08.07.2013

Адзін з арганізатараў «Прэс-фота Беларусі» Вадзім Заміроўскі абраў сваю прафесію несвядома. У інтэрв’ю ён расказвае, як змяніліся яго густы ў фота за 11 год, што ёсць здымак сёння і чаму можа быць небяспечна паказваць свае працы нават вядомаму фатографу.

«Калі б не заняўся фота —  быў бы кухарам»

Пасля школы я скончыў з чырвоным дыпломам тэхналагічны каледж. 99% адсоткаў яго выпускнікоў друкавалі здымкі на мінілабах. А мяне захапіла фота.

Пасля вучобы вельмі была патрэбная праца. Прапанавалі быць майстрам. У 19 год я вучыў тых, каму па 15-16. З 2002 года я паспеў папрацаваць фотакорам у газетах «Знамя юности», «Мінскі кур’ер», а таксама ў «БелГазеце». І літаральна нядаўна перайшоў на TUT.BY.

Кожны паважаючы сябе фотакор стала супрацоўнічае з агенцтвамі. З імі я на фрылансе, а так заўсёды ў штаце, каб заўжды быць забяспечаным апаратурай і дакаладна заплаціць за кватэру.

Калі ёсць час і жаданне, мне падаецца, някепска гатую. Калі б не заняўся фота —  быў бы кухарам.

zamirouski_3

Фатограф ці асоба з фотаапаратам?

Я фатограф. Гэта лад жыцця, а не проста праца. Я б не раздзяляў фатографа і асобу. Але зацыклівацца таксама няправільна: мне цікава расці як асоба, бачыць новыя рэчы, ладзіць цікавыя вандроўкі. Дзякуючы фота я знаёмлюся з людзьмі, стасуюся з тымі, хто мне цікавы. Большасць знаёмстваў з людзьмі скалаліся менавіта дзякуючы працоўным кантактам.

Выкладаць здымкі на фотасайты нецікава

Калі я толькі пачынаў фатаграфаваць, мне было цікава выкладаць здымкі на фотасайты: каб падказалі, што не так або пахвалілі. Зараз цікавей семінары. Бо вельмі істотнае пытанне: а суддзі хто? Ты пакажаш працу ў сваім унікальным стылі вядомаму фатографу, а яму не падабаецца гэты стыль, —  і ён скажа: «выкіньце».

«Зараз прыцягвае выказванне поглядаў на жыццё»

Раней мне падабалася быць у віры падзей. Журналіст можа патэлефанаваць і ўзяць каментар, а фотакор заўсёды на перадавой. Зараз мяне прыцягвае выказванне сваіх поглядаў на жыццё. Нават звычайныя рэпартажы я здымаю па-іншаму. Не заўсёды важна паказаць, як б’юць морды. Куды цікавей зрабіць крок назад, дзе людзі здымаюць гэта на мабільны.

Беларуская фотажурналістыка адстае ад сусветнай

Нашая фотажурналістыка адстае ад сустветнай год на дваццаць. Але ёсць фатографы маладой школы, якія ідуць у нагу з часам. Класічнае фота — гэта, напэўна, «рэзкае», як у пачынальніка Карцье-Брэсона. А сучаснае — гэта выдатная серыя «Паляванне» Максіма Сарычава, прырода і навінавае фота Сяргея Грыца. Сяргей Брушко —  для мяне прыклад у сферы дакументальнага фота; Лянкевіч, Гудзілін.

Сучаснае фота — гэта праекты

Галоўная тэндэнцыя ў беларускім фота — аўтары пачалі больш здымаць праектаў. Да таго ж у апошнім конкурсе «Прэс-фота Беларусі» сябры журы ахвотней галасавалі за серыі, чым за сінглы. Сучаснае фота — гэта хутчэй праекты. Праз праект правільней нешта казаць свету. Раней фатографы ішлі на адну здымку, рабілі шмат кадраў і казалі, што гэта фотагісторыя. А насамрэч — фотарэпартаж.

Летам 2011 года за ўдзел у маўклівых акцыях пратэсту было асуджана каля 2000 чалавек. Студэнтка Насця арганізавала пад сценамі турмы лагер валанцёраў для дапамогі людзям, якiя адбываюць пакаранне. Каля месяца Насця купляла прадукты, складала перадачы і адносіла іх у турму для зусім незнаёмых ёй людзей.

hr-p

Парадокс «Прэс-фота Беларусі»

Цікавыя рэчы адбываюцца: увесну на нас прычапілі цэтлік «экстрэмісты». Грамадскасць абурылася і сказала, што гэта парушэнне свабоды слова. Нядаўна, калі ў конкурсе перамог фатограф дзяржаўнай газеты «На страже», частка грамадства паспрабавала зрабіць тое ж самае — правесці цэнзуру і прыляпіць на нас цэтлік «падонкі». Але гэта вынікі конкурсу. Сябрам журы абсалютна ўсё роўна, з якой газеты фатограф — яны не ведаюць ні імя, ні месца працы фатографа.

Фотакоры і палітыка

У асяродку фотакораў няма паняцця «ён не з нашай пясочніцы», з-за таго, што чалавек працуе не на той бок. Нядаўна бачыўся з фатографам «Савецкай Беларусі» — у нас добрыя стасункі.

Чалавек, у якога гараць вочы

Ідзе чалавек, і ў яго вочы гараць. Яму можа быць і 40, і 60. Яму цікава нешта новае. Вось такі чалавек можа быць фатографам. Калі займацца нейкімі сур’ёзнымі тэмамі, патрэбная моц характару. Каб не зламацца. Максім Дандзюк фатаграфаваў туберкулёз некалькі год: жыў у шпіталях, стасаваўся з людзьмі, ад якіх мог заразіцца. Перажываючы ўсё гэта, не вельмі проста працягваць працаваць.

Система Orphus