01.07.2016

Развітаўшыся з гасцінным краўцом, я накіраваўся ў бок выезду з гарада. І патрапіў на дэманстрацыю камуністаў. Чамусьці свой марш нашчадкі Леніна і Маркса ладзілі ў разгар працоўнага дня.

Кінулася ў вочы поўная адсутнасць паліцыі, прынамсі, на пачатку. Ну і абсалютная абыякавасць мінакоў, якія быццам прывыклі да пастаянных дэманстрацый.

Аказваецца, як і ў Беларусі, у Індыі ёсць дзве камуністычныя партыі, якія не ладзяць паміж сабой. Прычым адна з іх – Камуністычная Партыя Індыі (марксістская) – даволі ўплывовая палітычная сіла больш чым з мільёнам удзельнікаў, якая ўваходзіць у абедзьве палаты парламенту.

IMG_20160517_132405

Цікавы факт: КПІ(м) валодае рэальнай палітычнай уладай у трох штатах, агульнае насельніцтва якіх у 13,5 разоў больш за насельніцтва Беларусі. У Індыі, дзе каста недатыкальных дагэтуль складае каля 17% насельніцтва (а гэта прыблізна 220 мільёнаў чалавек), камуністычныя ідэі ўсё яшчэ застаюцца папулярнымі.

IMG_20160520_125558-01

Праехаўшы яшчэ пару сотняў кіламетраў, я дабраўся да невялікага гарадка Дхармасала, дзе знаходзіцца рэзідэнцыя Далай-ламы XIV. Пасля захопу незалежнага Тыбету кітайцамі, духоўны лідар будыстаў быў вымушаны ўцекаць у Індыю. Тым трагічным падзеям прысвечаны цікавы фільм «Сем гадоў у Тыбеце». Па адной з версій, асноўнай прычынай інда-кітайскай вайны, пра якую я пісаў у мінулай серыі, стаў дазвол палітычнага прытулку Далай-ламе XIV у Індыі.

IMG_20160520_151148-01

IMG_20160518_113635-01

Тут жа знаходзіцца тыбетскі ўрад у выгнанні, і залю паседжанняў парламенту можна свабодна наведаць . Непадалёку знаходзіцца вялікі тыбетскі культурны цэнтр, дзе ў мультымедыйнай залі я доўга глядзеў розныя дакументальныя фільмы пра гэты цікавы рэгіён. Мінулым летам у Кітаі я наведваў тыбетскія часткі ўласна кітайскіх правінцый, доступ у якія вольны, у адрозненні ад самаго Тыбету, для наведвання якога трэба адмысловы дазвол (які вельмі складана атрымаць). Бываў у тыбесткіх манастырах, вёсках, бачыў манахаў і традыцыйна апранутых сельскіх жыхароў. Я добра запомніў адзін цікавы момант: у вясковай хаце, куды мяне запрасілі пачаставаць свойскай самагонкай гасцінныя кіроўцы, віселі два вялікія партрэты: Далай-лама насупраць Мао. І ў кітайскіх жыхароў Тыбету гэта не выклікала ніякага дысанансу.

IMG_20160518_095400-01

IMG_20160518_083928-01

Помнік жыхарам Тыбета, якія спалілі сябе ў знак супраціву кітайскай акупацыі

У Дхармасала атмасфера мне падалася больш напружанай, тыбетская абшчына адчайна спрабуе прыцягнуць увагу свету да факта акупацыі іх Радзімы і рэпрэсіі з боку кітайскіх улад, разбурэння імі ўнікальных манастыроў. Некалькі разоў на год Далай-лама робіць адкрытыя вучэнні, на якія можа патрапіць  кожны ахвотны. Іх наведваюць, у тым ліку, і знакамітыя на ўвесь свет людзі, якія таксама спрабуюць прыцягнуць увагу да праблемы Тыбета. Але, нажаль, пакуль усё безвынікова.

IMG_20160518_083229-01

Тут я ўпершыню паспрабаваў некалькі новых спосабаў знаходзіць начлег. У Дхармасала, адзін мясцовы, перабіраючы розныя месцы, дзе можна бясплатна пераночыць, паказаў мне дах аднаго з дамоў насупраць, і я ўладкаваўся туды на начлег. Справа ў тым, што ў індыйскіх дамах дахі плоскія, а гэта азначае, што праблема начлегу вырашаецца проста: прыйшоў, пабачыў, перамог – заўважыў, залез, пераночыў. Пры гэтым, неабавязкова залазіць на жылыя дамы, каб не здзіўляць раніцай іх жыхароў. Дахі розных гаспадарчых будынкаў таксама звычайна плоскія. Як паказала практыка, індыйцы спакойна ставяцца, калі зраніцы бачаць спячага белага містэра на сваім даху, і частуюць яго смачнай гарбатай.

IMG_20160530_052822-01

Яшчэ адзін спосаб: знайсці начлег пры індуісцкіх храмах, ці мандзірах. Звычайна пры іх жывуць самотнікі, якія пільнуюць там чысціню. У іх трэба спытаць дазволу, яны ахвотна дазваляюць, часам запрашаюць да сябе і частуюць гарбатай. У Індыі гэта даволі распаўсюджаны спосаб начлегу для мясцовых, але і беламу містэру не адмовяць. Гэта бясплатна, але ў якасці добрага тону можна незаўважна пакінуць невялікую суму грошай у якасці ахвяравання. Так сказаць, для сваёй жа кармы.

IMG_20160519_085454-02

Так паступова я даехаў да сталіцы штату Хімачал-Прадэш – гораду Шымла. Горны курорт, летняя сталіца Брытанскай Індыі, горад прыцягвае тысячы турыстаў незвычайнай для Індыі неагатычнай архітэктурай, прыгожымі храмамі, палацамі і камфортным надвор’ем. Гуляючы па горадзе, сышоў з турыстычных сцяжынак, зайшоў у звычайны падворак паглядзець сапраўднае жыццё звычайных людзей.

IMG_20160521_155321-01

Злева зверху хрысціянская англіканская царква, пад ёй – зялёная з белым купалам мячэць, у глыбіні трохі незаўважны сікхская гурдвара, у левым верхнім куце сярод зялёных шапак дрэваў – ружовы індуісцкі бог Хануман. На пярэднім плане звычайны індыйскі шматкватэрны дом, хлопцы, якия ў ім жывуць, адчайна рубяцца ў крыкет. Наверсе па цэнтры – бясконцы базар, адкуль дзядзечка цягне нейкія пакупкі. У глыбіні гойсаюць незаўважныя ўсюдыісныя малпы, якія крадуць усялякія прадукты з базару. Асноўны гук – спевы птушак, зрэдку далятаюць абрыўкі крыку базарных зазывалаў. Пахне палёным смеццем, хутчэй за ўсё, пластыкавым. На душы лёгка і спакойна, Індыя дала нейкі бясконцы дзэн і гармонію.

Зладзіў тут шоу мыльных бурбалак, самае паспяховае сярод усіх, што рабіў у Індыі. Усё ж такі горад турыстычны, і турысты сюды прыязджаюць у асноўным заможныя. Пачаставаў сваіх хостаў з каўчсёрфінгу смажанай бульбай, хацеў дранікамі, дык яны веганы-крышнаіты, яек не ядуць.

Пасмажыў, яны такія: «Оh, cool, cool!» і ўсё адно сваёй індыйскай ежы наварылі. Выйшла ў нас сумесна беларуска-індыйская вячэра. Bulba connecting people!

IMG_20160520_213927_HHT-01

У наступнай серыі я распавяду пра свяшчэнныя індуісцкія гарады, маю першую вылазку ў Гімалаі і да вытокаў святой ракі Ганг. Не пераключайцеся!

Аўтар выказвае падзяку сетцы турыстычных крамаў «Актыўная зона» за прадастаўлены прафесійны рыштунак.

Система Orphus

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *