27.05.2014

«Арт Сядзіба» прадстаўляе новы дакументальны фільм «Ад ідэі да падзеі — 2». Ён прысвечаны жыццю пляцоўкі на Інструментальным завулку, падзеям, што адбываліся там за апошнія паўгода, а таксама людзям і з’явам звязаным з «Арт Сядзібаю». 

Гэта трэці дакументальны фільм, створаны камандай «Арт Сядзібы» за апошнія два гады. Васьміхвілінная стужка «Ад ідэі да падзеі — 2» ахапіла ўсе найбольш значныя і яскравыя мерапрыемствы ды праекты, якія зладзіла «Арт Сядзібы» і выпускнікі школы арт-менеджараў за апошнія шэсць месяцаў.

Гледзячы на ўсе апошнія дасягненні, можна з упэўненасцю сказаць, што «Арт Сядзіба» — гэта не проста пляцоўка, а ўжо цэлая з’ява ў сучаснай беларускай моладзевай і культурнай прасторы.

У стужцы гучыць «Apošniaja piesnia» гурта «Sciana». Больш падрабязна з узгаданымі ў фільме праектамі можна пазнаёміцца ніжэй.

 

«Heta Svajo»

Prajekt «Heta Svajo» — novaj sprobaj prasoŭvańnia biełaruskaj movy j kultury ŭ hramadztva. Hetym razam abjektam prasoŭvańnia staŭ biełaruski łacinski pravapis. Pakul što staŭleńnie da jaho nie vielmi adnaznačnaje, tamu varta pakazvać, što łacinka taksama zjaŭlajecca varyjantam zapisu biełaruskich słovaŭ, pryčym hetaja tradycyja zjaviłasia na Biełarusi 500-600 hadoŭ tamu.

 

«Стэндап-Кавярня»

Стэндап — адзін з найпапулярнейшых гумарыстычных жанраў у свеце, цяпер гучыць у Мінску і па-беларуску. У лютым стартавала першае беларускамоўнае гумарыстычнае шоў «Стэндап-Кавярня».

 

«Паэты жывуць у песнях»

Дыск «Паэты жывуць у песнях» стаў вынікам аднайменнага музычнага конкурсу, які быў задуманы як спроба сабраць у адным месцы спевы беларускіх выканаўцаў, напісаныя на вершы айчынных паэтаў.

З некалькіх дзесяткаў дасланых песень на вершы сучасных і класічных беларускіх паэтаў галасаваннем слухачоў ды адзнакамі журы былі абраныя 16 лепшыя творы, якія і склалі дыск.

Складанка «Паэты жывуць у песнях»
(спампаваць адным файлам)

1. VOLK – О Беларусь, о чайка белая (сл. В. Дайнэка)
2. Tesaurus – Ерусалім (сл. Р. Барадулін)
3. Bosae Sonca – Псіхіятрычная (сл. А. Сыс)
4. Нельга забыць – Масква – Вечнасць (сл. У. Караткевіч)
5. Bigi – Можа быць (сл. А. Плотка)
6. Leibonik – Птэрадактыль (сл. В. Лупасін)
7. Сон-трава – Ты пакліч мяне (сл. Я. Янішчыц)
8. С. Макей – Наша мова (сл. А. Ставер)
9. Т. Салаўёва – Парыжанін (сл. В. Кустава)
10. Раман Яраш & Цімур Рэйзіс – Рыбіна (сл. А. Разанаў)
11.Фёдар ДАРАФЕЙ Жывалеўскі – У храме незямным (сл. Н. Арсеннева)
12. The Road Dogs – I’m Belarusman (сл. Я. Купала)
13. Sprat – Беларускае сэрца (сл. Л. Геніюш)
14. vs(rip) – Быў. Ёсць. Буду. (сл. У. Караткевіч)
15. M.G. – К чорту гарэлку (сл. Л. Геніюш)
16. Wartha – Паўстань (сл. Я. Купала)

 

«Дакраніся да вытокаў»

У сакавіку «Арт Сядзіба» распачала шэраг культурна-асветніцкіх сустрэч пад агульнай назвай «Дакраніся да вытокаў», якія былі прысвечаныя традыцыйнай беларускай культуры: народныя святы, беларускія стравы, танцы і арнамент.

Адну з лекцый, прысвечаную ўяўленням нашых продкаў аб нябесных свяцілах, правёў у «Арт Сядзібе» Цімафей Авілін — навуковы супрацоўнік Акадэміі навук Беларусі, даследчык этнаастраноміі

 

Беларуская настолка «Разам!»

«Разам!» — гэта настольная гульня, створаная для таго, каб у кампаніі сяброў можна было весела бавіць час па-беларуску. Першы наклад гульні, выдадзены пры падтрымцы «Арт Cядзібы».

 

Школа культурніцкага фатографа

Праект стартаваў 23 лютага ў Арт Сядзібе. Школа была разлічаная на фатографаў-аматараў, а таксама тых, хто жадае бліжэй пазнаёміцца з асаблівасцямі працы фатографа-рэпартажніка.

Пазнаёміцца з вынікамі школы — фотарэпартажамі яе ўдзельнікаў з разнастайных мерапрыемстваў можна ў раздзеле «Фота».

fota_art_siadziba

 

Школа арт-менеджараў у Вільні

З 26 па 28 сакавіка «Арт Сядзіба» разам з моладзевай асацыяцыяй «StudAlliance» праводзілі Школу арт-менеджараў у Вільні. Мерапрыемства праходзіла пры падтрымцы Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

 

Іншыя дакументальныя фільмы «Арт Сядзібы»

Першы дакументальны фільм «Арт Сядзіба. Ад ідэі да падзеі», які выйшаў у траўні 2012-га года, быў прысвечаны ўзнікненню пляцоўкі і існаванню ў былых вытворчых памяшканнях заводу «Гарызонт» на Куйбышава 22.

У гэтым фільме стваральнікі «Арт Сядзібы» распавядаюць пра свае першыя поспехі і планы, а наведнікі пляцоўкі пра ўражанні і чаканні ад месца.

Другі дакументальны фільм «Мова. Музыка. Маладосць», які выйшаў ў лістападзе 2012-га года, на сённяшні дзень толькі на афіцыйным youtube-канале «Арт Сядзібы» паглядзела 8,5 тысяч чалавек.

Фільм прысвечаны развіццю беларускамоўнай альтэрнатыўнай музычнай плыні ад яе зараджэння да сённяшніх дзён. Гэта дакументальная гісторыя фарміравання, развіцця і жыцця беларускамоўнай музычнай творчасці за апошнія трыццаць гадоў з цікавымі фактамі, незабыўнымі гісторыя і расповядамі ўдзельнікаў тых падзей.

Фільм таксама быў прэзентаваны ў сакавіку 2013-га ў Польшчы, таму яго можна глядзець і з субтытрамі на польскай мове.

 

Будуем «Арт Сядзібу» разам!

У траўні «Арт Сядзіба» пакінула памяшканне ў Інструментальным завулку, але, як бачыце, сваю дзейнасць не спыніла. Працягваецца таксама і кампанія па збору сродкаў для далейшага існавання пляцоўкі.

Агульная сума сабраных сродкаў на сайце кампаніі «Будуем “Арт Сядзібу” разам!»  перавысіла ўжо 7200 даляраў, што складае амаль 1500 цаглінак на віртуальных сценах дома.

dom_artsiadziba

Система Orphus