblr.com, які называецца «Метафізічная Расія». Там ёсць проста шэдэўры, бачная эпоха. У народнай фатаграфіі здараецца кадр, які не зробіць самы круты журналіст. Наш час будуць вывучаць менавіта па такіх фота. Прыватная фатаграфія б’е ў лоб, а фотажурналісты займаюцца мастацтвам. Праменьчык сонца трапляе кудысьці там, і лічыцца, што гэта вельмі важна. А насамрэч істотна перадаваць свой час.

Система Orphus