krukouski_pahonia
13.11.2014

21 лістапада а 18.30 у «Арт Сядзібе» (пр-т Незалежнасьці 58, 4-ты паверх, пам. 430) адбудзецца творчая сустрэча са слынным беларускім мастаком-плякатыстам, адным з аўтараў дзяржаўнага герба «Пагоня» — Уладзімерам Крукоўскім. Сустрэча прымеркаваная да выставы плякатаў спадара Ўладзімера, якая месьціца ў «Арт Сядзібе».

Напярэдадні сустрэчы, Аляксей Сапрыкін завітаў да спадара Ўладзімера і пагутарыў зь ім наконт выставы.

majsternia

Спадар Уладзімер, што для вас значыць гэтая выстава?

— Для мяне гэтая выстава значыць толькі тое, што мае працы жывуць, таму што яны амаль два гады праляжалі без руху. Раней было шмат выставак. А цяпер у іх няма запатрабаваньня. Хаця я заўсёды для сваіх плякатаў абіраў вечныя тэмы. Вось, напрыклад, сытуацыя вакол беларускай мовы. На выставе прадстаўлены плякаты на моўную тэматыку, выкананыя трыццаць гадоў назад. Палепшылася што-небудзь — не! Значыць плякат жывы і адпавядае сёньняшняй сытуацыі. Таму, я вельмі рады, што «Арт Сядзіба» зацікавілася маімі працамі і выставіла іх у сябе.

zdjęcie 1

Спадар Уладзімер таксама адзначае, што гэта вельмі добра, калі творца мае доступ да аўдыторыі, а таксама лічыць, што калі чалавек робіць нешта, але нікому гэта не паказвае — то сэнсу займацца творчасьцю проста няма.

На выставе прадстаўлены плякаты на розныя тэматы: сатырычна-філязофскія, прысьвечаныя выбітным беларусам, юбілеям. Але ёсьць і афішы спэктакляў ды канцэртаў. Гэта рабілася па замове ці не?

— Гэта былі і замовы, і тое, што называюць унутраным рухам. У гэтым пляне, вельмі характэрна гісторыя афішы да опэры «Сівая легенда», створанай у 1978 годзе. Я, на той час, быў ужо вядомым мастаком. І мяне папрасілі зрабіць афішу да гэтай опэры. Я згадзіўся, бо гэта опэра была напісана Дзьмітрыем Смольскім паводле аповесьці Ўладзімера Караткевіча. І вось прынёс я эскіз афішы на мастацкую раду ў опэрны тэатар. Паглядзелі чальцы рады і кажуць: «Зачем нам этот крест?» Я ж адказваю, што ніякі гэта не крыж, гэта меч. Ці ж я вінаваты, што ён мае крыжападобную форму? Пасьля яшчэ некалькіх заўвагаў з боку камісыі, у мяне зьявілася ўражаньне, што яны не чыталі Караткевіча! Тады, я забраў гэты эскіз, зрабіў зь яго плякат і, потым, выставіў яго ў мастацкім музэі. Пасьля гэтага выпадку, гэты плякат яшчэ разоў дзесяць рэпрадукавалі ў часопісах, кнігах і шмат дзе яшчэ. Але сапраўданага плякатнага жыцьця ён так і не атрымаў. Бо плякат, у адрозьненьні ад карціны, жыве ў накладзе — калі ён надрукаваны і распаўсюджаны.

zdjęcie

— Але афішы я рабіць не люблю. Яны вымушаюць, задаюць канкрэтныя межы. Ты не вольны выбіраць — «крок улева, крок управа — растрэл». Твор можна папросту «зарубіць». А ва ўласных працах межаў няма. Я сам выбіраю які плякат мне зрабіць, якія думкі ў ім адлюстраваць. А калі плякат удалы, то я ўжо магу падзяліцца сваім сьветапоглядам з гледачамі.

Сярод сваіх працаў, спадар Уладзімер ніякай выдзеліць не можа, кажа: «Яны ж як дзеці мае! Калі якую-небудзь выдзелю, то іншыя пакрыўдзяцца». Мастак адзначае, што некаторыя працы даюцца лёгка, а над некаторымі даводзіцца працаваць працяглы час. Бывае, што кампазыцыя цалкам прыходзіць у галаву, а бывае, што мастак шукае варыянты, але нічога не атрымліваецца. У спадара Ўладзімера такіх эскізаў захоўваецца каля паўтысячы асобнікаў на розныя тэматы.

Спадар Уладзімер, чаго чакаць на прэзэнтацыі вашай выставы?    

— Не будзе ніякіх урачыстых прамоваў. Прашу мяне разглядаць як экспанат выставы, такі ж, як і гэтыя плякаты! На маю думку, папросту будзе гаворка з гледачамі ў форме пытаньняў і адказаў.

zdjęcie 3

Не маглі мы не спытаць і пра «Пагоню». Сам мастак лічыць, што іхні зь Яўгенам Куліком варыянт гербу папросту зьяўляецца варыянтам канца ХХ стагодьдзя. Але, мастак падкрэсьлівае, што існуюць пэўныя прыкметы, якія робяць звычайны малюнак «Пагоняй». Гэта збройны рыцар, менавіта рыцар, а ніхто іншы. У яго мусіць быць толькі меч, а не шабля, шпага ці рэвальвер. І, безумоўна, рыцар павінен знаходзіцца ў стане руху — у пагоні. Што да каня, то ён мусіць быць толькі белым. Менавіта так занатавана ў летапісах. Яшчэ адной абавязковай прыкметай Уладзімер Крукоўскі лічыць прысутнасьць у левай руцэ рыцара шчыта і выявы шасьціканцовага хрысьціянскага крыжа. Таму, любы малюнак, зроблены на падставе названых прыкметаў і можа лічыцца «Пагоняй».

Да сучасных моладзевых варыянтаў «Пагоні», спадар Уладзімер адносіцца спакойна. Мастак лічыць іх жартаўлівымі.

«Хоць на ровары, хоць на вярблюдзе: я ніколі на гэта не пакрыўджуся. Галоўнае, каб гэта не была карыкатура» — кажа мастак.

Дарэчы, цяпер Уладзімер Крукоўскі, разам са сваімі калегамі, рыхтуе адысловы альбом, які мае працоўную назву «1000 і 1 пагоня», у якім сабраныя ўнікальныя выявы невядомых да гэтага часу.

Запрашаем 21 лістапада на творчую сустрэчу са спадаром Уладзімерам, дзе можна будзе даведацца яшчэ больш цікавых фактаў і паслухаць унікальныя гісторыі з вуснаў самога аўтара.

Сустрэча абдудзецца ў «Арт Сядзібе» (пр-т Незалежнасьці 58, 4-ты паверх, пам. 430). Пачатак а 18.30.

Система Orphus

каментары:

    жана / Reply
    14.11.2014 / 07:52

    Цікава…,а ці ёсць у мтакога мастака ягоныя навучэнцы – паплечнікі?Бо зараз у АМ студэнтам выкладчыка такога узроуню і маштабу не хапае!!!!

      Вікторыя / Reply
      15.11.2014 / 02:49

      У гэтым артыкуле Зянона Пазьняка ў прадапошнім абзацы гаворыцца пра тое, як У.Крукоўскі хоча прысябяціць вялікую працу Яўгена Куліка “Пагоня”. Гэта быў скандал, які пайшоў са старонак НН. Выказаліся і мастакі супраць. Была група Пагоня, якая займалася распрацоўкаю, спытайце ў таго ж Купавы. Заўжды лічылася “Пагоня” Куліка, бо больш 80% працы зрабіў ён. Сумна. Спасылкі на НН знайду і скіну сюды. Ніяк ня супакоіцца чалавек, так славы хоча.

Дадаць каментар

 

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

CAPTCHA image