04.06.2014

Каб пагаварыць аб нацыянальным у беларускай архітэктуры, журналістка «Арт Сядзібы» Ганна Валынец сустрэлася з аўтарам праекта мультыкамфортнага дома ў Дзяржынску архітэктарам Аляксандрам Кучаравым.

«Вы едзеце ў Еўропу, і вас цікавіць яе аўтэнтычнасць»

Глабалізм ёсць ва ўсіх сферах жыццядзейнасці чалавека, сучасныя кубы замяняюць аўтэнтыку:

«Праблема архітэктуры, на мой погляд і погляд многіх маіх калег, у тым, што яна не прывязаная да кантэксту, — кажа Аляксандр Кучаравы. — Вы едзеце ў Еўропу, і вас цікавіць яе аўтэнтычнасць, намагаецеся есці мясцовую ежу, а не ідзеце ў МакДональдс. Тое ж з архітэктурай. Мне, напрыклад, у Дзяржынску было б прасцей зрабіць сучасны куб, і была б перамога розуму — крытыкаваць няма чаго, дом сучасны і ўсё ідэальна, ура. Але на кафедры „Дызайн архітэктурнага асяроддзя“ архітэктурнага факультэта БНТУ вучылі працаваць з асяродкам, шукаць у ім тое, да чаго можна прывязацца. І гэта трэба падкрэсліць».

multykamfortny-dom

«Чаму ўсё беларускае ўспрымаецца як калгас?»

Адна з прычынаў такой сітуацыі, па словах архітэктара, тое, што «ў нас усё беларускае ўспрымаецца грамадствам як калгас, арнаменты — вёска, другі гатунак. Мы ўспрымаем свае карані як другагатункавае, і гэта самая вялікая праблема нашага грамадства».

Аляксандр праводзіць аналогію з Польшчай: мець народныя матывы ў сваёй вопратцы лічыцца ў іх добрым тонам, як і ў суседняй Украіне: «На афіцыйных мерапрыемствах можна заўсёды сустрэць людзей у традыцыйных кашулях з арнаментамі. І гэта вельмі файна!»

У нас жа нацыянальнае часцей з’яўляецца не прыкметай добрага тону, а пазіцыяй, і прыкладам таму мова, якая, на думку Алякандра, на жаль не з’яўляецца проста сродкам зносін ці перадачы інфармацыі, а ізноў жа, пазіцыяй.

Як пасля вайны вырашалі праблемы эстэтыкі

«Зараз ідзе станаўленне беларускага стылю», — мяркуе Аляксандр. На яго думку, такое фармаванне мусіць пачынацца з простай павагі да сваіх каранёў, тым больш што перадумовы ёсць. Беларускія этнаграфічныя арнаменты, у якіх увесь свет нашых бабуль і наш, — крыніца натхнення для архітэктара, іх формы вельмі добра ўпісваць у інтэр’еры, экстэр’еры, будаўнічыя элементы.

З таго, што было пабудавана ў Беларусі, герою падабаюцца элементы пасляваеннай забудовы — арнаменты ў цаглянай кладцы.

dom z arnamentam

«Гэта геніяльна: з мінімальнымі выдаткамі энергіі вырашаныя праблемы эстэтыкі. Пасля вайны грошай не было, былі толькі белая і чырвоная цэгла, і звяртаннем да арнаментаў дасягалася эстэтыка будынка».

Зараз таксама сустракаюцца новазбудаваныя цагляныя дамы з аналагічнай кладкай.

 

SONY DSC

Таму што «тэрміны», таму што «інвестары»…

Перашкодай для фармавання беларускага стылю ёсць адвечнае пытанне грошай. У ВНУ любы студэнт-архітэктар перад падрыхтоўкай праекта мусіць рабіць вывучэнне асяродку аб’екта, гісторыі і каларыту мясцовасці ў межах сваёй навукова-даследчай працы. А пасля ВНУ на гэта не хапае часу, таму што «тэрміны», «інвестары» і шмат іншых «таму што».

«У працэсе такіх даследванняў вы можаце знайсці думку і нешта, што вас натхніць на яе адлюстраванне ў праекце. І тут з’яўляецца сэнс.

Сёння я бачу, што архітэктура мусіць быць архітэктурай сэнсу, а не формы.

Я бачу, што хутка будзе экалагічная рэвалюцыя, цаніць пачнуць не толькі прыгожыя фасад і інтэр’ер, але і змест: экалагічнасць (бо дамы спажываюць 40% усёй энергіі ў свеце), камфорт і сувязь з гісторыяй. Архітэктура — гэта адказнасць».

dom u dziarzynsku-1

Рыхтуючы праект дома ў Дзяржынску, Аляксандр натхняўся кнігай этнографа і даследчыка Міхаіла Кацара «Беларускі арнамент».

dom u dziarzynsku

У еўрапейскай спецыфікацыі для ацэнкі дома ў Дзяржынску, у якім архітэктар увасобіў свае ідэі, ён убачыў падцверджанне свайго бачання: адзін з пунктаў быў пра тое, наколькі ў дадзеным будынку і архітэктуры ўжываюцца архітэктурныя традыцыі дадзенага асяроддзя.

Система Orphus