29.12.2013

Дзесяціразовы чэмпіён свету па тайскім боксе Віталь Гуркоў прыняў удзел у відэапраекце «Litara-A» і прачытаў вершы Алеся Разанава «Дарэшты» і «Абсяг».

Праект «Litara-A» стартаваў у кастрычніку і хутка стаў даволі папулярным. На сённяшні дзень ужо налічвае каля 30 літаратурных відэазамалёвак,  у якіх моладзь па-беларуску чытае вершы і прозу айчынных ды замежных аўтараў.

Далучаюцца да праекта і вядомыя людзі. Так, музыка і акцёр Vinsent для відэапраекта ў вобразе паэта Анатоля Сыса прачытаў ягоны верш «Паэт».

Галоўная ідэя «Litara-A» — кожны жадаючы можа прымаць непасрэдны ўдзел у дзейнасці праекта і суполкі: прачытайце верш ці прозу па-беларуску на камеру і дашліце відэа адміністратару суполкі.

Найбольшай папулярнасцю ў герояў відэа карыстаюцца творы Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Яўгеніі Янішчыц, Максіма Танка, Ларысы Геніюш і Анатоля Сыса.

Система Orphus