01.04.2014

Юра Маціюн — чалавек, якому падабаецца здымаць людзей у рэальнай прасторы іх жыцця, для якога фота — не прафесія, а захапленне, расказвае пра фотаздымак як дэвальваваную каштоўнасць і небяспечную з’яву.

Я адчуў патрэбу ў даследванні свету і абраў інструментам фотакамеру

Слезацечных гісторый пра тое, як бацька падараваў «Смену — 8М», у мяне не было. Я прыйшоў у фота ў досыць сталым узросце — у 26 гадоў.

Я скончыў БДУ па спецыяльнасці «сацыялогія» і, на жаль, мне не пашанцавала працаваць па спецыяльнасці — у краіне сацыялогія збольшага непатрэбная ў такім выглядзе, як нам распавядалі: вывучаць праблемы грамадства, трансляваць іх і спрыяць яго удасканаленню, паказваючы магчымасці і вылучаючы заканамернасці яго развіцця.

Таму я адчуў патрэбу ў даследванні навакольнага свету і абраў інструментам фотакамеру.

Ствараць кантэкст, які можна набіваць думкамі

Я амаль нічога не ведаў пра беларускае фота і захапляўся вядомымі імёнамі сусветнай фатаграфіі. Потым дазнаўся, што існуюць выдатныя фатографы і ў Беларусі: Уладзімір Парфянок, Сяргей Брушко, Ігар Саўчанка і іншыя — і яны ў асноўным уплывалі на мяне.

Сяргей Брушко — выдатны рэпартажнік і фатограф, які, выконваючы сваю журналісцкую працу, заўсёды пры гэтым заставаўся мастаком. Уладзімір Парфянок можа распавядаць гісторыю, не прыўносячы ў кадр вострых жыццёвых сітуацый, будаваць гісторыю на масах таго ці іншага адцення шэрага. Ён разважае серыямі.

Мне падабаюцца фатографы-мастакі, якія намагаюцца ствараць кантэкст, які любы глядач можа набіваць думкамі, як пер’ем — падушку.

hr-p2013

matiyun_2013

hr-p

Мая фатаграфія больш павольная

Так сталася, фатаграфіяй для мяне — сталае захапленне, а не прафесійная дзейнасць. Таму я працую ў досыць вольным рэжыме, і гэта дадае сваю спецыфіку. Калі людзі, якія працуюць з фота, ловяць добрыя працы ў агульнай плыні сваіх фотаздымкаў, то я гэтыя кадры шукаю доўга і наўмысна, таму мая фатаграфія больш павольная.

Я не намагаюся дакладна адлюстроўваць рэчаіснасць, а спрабую рабіць яе больш пластычнай і дазваляць фотаздымку самому распавядаць гісторыю.

hr-p2012matiyun-2012

hr-p

Фота: тонкае, вострае, небяспечнае

У асноўным, здымкі, якія засталіся ў гісторыі, не адлюстроўваюць карнавалу жыцця, яны даволі сумныя. Напрыклад, фотаздымкі рабоў да грамадзянскай вайны ў паўночных штатах Амерыкі; адныя з першых здымкаў цяжкага жыцця рыбакоў на атлантычным узбярэжжы Англіі, жахі вайны Робэрта Капы…

Гісторыя фатаграфіі — гісторыя захавання найгоршых бакоў чалавецтва, сведкам якіх была фатаграфія. Спачатку яна была цікавым навуковым феноменам, потым сродкам заробка грошай, калі вышэйшыя класы зразумелі, што можна хутка атрымаць свой натуралістычны партрэт. Пасля, калі яе тэхнічнае развіццё дазволіла — сродкам реалістычнай фіксацыі паўсядзённасці, і толькі значна пазней — новым відам мастацтва.

Аглядзіце стужкі навінаў: 90% фотаздымкаў — рэпартажы і паведамленні з месцаў нашай планеты, якія пакутуюць ад войнаў, катаклізмаў… Я не лічу фатаграфію вясёлай рэччу. Фатаграфія — тонкі, востры і небяспечны прадмет.

hr-p2011

matiyun-2011

hr-p

Адзін са спосабаў што-небудзь сказаць

Фатаграфія і візуал цяпер вельмі дэвальваваныя. Калі ёсць інстаграм, кожны фатограф. Цяпер фатаграфія — проста адзін са спосабаў выказаць сваю думку і паведаміць пра пэўны факт рэчаіснасці, і не трэба ставіць яе на п’едэстал і вылучаць сярод іншых жанраў мастацтва.

Вядома, як зброя інфармацыйных войн і прапаганды фатаграфія дагэтуль каштоўны здабытак, бо дакладна адбівае рэчаіснасць, таму для рэпартажнікаў і журналістаў яна дагэтуль асноўны сэнс і поле працы.

Я лічу, што для чалавека, які скіраваны карыстацца фатаграфіяй у больш мастацкім сэнсе, фатаграфія ўжо перастала быць святой каровай. Трэба ставіцца да яе сэнсу і інструментаў з павагай і спрабаваць міксаваць яе с іншымі мастацкімі стродкамі, і тады, магчыма, атрымаецца стварыць нешта атмасфернае. Я — за эксперыменты.

hr-p2010

matiyun-2010

hr-p

Фатаграфія не вучыць

Фатаграфія нічому не вучыць, яна візуалізуе вашыя перадустановы, атрыманыя падчас выхавання і сацыялізацыі.

Калі б нехта меў магчымасць паглядзець вашымі вачыма хаця б дзень, пра вас адразу б усё зрабілася зразумела — на што вы звяртаеце ўвагу, як вы разглядаеце рэчы і людзей, на чым вы фіксуеце свой позірк.

А тут вы прапануеце сваё бачаньне праз вашую фатагафію, фактычна прапануеце іншым вашыя вочы — і пра вас таксама адразу зразумела, хто вы і чаго варты. Фатаграфія раскладае вас перад іншымі людзьмі, як калоду карт.

hr-p2009

matiyun-2009

hr-p

Дзьве плыні, якім вучыць фота

Чым больш глядзіш навокал праз камеру, тым больш робіцца прага па чым-небудзь, што выбіваецца з шэрых будняў. Можна, вядома, прывезьці выдатных трэвэл-фотак зь іншага краю света, але больш цікава выціскаць штосьці з той зямлі, часу і асяродку, у якім ты тут і цяпер, са звычайных момантаў жыцця.

Калі робіцца не цікава глядзець навокал, і ўсё падаецца сумным, а высілкі бачыць прыгажосць — марнымі, колькасць позіркаў перараджаецца ў якасць бачаньня— гэта першая плынь, якой мяне вучыць фота.

Калі ты займаешся чым заўгодна, але з вялікай зацікаўленасцю, то з’яўляецца патрэба самаадукацыі. Напрыклад, калі я знаходжу выдатны здымак, то пачынаю шукаць інфармацыю пра яго, чытаць пра аўтара, пра той час, калі яго зрабілі, параўноўвать тагачасную семантыку здымка з яго сучасным разуменнем. Гэта другая плынь: займацца самаадукацыяй. Калі ведаеш больш, можаш і больш выказаць праз тое ж фота.

20-30 здымкаў — усё, што застаецца пасля чалавека, які займаецца фота

Адно з маіх самых моцных захапленняў — набываць альбомы фатографаў, мастакоў, жывапісцаў.

Калі вы бачылі 500 фотаздымкаў за дзень, напрыклад, у сеціве, вы можаце ўзгадаць толькі тыя, што дакрануліся да вас, нават калі не разумееце, чым: кампазіцыяй, колерамі ці сюжэтам.

Я заўважаю, уважліва разглядаю толькі тыя здымкі, якія чапляюць маё вока.
Быў так японскі фатограф Набуёшы Аракі (Nobuyoshi Araki). Ён наогул маньяк: прыходзіў дадому штовечар і праяўляў дзясятак стужак — 360 кадраў, друкаваў кніжкі таўшчынёй 1000 старонак.

А калі вы пашукаеце інфармацыю пра Набуёшы Аракі, то знойдзеце 20-30 самых яго вядомых здымкаў. Гэта ў большасьці выпадкаў усё, што застаецца пасля чалавека, які займаецца фатаграфіяй.

Кароткая біяграфія

Нарадзіўся ў 1980 годзе ў Беларусі. Па адукацыі сацыёлаг, скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт. Займаецца фатаграфіяй з 2006. Асноўныя напрамкі — дакументальнае фота, стрыт-фота, арт-фота. Як фатограф-антраполаг працуе ў этнаграфічных экспедыцыях, арганізаваных гуртом «Акана», кампаніяй «Будзьма беларусамі!» і музычнай кансерваторыяй Санкт-Пецярбургу.

Аўтар артыкулаў і фотаздымкаў для беларускага фатаграфічнага вэб-альманаха «Фотаскоп». Каля 10 работ знаходзяцца ў калекцыі Беларускага універсітэта культуры і мастацтваў.

Персанальны сайт: matiyun.com.

Система Orphus