22.03.2016

18 сакавіка ў клубе «Loft» не было дзе яблыку ўпасці – столькі народу прыйшло на «ArtSiadziba Forum ці Дзень вышымайкі» — імпрэзу, арганізаваную «Арт Сядзібай» з нагоды прэзентацыі новых праектаў.

Сёлета «Арт Сядзіба» як ніколі раней чакае новых сяброў і партнёраў. Некаторыя з іх наведалі ArtSiadziba Forum — афіцыйную частку мерапрыемства, якая пачалася з выступу Паўла Белавуса. «Мы вырашылі зрабіць грамадскі эксперымент. Мы адкрыта публікуем план з 12 праектаў, якія хочам запусціць і рэалізаваць у 2016-м годзе, але шукаем партнёраў, спонсараў, інвестараў і мецэнатаў», — падсумаваў дырэктар «Арт Сядзібы» Павел Белавус.

DSC_0061 (Копировать)

Пра поспехі, урокі і высновы працы крамы «Symbal.by» у інтэрнеце распавёў Мікіта Броўка. Напрыклад, пасля размяшчэнне ў пабліках «Symbal.by» і «Арт Сядзібы» інфармацыі пра срэбныя ўпрыгожанні з беларускімі ўзорамі, партыя вырабаў ювелірнай сеткі «Alte» разышлася за лічаныя дні. І такіх паспяховых прыкладаў у крамы «Symbal.by» вельмі шмат.

Павел Дарохін з «Беларускага саюза дызайнераў» прадставіў праект «Тутэйшы дызайн у асобах і рэчах». Прыстаўка «Эльф» берасцейскага прадпрыемства «Цветотрон», радыёпрымач «Мінск», электрагітара з Барысаўскай фабрыкі музычных інструментаў – прадметы паўсядзённасці аб’ядноўваюць не горш за вышыванку і арнамент. «Беларускі саюз дызайнераў» стварае каталог папулярных у побыце рэчаў, якія ў розныя гады выпускалі ў Беларусі.

DSC_0091 (Копировать)

Цяпер дызайнеры прымаюць прапановы рэчаў, іх якасныя фота, а таксама шукаюць валанцёраў для напісання кароткіх тэкстаў. «Асабліва нас цікавяць рэгіёны, бо шмат чаго арыгінальнага можна знайсці ў краязнаўчых музеях», — заўважыў Павел Дарохін.

«Арт Сядзіба» будзе асвятляць ход праекта ды прыме ўдзел у арганізацыі прэзентацыі каталогу.

Дарэчы, не быў бы дызайнер самім сабой, калі б не з’явіўся на публіцы ў цішотцы ўласнай вытворчасці. На грудзёх Паўла прыгажэла выява ўласнай кардыяграмы, намаляваная на манер арнамента і з подпісам «Беларусь у сэрцы».

DSC_0114 (Копировать)

Яўген Міхасюк з «Цэнтра развіцця студэнцкіх ініцыятыў» распавёў пра Першую народную стыпендыю Беларусі імя Аркадзя Смоліча. Гэта грашовая дапамога для студэнтаў, якая складаецца з ахвяраваных сродкаў менавіта беларускіх арганізацый і грамадзян. «Арт Сядзіба» — сярод заснавальнікаў гэтай стыпендыі. Атрымаць яе могуць маладыя людзі, што акрамя вучобы ў ВНУ, займаюцца грамадскай дзейнасцю. Каля 1-го мільёна рублёў штомесяц атрымлівае першая стыпендыянтка. Ёй стала Ганна Смірнова з праектам аднаўлення Гальшанскага замка.

DSC_0109 (Копировать)

Цікавыя прапановы для «Арт Сядзібы» выказаў Сяржук Семянюк з гандлёвай маркі «Каралі».

«Мы зараз будуем вялікі аб’ект у Валожынскім раёне: і офіс, і вытворчасць, і свабодная прастора, і цудоўная мясцовая прырода. Давайце праводзіць там open-air, калі вам забараняюць канцэрты ў Мінску з-за этыленгліколю», —  прапанаваў Сяржук.

Шляхетнае мыла ручнога вырабу «Каралі» з’явілася тады, калі весці бізнэс па-беларуску яшчэ не было трэндам. Сяржук Семянюк падкрэсліў, што для бізнэса, па вялікім рахунку, не важна, на якой мове ты размаўляеш. Мыла «Каралі» нават у Расеі прадаецца з укладышамі па-беларуску і па-ангельску.

_DSC2582 (Копировать)

З асабістага ды прафесійнага інтарэсу на імпрэзу прыйшоў начальнік аддзела кіравання брэндам кампаніі «Velcom» Зміцер Курловіч. У гэты самы дзень мабільны аператар стаў лаўрэтам штогадовай прэміі Міжнароднага фонда «ІДЭЯ» за праект «Чытаем па-беларуску з Velcom». У адкрытых уроках, што арганізаваў «Velcom» у 2015 годзе, паўдзельнічала больш за 4000 мінскіх школьнікаў.

«У нас ёсць 2 кірункі карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці — дзеці і нацыянальная самаідэнтыфікацыя. Менавіта гэта больш за ўсё супадае з каштоўнасцямі кампаніі, адпавядае месцу, дзе мы працуем, і адрознівае ад іншых», — распавёў Зміцер Курловіч.

«Velcom»  выкарыстоўвае беларускую мову не толькі ў знешніх камунікацыях. Карпаратыўныя навіны тут таксама выходзяць па-беларуску.

Вопыт «Velcom», а таксама цэлага шэрагу кампаній, паказвае, што часта беларускамоўная рэклама ўспрымаецца не столькі як інструмент продажу, але як і абсалютна паўнавартасны культурны прадукт. Аўдыторыя пачынае актыўна дзяліцца ролікамі ў сацыяльных сетках. Такі дадатковы ахоп патэнцыйных спажыўцоў для рэкламадаўцы нічога не каштуе, але варты многага.

_DSC2721 (Копировать)

У другой частцы імпрэзы — «Дзень ВышыМайкі» – колькасць гасцей істотна павялічылася. Афіцыйны Дзень народзінаў «Арт Сядзібы» будзе толькі ў канцы году, але мы ўжо ствараем святочны настрой! Да самай ночы ў «Loft» гралі наш новаствораны кавер-бэнд, гурты «AMAROKA», «Амплітуда смеласці», «Час лайна», «Martin S.» а таксама Vinsent з дыджэй-сэтам. Як і абяцалі, усе, хто апрануў вопратку з нацыянальнымі сімваламі, прайшлі на імпрэзу бясплатна.

_DSC2878 (Копировать)

Здаровыя амбіцыі растуць разам з вопытам. Без лішняй беларускай сціпласці, «Арт Сядзіба» пачыналася з хобі для пяці чалавек, а вырасла да крэатыўна-культурна-патрыятычнай арганізацыі.

Сёлета нам споўніцца 5 год. 2016-ы мы абвесцілі нашым уласным Годам. Вы з намі? Паехалі!

hod-artsiadziby-960

Система Orphus