31.05.2014

Верш «Асцярожна – лістапад» Генадзь Бураўкін адмыслова выбраў для Пятра Клюева, каб той напісаў на яго песню. Пётр 28 траўня прэзентаваў музычную праграму на вершы Генадзя Бураўкіна, а праз два дні паэта ня стала.
Праграма ўжо не раз выконвалася, але для студыйнага запісу музыка яе яшчэ толькі рыхтаваў. Адразу пасля развітання з паэтам, сёння, 31 траўня Пётр Клюеў пайшоў на студыю і запісаў пад фартэпіяна песню «Асцярожна — лістапад».

Гэты і некалькі іншых невядомых вершаў Генадзь Бураўкін адмыслова выбраў для Пятра Клюева, каб той напісаў на іх музыку і выконваў на сваіх канцэртах. Верш «Асцярожна – лістапад» ніколі не публікаваўся раней і знаходзіўся ў прыватнай калекцыі паэта.

Асцярожна – лістапад. Асцярожна…
Закружылася мяцеліца жоўтая.
Я хачу, каб да мяне сёння
Хоць на міг, хоць у сне
Прыйшоў ты.

Асцярожна – лістапад. Асцярожна…
Гэта падаюць мае пісьмы.
Так баюся, каб у свеце прасторным
Мы з табою, мілы мой,
Не разыйшліся.

Асцярожна – лістапад. Асцярожна…
Гэта Лета маё аблятае.
І стаю я пасярод восені
Твая тонкая бярозка залатая.
Асцярожна – лістапад. Асцярожна…
Асцярожна – лістапад. Асцярожна…

Радыё Свабода падрыхтавала відэаверсію выступу Пятра Клюева і яго гурта 28 раўня ў Loft Cafе, у якім прагучала праграма на вершы Генадзя Бураўкіна, у тым ліку і песня «Асцярожна – лістапад».

Система Orphus