11.11.2013

Адзіны ў свеце глуханямы байкер Уладзімір Ярэц, які здзейсніў кругасветку ды аб’ездзіў увесь свет на сваім матацыкле, вярнуўся пасля шматгадовых вандровак у родны Мінск. Юля Знак завітала ў госці да вядомага 72-х гадовага падарожніка і яго сына Юрыя, які ў нашай размове выканаў ролю перакладчыка на мову жэстаў і наадворт.
Я бягу па Прывакзальнай плошчы, спазняюся, бакавым зрокам бачу, што каля гарадской брамы тусуецца шмат людзей. Падыходжу: «О, клас!» — стаіць бравы дзядзечка гадоў пад семдзесят з матацыклам. На ім развешаны сцягі розных краін, геаграфічныя мапы і стаіць шлем з надпісам «Падкіньце грошай вандроўніку». Кідаю ў шлем пару тысяч, дзядок усміхаецца і паказвае на пальцах «Акей!». Зразумела: ён глуханямы.

Чытаю на плакаце, што завуць мужчыну Уладзімір Ярэц і ён адзіны ў свеце глуханямы байкер, што здзейсніў кругасветку, ды зараз заехаў у родны Мінск. Шчыра дзіўлюся, усміхаюся вандроўніку ў адказ і бягу далей.

Стоп! Не! Такое нельга прапусціць! Спазняюся яшчэ болей, але вяртаюся.

Спрабуем скантактавацца з байкерам і дамовіцца на інтэрв’ю праз перапіску на квітанцыі за квартплату. Ва Уладзіміра ўжо існуе адладжаная схема зносінаў з журналістамі. Вядома ж, увагі да яго персоны немала, гутарыць з ім можна праз аднаго з двух сыноў — Юрыя, які выступае ў ролі перакладчыка на мову жэстаў і наадворт.

biker (artsiadziba.by) 4194

Мы едзем ў аднапакаёўку ў Чыжоўцы, дзе і жыве знакаміты, на жаль, больш за мяжой чым дома, беларус. Па шляху сын Юрый распавядае пра бацьку.

Першы раз у сур’ёзную вандроўку Уладзімір выправіўся ў 16 год аўстаспынам да Уладзівастока, пасля чаго ён зразумеў, што ехаць аўтаспынам надта марудна і трэба прыдумаць штосьці больш мабільнае. Так з’явілася ідэя ездзіць на мапедзе, а яшчэ праз некаторы час Уладзімір набыў «Яву». Аднак правоў кіроўцы ў наваяўленага глуханямога байкера не было і быць не магло. І тут сваё ўзяла настойлівасць: пасля шматлікіх паходаў у ДАІ, правы кіроўцы Уладзіміру ўсё ж такі выдалі.

У свой легендарны кругасветны трып Уладзімір Ярэц адправіўся ў 2000 годзе. Тады ў яго была мара стаць першым глуханямым байкерам, які б аб’ехаў увесь свет. Пазней з’явілася жаданне трапіць у Кнігу рэкордаў Гінэса.

За трынаццаць гадоў вандровак байкер наматаў 840 тысяч кіламетраў і пабываў прыкладна ў ста краінах.

Кожны новы горад — новыя людзі, прыхільнікі, эмоцыя і, безумоўна, спосаб зарабіць грошы, каб рухацца далей. Уладзімір па прыбыцці ў новае месца шукае шматлюдную плошчу, ставіць матацыкл, раскладвае, як ён сам называе, сваю прэзентацыю: карты, фотаздымкі, сцягі — і людзі падыходзяць, фатаграфуюцца, знаёмяцца з ім і пакідаюць грошы.

Ідэя зарабляць такім чынам з’явілася ва Уладзіміра Ярца ў 1998, калі пенсіі на паездкі перастала хапаць. У выніку ён вырашыў, што самы эфектыўны і шчыры спосаб зарабіць — паказваць людзям, што ён вандроўнік. Гэта спосаб упершыню ён апрабаваў у Мінску.

biker (artsiadziba.by) 4186

Сын Юрый расказвае, як бацька ўласнаручна намалаляваў плакаты, наклеіў фотаздымкі гарадоў, дзе пабываў, і пайшоў стаяць у пераход на Кастрычніцкай. Праз некалькі дзён міліцыянты прагналі яго адтуль, бацька моцна знерваваўся тады.

«Я яму кажу: вось паглядзіш, яшчэ і штраф улепяць» — распавядае Юрый. А бацька здзіўляецца: «Як гэта мне дадуць штраф, я ж вандроўнік, і людзі самі да мяне ідуць і грошы даюць».

Пасля гэтага выпадку з міліцыянтамі Уладзімір Ярэц пайшоў у гарвыканкам, дзе яму выдалі даведку, што ён можа стаяць «вунь не ў тым куце, дзе ён стаяў, а ў супрацьлеглым».

Па словах сына Юрыя не ўсё рамантычна і ўзнёсла было падчас вандровак у глуханямога байкера:

«Бацька цяпер вандруе заўсёды адзін, аднак, раней некаторы час ён ездзіў з двума глуханямымі сябрамі. Неяк праязджалі Каўказ, набліжалася ноч, і вандроўнікі шукалі месца, каб паставіць намёт і переночыць. Спыніліся ў вёсцы, дзе мясцовыя гулялі вяселле. Байкеры хацелі запытаць, дзе лепей размясціць намёт, аднак паміж падвыпітымі гасцямі з гарачай крывёю і глуханямымі ўзнікла непаразуменне і хтосьці стрэліў і забіў сябра Уладзіміра…»

Яшчэ адно страшнае здарэнне адбылося ў ЗША: у штаце Ілінойс Уладзімір трапіў у аварыю. Тады ён праляжаў у коме шэсць дзён, рэабілітацыя праходзіла паўгады, за гэты час байкер перанёс 29 аперацый.

biker (artsiadziba.by) 4180

Пасля кожнай аперацыі родныя атрымлівалі справаздачу: колькі доўжылася аперацыя, якія яе вынікі, колькі грошай выдаткавана і калі будзе наступная. Пасля рэабілітацыі прадстаўнікі канцэрну «BMW American» запрасілі бацьку на вытворчасць і падарылі матацыкл сваёй маркі.

«Бацькі не было дома адзінаццаць гадоў, — працягвае Юрый, — у 2000 годзе ён выехаў і толькі ў 2011 зазірнуў у Мінск на пару тыдняў. Зразумеў, што тут няма чаго рабіць, і рушыў далей да Канарскіх выспаў, пабыў там год і толькі нядаўна зноў вярнуўся дадому».

Як і ўсіх беларусаў мяне цікавіць, як Уладзіміру так шанцавала атрымліваць візы на падарожжы.

«А ён чалавек прабіўны» — усміхаецца Юрый, — яму сёння адмовяць, ён заўтра зноў прыйдзе. У амбасадах ужо спрацоўваў фактар павагі да сталага чалавека. Увогуле, усе візы ён атрымліваў праз расейскую амбасаду.

— А як вы падтрымліваеце зносіны з бацькам, калі ён на іншым кантыненце?

 Звычайна ён знаходзіць рускамоўнага чалавека, дае яму нумар мой ці брата, і суразмоўца тэлефануе нам і кажа: «Вось, стаю побач з вашым бацькам, у яго ўсё добра, не хвалюйцеся!»

Нарэшце мы прыехалі ў госці да Уладзіміра Ярца, які павінен з хвіліны на хвіліну пад’ехаць на сваім «кані» і далучыцца да нашай размовы. «Ён пунктуальны», — заўважае пра бацьку сын. І сапраўды, крутым віражом у двор улятае матацыкл і спыняецца каля нас.

biker (artsiadziba.by) 4160 biker (artsiadziba.by) 4216

Вітаемся і падымаемся ў кватэру. Пакуль Уладзімір вандраваў па свеце, у аднапакаёўцы ніхто не жыў, і натуральна, яна захавала дух дзесяцігадовай даўніны: выцвілыя плакаты і мапы на сценах, старая савецкая канапа, такі ж рарытэтны пыласос, мутныя ад дажджу і спёкі вокны.

biker (artsiadziba.by) 4226 biker (artsiadziba.by) 4232

Уладзімір Ярэц, як і мае быць вандроўніку са стажам, адразу звяртае нашую ўвагу на мапу, дзе намаляваны лініі яго маршрутаў і перамяшчэнняў па краінах і кантынентах.

biker (artsiadziba.by) 4224

— Якое месца на зямлі вас больш за ўсё ўразіла?

 Ганконг! Там хмарачосы, зусім іншае вымярэнне жыцця. Там дасканалая прыгажосць! Таксама Бразілія цікавая, з яе вар’ятным бездарожжам — былі выпадкі, калі даводзілася перапраўляцца на пароме. Але гэта захоплівае дух!

biker (artsiadziba.by) 4255

— Дзе яшчэ марыце пабываць?

— З мяне пакуль досыць, хачу быць дома!

— Але ўсё адно ж потым паедзеце зноў?

— Так! Але ўжо хачу праехаць усю Беларусь. Наведаць Віцебск, Брэст, Гомель, Гродна. Па праўдзе кажучы, мне падчас вандровак заўсёды хацелася хутчэй вярнуцца дадому, хуценька ўсё паглядзець і прыехаць на радзіму жывым і здаровым.

— Без якіх рэчаў не абыходзіцца ніводны трып?

— Без намёта, трох-чатырох камплектаў адзення, пальчатак, фотаздымача і з дзясятак флэшак.

Тут сын Юрый падхоплівае:

«Так-так, бацька ніколі не выдаляе з флэшак старыя здымкі, захоўвае ўсё на памяць. Таму зараз у яго назапасілася цэлая скрынка гэтых флэшак з архіўнымі фотаздымкамі».

Для байкера, у якога амаль усё жыццё праходзіць і залежыць ад дарог, пытаюся пра іх стан і якасць. Аказваецца, самыя лепшыя дарогі, на яго погляд, у ЗША, Францыі, Германіі, ЮАР, Японіі, Кітаі, таксама Уладзімір адзначае лонданскія дарогі, маўляў, там ёсць, дзе разагнацца!

— У якім горадзе вам у шлем кідалі больш за ўсё грошай?

— У аўстралійскім Мельбурне, там за дзень людзі ахвяравалі мінімум 500 даляраў. Для параўнання ў Мінску — максімум 100 даляраў.

Некалькі месяцаў таму ў Мінску з Уладзімірам адбыўся казус. Ён стаяў каля ЦУМа, і да яго падышоў стары дзядок, як патлумачыў Уладзімір, хутчэй за ўсё камуніст. Абышоў з аднаго боку матацыкл, з іншага. На наступны дзень дзядок з’явіўся зноў. Ужо больш упэўнена падышоў да Уладзіміра і стаў кіем пратыкаць фотаздымкі, што развешаны на матацыкле. У выніку сарваў амерыканскі сцяг, які вісеў сярод шматлікіх іншых сцягоў розных краін. Натуральна, тут Уладзімір не вытрымаў і прагнаў назойлівага дзядка.

Дарэчы, як і належыць касмапаліту, Уладзімір Ярэц не падзяляе палітычныя рэжымы на «дрэнныя» і «добрыя». Ён спрабуе патлумачыць гэта так: кожны народ варты свайго кіраўніка. Аднак, тут жа дэманструе скураны рэмень, які захоўвае на сабе ўсю палітычную філасофію і светапогляд байкера, што пабачыў не адзін дзясятак жыццёвых укладаў розных краін і народаў.

biker (artsiadziba.by) 4320 biker (artsiadziba.by) 4329

Пытаюся ў сына Юрыя, якому ні то пашчасціла мець незвычайнага і харызматычнага бацьку, ні то не пашанцавала пры гэтым яго амаль паўжыцця не бачыць:

— Бацька натхняе вас на якія-небудзь падобныя ўчынкі?

— Так, безумоўна. Праўда, у мяне ідзе адставанне па ўзросце. Напрыклад, адны і тыя ж думкі ў бацькі былі ў 25 год, а ў мяне яны з’яўляюцца ў 35. Ці тое, як бацька ўспрымаў свет у 35 год, у мяне адбываецца ў 40.

У мяне былі думкі наконт таго, каб зрабіць турнэ на матацыкле з бацькінымі прэзентацыямі па розных гарадах, а сабраную суму грошай пусціць на прасоўванне яго пачынання, каб яго ідэя не сышла ў нябыт.

Насамрэч, Уладзімір Ярэц таксама марыць пра працяг сваёй справы жыцця. Яго галоўная мэта на цяперашні момант — двухпакаёвая кватэра, але не для сябе, а для музею артэфактаў, якія ён знайшоў, і якія яго самі знайшлі цягам вандровак па ўсім свеце.

Развітваючыся, Уладзімір Ярэц растлумачыў, што 95% людзей у свеце яго не разумеюць: яны могуць кідаць грошы ў шлем, усміхацца і фатаграфавацца, аднак, яны не падзяляюць яго светапогляду і, верагодна, лічаць вар’ятам. І толькі 5% людзей сапраўды разумеюць і сімпатызуюць яму, пішуць на е-мэйл, цікавяцца, як у яго справы, альбо нагадваюць, як, напрыклад, калісьці сустракаліся з ім у Паўднёвай Амерыцы, і тады ў яго была доўгая барада.

biker (artsiadziba.by) 4269biker (artsiadziba.by) 4281

У свае 72 гады Уладзімір поўны энергіяй і энтузіязмам, ніколі ў жыцці ён не скардзіўся на адсутнасць магчымасці слухаць і казаць. Можа ў гэтым і ёсць доля вар’яцтва і прагі жыцця, якую мы, маючы ўсё, — не разумеем. Яна нясе яго праз мільёны кіламетраў, каб толькі глядзець усё навокал, калі па-іншаму кантактаваць са светам немагчыма.

biker (artsiadziba.by) 4246

Уладзімір Ярэц марыць трапіць у Кнігу рэкордаў Гінэса, з большага не таму, што ён байкер, які здзейсніў кругасветку, а таму што глуханямы. На яго думку, глуханямыя — народ расчараваны і няшчасны, а ён хоча паказаць, што нішто не можа перешкодзіць чалавеку быць шчаслівым і ісці да мары. Галоўнае, каб мара сапраўдная была, на ўсё жыццё.

Система Orphus