09.12.2013

Адзін з тысяч беларускіх эканамістаў, які нечакана для сябе зрабіў «Canon» працоўным інструментам і памяняў сцены офіса на ненармаваны працоўны дзень фрылансера. Чарговая «Творчая гісторыя» прысвечана фатографу Уладзю Грыдзіну.

Фатограф, які працаваў у банку

Знаёмая калісьці сказала, што я стану фатографам. Я тады толькі ўсміхнуўся. Ніколі не збіраўся станавіцца ім. Па адукацыі эканаміст, працаваў у банку.

Здымаць я пачаў для сябе, і была мара, каб хобі зрабілася маёй працай. Але праца і хобі — рэчы розныя, і, каб быць фатографам, не абавязкова працаваць ім. Захапленне можа перастаць быць захапленнем.

Не ўсё, што здымаеш, табе падабаецца. І чым больш падабаецца, тым лепей здымаеш. Перад апошнімі «Калядамі» мне падавалася, што тут нічога новага не здымеш. Але была сапраўды калядная атмасфера, якой яна мне калісьці ўяўлялася. Каляды, якімі яны мусяць быць. Я не заўважаў ні стомленнасці, ні марозу.

hr-p2013

Uladz_Hrydzin_2013Менавіта такімі я заўжды ўяўляў сапраўдныя Каляды.hr-p

Імітацыя неабыякавасці

Я мог бы працаваць у офісе, мець нармаваны працоўны дзень і выходныя. Прызнаюся, часам мне гэтага хочацца. Але быць фатографам цікавей. Ты не забіты ў чатыры сцяны і манітор.

У мяне з’явіліся новыя сябры-калегі. Нідзе не сустракаў такой салідарнасці, як сярод рэпарцёраў. Фатаграфія навучыла быць неабыякавым, больш заўважаць тое, што адбываецца вакол цябе. Але ў тым ліку і імітацыю праблемы, і неабыякавасці, якія лёгка заўважны фатографу, і якія я не люблю.

hr-p2011

Uladz_Hrydzin_2011Вясковыя дзеткі, якія жывуць у зоне адсялення пасля аварыі на ЧАЭС. Тут таксама можна пабачыць тое, што не пабачыш ужо ў беларускіх гарадах.hr-p

Лепш здымаць дзень цікава, чым гадзіну нецікава

Калі будзеш штодня здымаць, то пераўтворышся ў звычайнага фіксатара падзей. Трэба адпачываць ад камеры, і чым больш, тым лепей. Перад важнымі здымкамі я даю сабе такую магчымасць, каб «праветрыцца».

Шмат тваіх фота, якія табе падабаюцца?

Неяк не думаю пра гэта. Можа, дзесяць набярэцца. З часам стаўленне да здымкаў мяняецца, раней штосьці падабалася, зараз ужо не.

Колькі ты працуеш?

Па-рознаму: можна суткі без перапынку, можна пару гадзін. Але лепш здымаць некалькі дзён цікава, чым гадзіну-дзве нецікава.

hr-p2010

Uladz_Hrydzin_2010І прыгажосць Беларусі, і адбіткі нашай гісторыі.hr-p

Фатаграфуюць стандарт, кажуць — мастацтва

Ніколі не вучыўся фатаграфаваць. З аднаго боку гэта дрэнна, бо часам адчуваю, што чагосьці мне бракуе. А з іншага — добра, бо бачу цікавае — здымаю. У нас, у рэпарцёраў, асабліва няма часу думаць, бо прапусціш важнае. Трэба хутка адрэагаваць, адкуль і якім аб’ектывам зняць.

Я не лічу, што фота павінна быць зроблена па нейкіх правілах. Імі ты заганяеш сябе ў рамкі. Тут яшчэ трэба разумець што здымаеш: калі не валодаеш тэмай — нічога добрага не зробіш.

А на майстра-класах ты бываеш?

Так. Лепей наведаць майстра-клас, на якім прымушаюць думаць, а не вучаць здымаць — гэта карысней за фоташколы, дзе даюць стандарт. Навучылі чалавека ў каледжы здымку, і ён яго робіць, кажа — мастацтва. Гэта не мастацтва.

Карысна, калі майстра паказвае што лепш і што горш, як па-іншаму можна было зняць кадр. Часта гэтыя майстра-класы натхняюць. Апошні, чый майстра-клас я наведваў — Юрый Козыраў. З беларускіх фатографаў магу таксама адзначыць парачку, якія падабаюцца, але не буду называць, каб не зазнаваліся.

hr-p2009

Uladz_Hrydzin_2009Некалі было цяжка выбраць паміж двума захапленнямі. Я выбраў фота і на той момант непамыліўся. Гэта закрыццё зімовага сезону.hr-p

Коцікі, аголеныя дзяўчаты ці непрыкметныя вуліцы?

Як зрабіць прыгожае фота?

У кожнага свае стандарты прыгажосці. У кагосьці — гэта кветкі і коцікі, у кагосьці — аголеныя дзяўчаты, а хтосьці можа з занядбалай вуліцы ці непрыкметнага чалавека зрабіць прыгожы здымак. Гэта я лічу прафесіяналізмам.

Але гэта не значыць, што трэба здымаць толькі занядбалыя вуліцы і непрыкметных людзей. Трэба бачыць прыгожае. А калі не бачыш, то і не здымеш. І настрой трэба адпаведны мець, пажадана станоўчы. Але, вядома, калі збіваюць цябе ці тваіх калегаў, і ты робішся жорсткім, здымкі — такімі ж. А вось негатыўны настрой — твой правал.

Які чалавек можа стаць фатографам?

Фатографам трэба нарадзіцца. Каб ім быць — трэба ўсё бачыць па-свойму. Бо тое, што не заўважаюць іншыя, заўважаеш ты.

hr-p2008

Uladz_Hrydzin_2008Афіцыёз, які я пабачыў на парадзе з нагоды Дня Рэспублікі.hr-p

Система Orphus