11.04.2016

Грузія — сапраўдны турыстычны рай непадалёку ад Беларусі. На зусім невялікім кавалку зямлі (у тры разы меншым за нашу краіну) кожны можа знайсці нешта для сябе — мора, горы, гістарычныя месцы, актыўны адпачынак і гастранамічнае задавальненне. І усё гэта па вельмі прыязных коштах. Пра галоўнае багацце гэтай краіны, яе жыхароў, я пісаў у мінулым выпуску. У гэтай серыі  я дам некалькі парадаў, як збочыць з турыстычных сцежак і адкрыць для сябе сапраўдную Грузію.

Самае галоўнае, пра што трэба памятаць, прыязджаючы сюды, — мясцовыя лепш ведаюць, што, дзе і як, чым напісана ў турыстычным дапаможніку ці на форумах. Таму не трэба баяцца спытаць, дзе знайсці начлег патанней ці паспрабаваць добры шашлык. Менавіта такім шляхам мы знайшлі даволі неблагі варыянт з размяшчэннем у курортным Батумі (17$ за траіх) і патрапілі ў найлепшую шашлычную Кутаісі.

cfif

Увогуле, грузіны вельмі любяць паразмаўляць і распытаць, хто вы і адкуль. І калі разумеюць, што могуць быць нечым карыснымі — самі ўсё для вас зробяць. Напрыклад, шэрыф памежнага з Абхазіяй гораду Зугдзідзі, даведаўшыся, што мы пасля паедзем у Сванетыю, сам патэлефанаваў туды свайму знаёмаму, запытаў, колькі каштуе начлег і папярэдзіў, што прыедуць госці з Беларусі. Калі мы былі ў Месціа, пазванілі па нумары, што пакінуў нам шэрыф, і такім чынам патрапілі ў вельмі добры гэстхаўз «У Розы». Будзеце ў Сванетыі, раю спыніцца там, нам вельмі спадабалася.

IMG_20160327_161237

Пра кулінарную разнастайнасць грузінскай кухні ведаюць усе. Але чамусьці выбар абмяжоўваецца стандартнымі «хачапуры-хінкалі-шашлык». Варта запытаць у мясцовых жыхароў, якія рэгіянальныя стравы можна паспрабаваць менавіта ў гэтым месцы. Толькі так вы зможаце паспрабаваць сапраўдны «куб-дары» ў Сванэтыі, «эларджы» ў Мегрэліі і яшчэ шмат якіх рэгіянальных страваў. Нават знакаміты сыр «сулугуні» бывае розным, як аказалася.

IMG_20160321_123627Куб-дары, традыцыйны сванскі хачапуры

Дарэчы, нярэдкая такая з’ява: незнаёмая кампанія за суседнім столікам прыслала вам чачу і ліманад. Зрабіце тое ж самае ў адказ — і ў вас з’явіцца некалькі грузінскіх сяброў. Пасля вечара, калі нас пачаставалі ў Батумі, мы пачаставалі падарожніка ў Сванетыі, і пасля яшчэ чатыры дні вандравалі з нашым новым польскім знаёмым.

Не вандруйце па Грузіі маршруткамі, гэта пустая трата часу і грошай. Па-сапраўднаму пазнаёміцца з краінай можна толькі вандруючы аўтастопам, які тут вельмі добры і хуткі. Мы праехалі паўкраіны непадзельнай тройкай і нідзе не чакалі больш за 15 хвілін (за выключэннем Сванетыі, дзе праязджала мала машын). Трэба толькі загадзя папярэджваць пра тое, што вы едзеце аўтастопам, найлепш гэта рабіць так: «Прама па дарозе без грошай падвязёце?». У адказ пытаюцца, куды дакладна, да таго месца, дзе вы будзеце паварочваць. Працуе.

IMG_20160325_162044Калі перад вашай машынай у 20 метрах адбываецца камнепад, міжволі адчуваеш, што ты ўсяго толькі дробная пясчынка ў руках прыроды

Павандраваўшы стопам, мы заўважылі вялікі падзел у грамадстве: хтосьці ледзве не абагаўляе Саакашвілі і ідэалізуе тое, што ён зрабіў, хтосьці, наадварот, ненавідзіць яго, але прызнае, што той шмат зрабіў для краіны. Як нам расказвалі, любяць Саакашвілі тыя, хто чэсна жыў і працаваў. Ненавідзяць тыя, хто краў і браў на лапу, а прыйшоў Міша і лафа скончылася, а шмат каго і пасадзілі. Напрыклад, першае, што зрабіў Саакашвілі, разагнаў 90% старой паліцыі і ўсю ДАІ. Затое цяпер грузінская паліцыя — лепшая, з кім мне даводзілася мець справы, яны рэальна дапамагаюць людзям. Калі мы не даехалі з Ушгулі ў Месціа 20 кіламетраў і пачало цямнець, мы пагрукаліся ў паліцыйскі ўчастак у невялікім сяле з просьбай дапамагчы знайсці недарагі транспарт. Нас запрасілі ўнутр пагрэцца і папрасілі пачакаць, цягам некалькі хвілін усё было вырашана. Я не магу сабе такога ўявіць у Беларусі.

snapseed-01Пры Саакашвілі воблік Батумі змяніўся да непазнавальнасці

У Грузіі добра развіта турыстычная інфрастура, вялікая колькасць цікавых гістарычных і прыродных месцаў (не бойцеся ехаць у самыя далёкія ад цывілізацыі, яны звычайна самыя прыгожыя) і вельмі адкрыты і гасцінны народ — усё гэта робіць вандроўку сюды запамінальнай і прыемнай прыгодай.

IMG_20160331_103221-01Скальны манастыр Вардзіа

З кожным маім прыездам захапленне Грузіяй толькі расце. Я ужо нават шкадую, што пабываў тут у гэтай вандроўцы. Таму што цяпер любую краіну я буду падсвядома параўноўваць з цудоўнай Сакартвело. І цяпер у кожнай, нават у самай цікавай і незвычайнай краіне я буду ўзгадваць, як добра я правёў час ў Грузіі. Гэтак і здарылася з  Арменіяй, пра якую я распавяду ў наступнай серыі.

Аўтар выказвае падзяку сетцы турыстычных крамаў «Актыўная зона» за прадастаўлены прафесійны рыштунак.

Система Orphus