20.02.2015

Настольныя гульні — новы сучасны трэнд, які хутка набывае папулярнасць ў нашай краіне. Зміцер Афанасенка, беларускі спявак поп-панк гурта AMAROKA, вырашыў зрабіць непрадказальнае — настольную гульню з асацыяцыямі «Казачнік» па-беларуску. Якім чынам музыку прыйшла такая цікавая ідэя і якой будзе гульня мы запыталіся асабіста ў Змітра.

— Зміцер, як Вам, сталічнаму панк-рок музыку, прыйшла ідэя зрабіць настольную гульню?

— Так апынулася, што я стала працую ў краме symbal.by і займаюся дызайнамі розных рэчаў. Я заўважыў, што апошнім часам настольныя гульні па-беларуску, якія ёсць у нас у наяўнасці, карыстаюцца добрым попытам. Тады я і падумаў, што было бы класна задаволіць попыт і распрацаваць яшчэ некалькі займальных настолак: не проста такіх, каб кубікі кідаць і хадзіць па полі, а каб была разынка.

Я параіўся са сваім сябрам Мішам Шэстакам (гітарыст гурта AMAROKA – аўт.), вялікім аматарам настолак і мы прыйшлі да высновы, што адна з новых гульняў можа быць заснаваная на адным цікавым алгарытме, дзе падлік балаў ідзе не па кубіках, а па адмыслова распрацаваных правілах з выкарыстаннем асацыятыўных картак. Мне падалося, што гэта выдатная ідэя — зрабіць такую гульню па-беларуску.

Наступнай ідэяй было выкарыстаць для гульнявых картак працы беларускіх мастакоў, бо беларускія мастакі даволі мала вядомыя ў Беларусі і часцей папулярныя за мяжой. Потым, таксама з дапамогай сяброў, я знайшоў некалькі сайтаў, дзе тусуюцца мастакі і выстаўляюць свае працы. Доўга сядзеў шукаў канцэпцыю і калі зразумеў, як мусяць выглядаць карткі, напісаў шэрагу мастакоў, чые працы найбольш пасавалі пад ідэю гульні. Спытаў дазволу на супрацоўніцтва і ці цікавы ім такі варыянт папулярызацыі іхняй творчасці, патлумачыў, што працы будуць аформленыя ў карткі для настольнай гульні. Аднак не ўсе пагадзіліся, і не ўсе змаглі ўдзельнічаць у такім праекце: у кагосьці банальна не хапала якаснага скану прац, каб стварыць добрыя карткі. У выніку засталося некалькі. Апынулася, што пагадзіліся чатыры вельмі цікавыя мастакі, якія, дарэчы, добра вядомыя за мяжой.

Такім чынам картак хапала на першапачатковую, трошачкі скарочаную версію, і тады я зразумеў, што гульня мусіць быць створана, бо было ўжо самае важнае —  карткі для асацыяцый, на якіх трымаецца ўся настолка. У працэсе прыйшла і назва  — «Казачнік». А далей ужо было проста – я сустрэўся са знаёмай дызайнеркай Наташай Аксіновіч, прапанаваў ёй ідэю, і мы адразу селі і накідалі ўсю канцэпцыю. Два месяцы ўжо працуем.

DSCN3595 (Копировать)

— Вядома, што гэта не першая беларускамоўная настольная гульня?

— Так. Сёння ёсць некалькі выдадзеных гульняў. Самай першай настолкай выйшла два гады таму — «Паўстанцы». Таксама ёсць эпічная гістарычная настолка «1514», створаная арт-студыяй pras.by. Яшчэ ёсць «Разам» — вельмі займальная гульня, у якой трэба адгадваць словы. У ёй дарэчы вельмі цікавы алгарытм, які дадае багата азарту. Нядаўна выйшла гульня  «Яшчарка». «Казачнік» ужо будзе чацвертай настольнай гульнёй на мове.

— Чаму гульня завецца менавіта «Казачнік»? Які яе фармат?

 Назва была прыдуманая невыпадкова. Алгарытм такі, што ўвесь час ход пераходзіць ад гульца да гульца, які становіцца вядучым і расказывае астатнім асацыяцыю на адну са сваіх картак. Тады я падумаў, што чалавек, які нешта кажа і ёсць «казачнік». Гэта такая своеасаблівая гульня словаў. Такім чынам на вокладцы мы змясцілі казу з баянам, якая нешта нібыта распавядае. Настолка «Казачнік» зроблена вельмі маляўніча і можа паказацца трошачкі дзіцячай гульнёй, але мне падаецца, што яна спадабаецца пераважна дарослым.

DSCN3612 (Копировать)

— У такім выпадку на які ўзрост разлічана гульня і колькі гульцоў патрэбна?

— Гульня разлічана на ўзрост ад 8 гадоў. Колькасць гульцоў можа быць ад трох да шасці чалавек.

— Ці можна сказаць, што канцэпцыя гульні — папулярызацыя беларускіх масткоў?

— Можна сказаць, што асноўная канцэпцыя «Казачніка» — гэта настольная гульня па-беларуску для развіцця камунікацыі і мыслення па-беларуску. Гэтая гульня для тых, хто толькі робіць першыя крокі па-беларуску. Ну і канешне, для звычайных аматараў настольных гульняў. Гэта проста — ты шукаеш асацыяцыю і не трэба будаваць вялікія сказы ці апавяданні. Скажы слова па-беларуску — пачні з гэтага!

— Якія правілы гульні?

— З правіламі складаней. Але у двух словах можна сказаць так: гульцы падбіраюць асацыяцыі да сваіх картак і адгадваюць карткі іншых гульцоў. Разам з правіламі ў гульне ёсць прыклад, а таксама тлумачэнне складнікаў, хадоў, падліку балаў, пост-картак, я́к завяршаецца гульня і хто выйграў. Тут усё проста — калі больш няма картак, тады і гульня скончылася ці нехта першы дайшоў да канца поля.

Таксама ў «Казачніка» закладзены альтэрнатыўныя правілы, каб было цікава змяніць яе і гуляць па-іншаму. Балы налічваюцца не проста за адгадку карткі казачніка, але і за тое, што яе ніхто не адгадаў, такім чынам спачатку правілы здаюцца не вельмі простымі. Перачытайце, разбярыцеся як гуляць і вам стане вельмі цікава. Раю таксама першы час проста трымаць правілы перад вачыма.

DSCN3610 (Копировать)

— Працы якіх мастакоў будуць у гульне?

— Будуць працы чатырох беларускіх мастакоў. Малюнкі Ганны Сілівончык — мастачкі, працы якой выстаўляюцца часта за мяжой. Так атрымалася, што картак з яе малюнкамі ў гульне больш за ўсё. Таксама ўдзельнічаюць Галіна Іванова, Павел Кульша і Юры Падвербны. Дарэчы, у гульню ўключаны аркуш з кароткімі творчымі біяграфіямі і кантактамі мастакоў. Таксама будзе спасылка на электронную пошту гульні — любы жадаючы можа даслаць нам нейкія прапановы, заставіць свой фідбэк.

На электронны адрас  «Казачніка» (kazacniku@gmail.com) могуць пісаць таксама мастакі, якія захочуць у будучым з намі супрацоўнічаць. У гульні — 72 карткі з малюнкамі. Але яе можна дапаўняць новымі, таму я вельмі рады і заклікаю да супрацы.

— Хто займаўся афармленнем гульні і дызайнам?

— Усё афармленне рабіла дызайнерка Наташа Аксіновіч. Яна робіць таксама крутыя дзіцячыя кашулькі з прынтамі, распісвае талеркі і аднойчы мне вельмі спадабалася адна вось такая талерка з выявай казы з баянам. Прайшоў час і калі прыйшла ідэя рабіць гульню, я ўзгадаў гэты малюнак. І адразу запытаўся ў Наташы: «Ці хочаш папрацаваць над афармленнем?»

Напачатку мы мелі толькі контуры намаляванай казы, але потым ужо дызайнерка ўсё дапрацавала і на такім падмурку гэтага лога зрабіла вокладку разам з астатнім відам «Казачніка».

DSCN3607 (Копировать)

— Калі выйдзе гульня ў продаж і дзе можна будзе яе набыць?

— Прэзентацыя гульні адбудзецца 22 лютага на свяце «Свяце роднай мовы», а ўжо з панядзелку яе можна будзе набыць у крамах symbal.by і prastora.by. Пакуль кошт невядомы, таму што яшчэ ідуць перамовы з друкарняй. Але я думаю, што ён будзе недзе ў тых жа межах, як і на астатнія настолкі.

Я хацеў бы сказаць некалькі словаў людзям, якія таксама цікавяцца настольнымі гульнямі. Калі ласка, стварайце свае гульні, распрацоўвайце альтэрнатыўныя правілы, гуляйце шумнымі кампаніямі!

Калі хто мае цікавыя ідэі, то прыходзьце ці проста пішыце нам на скрыню (kazacniku@gmail.com), мы паспрабуем дапамагчы парадай, альбо паспрабуем распрацаваць нешта новае супольна. Гульні — гэта заўсёды цікава, гэта сапраўдны афлайн-кантакт паміж людзі. Я за такія «жывыя» стасункі!

Система Orphus