11.05.2016

У мінулай серыі я ўжо трошкі закрануў тэму Ісламскай Рэспублікі, у гэтым выпуску пастараюся яе раскрыць на прыкладах канкрэтных гісторый, што здарыліся са мною ў Іране.

Калі вельмі абагульняць, Ісламская Рэспубліка — гэта палітычный строй, пры якім рэальная ўлада належыць духоўнаму лідару і канстытуцыя краіны адпавядае ўсім нормам мусульманскай рэлігіі.

IMG_20160417_181637-01 1

Нягледзячы на наяўнасць прэзідэнціх і парламенцкіх выбараў, уся ўлада ў Іране належыць Вышэйшаму кіраўніку, першым з якіх быў лідар Ісламскай рэвалюцыі аятала (ганаровае званне шыіцкіх багасловаў) Рухалла Хамейні, а ягоны паслядоўнік, Алі Хаменеі, узначальвае краіну ўжо 27 гадоў. Партрэты гэтых сур’ёзных лідараў у мусульманскай вопратцы можна бачыць літаральна на кожным кроку, нават у Іранскай амбасадзе ў Мінску.

IMG_20160409_174633-01 1

У Іране дзейнічае свой каляндар, які адрозніваецца нават ад класічнага ісламскага (хіджры), паводле якога цяпер 1395 год. Новы год (Наўруз) прыпадае на дзень вясновага раўнадзенства — 21 сакавіка. Пасля яго ў краіне пачынаюцца вялікія двухтыднёвыя вакацыі, калі ўсе стараюцца падарожнічаць, з-за чаго кошты на ўсё, што звязана з турызмам (жытло, уваходныя квіткі, праезд і г.д.) аўтаматычна падскокваюць. У Іране толькі адзін выходны   —  пятніца, святы для мусульман дзень, усе астатнія — працоўныя.

IMG_20160418_160457-01 1

У горадзе Язд я патрапіў на birthday-party да творчай багемы (у кампаніі былі рэжысёр-дакументаліст, нейкі мегапапулярны ў Іране спявак, а таксама ўсялякія фатографы, танцоры, графікі і г.д.). Усе елі торцік, пілі ліманадзік, зорны спявак выконваў традыцыйныя песні, усе неверагодна кайфавалі ад гэтага, падпявалі і пляскалі ў далоні. Тут пачала спяваць жанчына, усе прыціхлі ад здзіўлення і сталі азірацца па баках.

Як мне патлумачыў адзіны тут інгліш-спікер, я назіраў «харам» (парушэнне ісламскіх нормаў) 80-га лэвэла, бо па ісламскіх законах жанчынам жэстачайша забаронена спявяць пры чужых мужчынах. І таму, калі б туды ўламілася рэлігійная паліцыя — усім быў бы поўны гамон. Вось такое дзіўнае правіла, з-за  якога ўсе папулярныя іранскія спявачкі былі вымушаныя з’ехаць з краіны пасля перамогі Ісламскай Рэвалюцыі.

snapseed-19

Гэта не адзінае абмежаванне, якое датычыцца жанчын у Іране. Самае галоўнае з якіх — гэта неабходнасць хадзіць з пакрытай галавой у публічных месцах. У прыватных размовах вельмі часта мне даводзілася чуць, на колькі кабеты ненавідзяць гэтыя хусціны і з якой асалодай яны б хадзілі без іх, як было да рэвалюцыі. Таксама я не бачыў, каб жанчыны купаліся ў моры: як мне патлумачылі мясцовыя, для гэтага неабходны асобны пляж і адмысловы купальнік.

Ну і самае дзіўнае: дзяўчына не можа ўзяць ровар на пракат. Прычым катацца на ім яна можа, а вось каб узяць на пракат (там, дзе такая магчымасць існуе, напрыклад, у Ісфахане) — трэба прасіць хлопцаў зрабіць гэта. Мужчынам нельга хадзіць у шортах, але дома ўсе распранаюцца, як толькі могуць, скідваючы спякотныя хусткі і нагавіцы. Калі ў дом нехта грукаецца — жанчына абвязана пакрыць галаву.

snapseed-46

Зразумела, што іслам строга забараняе алкаголь. Але гэта зусім не азначае, што іранцы не п’юць. Усё можна дастаць: ад піва і самагону да кантрабанднага віскі. Я некалькі разоў назіраў, як гэта робіцца. Усё разрульваецца даволі хутка, калі ведаць адпаведных людзей. Адзін тэлефонны званок, пад’ехаць на раён — і да вас на поўнай хуткасці пад’едзе ліхач-матацыкліст з вялікім партрэтам, канешне ж, Хамейні на ўсю лабавуху (тыпу зашыфраваўся). З ім трэба абмеркаваць асартымент/расцэнкі, аддаць грошы і пачакаць, поўная класіка жанру.

Праз некаторы час вам перададуць замову, якая звычайна пераліта ў пляшку з-пад якой-небудзь звычайнай колы, і паспяшаюцца разысціся. Выпіваюць іранцы дома за зачыненымі дзвярыма, бо калі раптам чалавек у п’яным стане сустрэнецца на вуліцы з паліцыяй, гэта можа вельмі дрэнна скончыцца, нават турэмным зняволеннем. Праўда, па словах мясцовых, да гэтага даходзіць вельмі рэдка, бо, як гэта часта бывае ў Азіі, з усімі можна дамовіцца на месцы, пытанне толькі ў суме хабару.

IMG_20160410_214937-01

І калі выпіваюць тут рэдка, бо гэта звязана з пэўнымі намаганнямі і даволі дорага, то вось з лёгкімі наркотыкамі праблем няма зусім. Мне неаднаразова прапаноўвалі папаліць гашыш кіроўцы, якія мяне падвозілі. Адзін раз нават выйшла смешная сітуацыя, калі маладыя хлопцы, з якімі я праехаў каля 20 кіламетраў, адразу ж у якасці прывітання дасталі здаравенны кавалак гашышу:

— Давай дунем!
— Не, хлопцы, выбачайце, не хачу.
— Ну ладна, як хочаш.
Яны самі напаліліся і паказваюць, тыпу, зараз паварочваюць. Я выйшаў з машыны, працягваю стопіць. Спыняецца круты джып, унутры тры хлопца:

— Мужык, ты трэці раз нас абганяеш, як ты гэта робіш? Давай залазь хутчэй! Хочаш дунуць?— і дастаюць такі ж па памерах кавалак гашышу.

Пасля адмоўнага адказу яны прапанаўваюць мне паехаць з іхняй вялікай кампаніяй у горы, я згаджаюся і атрымліваю два дні поўнага рэлаксу, прыгожых краявідаў і «real iranian party». Так я адкрыў для сябе зусім іншы Іран, дзе абсалютна еўрапейская моладзь хоча нармальна жыць і тусавацца, нягледзячы на Ісламскую Рэспубліку.

snapseed-70

Працяг маіх іранскіх прыгод у наступнай серыі. Не пераключайцеся!

Аўтар выказвае падзяку сетцы турыстычных крамаў «Актыўная зона» за прадастаўлены прафесійны рыштунак.

Система Orphus