15.04.2016

Cяргей Міхалок заявіў пра стварэнне праекту «Ляпіс-98»

«Мяне ўжо 10 год угаворвалі прыхільнікі ранняга клоўнскага вобразу выканаць што-небудзь з класікі, і толькі цяпер, дзякуючы маленькаму сыну, я магу гэта зрабіць без прымусу, нязмушана ды з аганьком», — зазначыў музыка ў паведамленні на афіцыйным акаўнце Brutto.

Чаму менавіта «Ляпіс-98»? Крыху храналогіі.  

У 1996 годзе Васіль Шугалей адвёз касету гурта «Ляпис Трубецкой» у Маскву, дзе яна выклікала цікавасць у «Тон студыі Саюз». У той жа час запісваецца альбом «Ты кинула», які ў 1997 годзе «кладзецца на паліцу» з прычыны таго, што за «Ляпис Трубецкой» сталі весці барацьбу адразу некалькі маскоўскіх кампаній. У дадатак да ўсяго гурт меў  пэўную палітыку, не імкнучыся прадацца абы каму, і таму альбом выходзіць толькі ў пачатку 1998 года. Падчас яго запісу з калектыву сыходзяць Алег Ладо і Віталь Драздоў. Першага спачатку ў якасці сесійнага музыканта замяняе Валерый Башкоў (з ім запісана некалькі песень для «Ты кинула»), але крыху пазней вяртаецца бас-гітарыст першага складу Дзмітрый Свірыдовіч. На месца Драздова прыходзіць другі вакаліст Павал Булатнікаў (былы ўдзельнік мінскага дуэту «Ліцэй»). У канцы 1997-га рэжысёрскім тандэмам «Bolek & Lolek» здымаецца першы ў гісторыі гурта відэакліп — «Ау». Гэты кліп зроблены з апрацаваных на кампутары «зенітаўскіх» фатаграфій Ляпісаў, а таксама з прымяненнем пластылінавай анімацыі.

«Ты кинула» прыносіць гурту поспех у Расіі і краінах СНД. Гэтаму нямала спрыяюць бесперапынныя гастролі музыкаў. Вясной 1998 года «Ляпіс Трубяцкой» здзяйсняе першыя за паўтара года гастролі па Беларусі, якія прынеслі гурту яшчэ большую папулярнасць.

У тым жа 1998 годзе Ляпісы выступаюць на фестывалі «Славянскі базар».

У канцы 1998-га выйшаў альбом рэміксаў песень гурта «Ляписдэнс», да стварэння якога самі музыкі не маюць ніякага дачынення, а ў жніўні па ініцыятыве «Саюза» і Яўгена Краўцова быў выпушчаны зборнік «архіўных» запісаў гурта «Любови капец». На радыёстанцыях Расіі хітом робіцца запісаная ў 1996-м годзе версія песні Алега Квашы «Зеленоглазое такси», якая ў той жа час ператвараецца ў падставу для скандалу, паднятага аўтарам песні ў пачатку 1999 года.

Восенню 1998-га пачынаецца падрыхтоўка матэрыялу для новага альбома, запіс якога пачынаецца ў канцы года. Дыск «Красота» разнапланавы па настроі і ў музычным плане. Альбом выходзіць у траўні, і музыкі зноў пачынаюць актыўную гастрольную дзейнасць у верасні-кастрычніку. Увосень пачынаецца падрыхтоўка новага матэрыялу. Першая песня, «Виноградная лоза», запісваецца ў Мінску на студыі «Мецца фортэ» ў верасні і зводзіцца ў Францыі ангельскім прадусарам Віктарам Пендлбэрі.

Першы канцэрт праекта «Ляпіс-98» адбудзецца ўжо 21 красавіка ў Харкаве. Ці зможа «Ляпіс-98» выступіць у Беларусі, пакуль невядома.

Храналогія паводле wikipedia.org

Система Orphus