08.07.2016

Развітаўшыся з маляўнічым штатам Хімачал-Прадэш, я накіраваўся да першага на маім шляху свяшчэннага горада Харыдвар. Раскінуты на берагах святой для індуістаў ракі Ганг, горад прыцягвае мільёны паломнікаў, якія прыязджаюць сюды, каб акунуцца ў яе мутных водах. У перакладзе з хіндзі назва горада азначае «брама да Бога».

Уражаны відовішчам масавага купання, і, паддаўшыся ўгаворам, маўляў «вада чыстая, глядзі: я пью яе», я вырашыў далучыцца да паломнікаў і зладзіць сваю традыцыйную акцыю «Акунусь за Беларусь!».

IMG_20160523_154336-01 IMG_20160523_155117_1-01

І ўжо літаральна праз некалькі гадзін я пра гэта пашкадаваў: невялікія ўчасткі раздражнення на скуры, якія з’явіліся ад страшнай спёкі яшчэ ў Пенджабе, пасля некалькі дзён мазання адпаведнай маззю пачалі зажываць, цяпер праявіліся з новай сілай, яшчэ дадаўся моцны зуд. Таксама паднялася тэмпература, так што наступныя два дні мне прыйшлося адлёжвацца і лячыцца. Такім чынам, больш у мутныя воды святой ракі я не акунаўся. І вам не раю гэтага рабіць, за выключэннем вытокаў Ганга ў Гімалаях, пра якія гаворка пойдзе далей.

IMG_20160523_152548-01

Непадалёку ад Харыдвару знаходзіцца яшчэ адзін свяшчэнны горад, сусветная сталіца йогі – Рышыкеш. Сюды таксама сцякаюцца сотні тысяч чалавек для медытацый, заняткаў йогай і, канешне ж, купання ў святой рацэ. Па шчырасці, калі не асабліва цікавіцца йогай ці індуізмам (так, як я), то рабіць тут асабліва няма чаго. Таму, затрымлівацца тут больш, чым на дзень, я не планаваў, але мне адказаў цікавы мясцовы каўчсёрфер, і таму, па выніку, я правёў у Рышыкешы цэлых чатыры дні.

IMG_20160526_165041-01

Хэлоў, містэр! Ўан фото пліз! Ўіч кантрі? Беларус? Ўот із зыс?!

Ніцін – вельмі заможны па індыйскіх мерках чалавек, уладальнік гатэлю. У адрозненні ад абсалютнай большасці сваіх землякоў, некалькі разоў выязджаў за мяжу. Увогуле, за ўвесь час у Індыі я сустрэў вельмі мала людзей, хто быў у іншых краінах (за выключэннем, хіба што Непала, але ён у індыйцаў не лічыцца замежжам). Звязана гэта, у першую чаргу, з эканамічным фактарам: у Індыі невялікія заробкі і вельмі нізкія кошты, таму каштоўнасць умоўных 10$ тут і за мяжою – непараўнальная. Калі ў Індыі за гэтую сумму можна спакойна пражыць дзень-два (а пры пэўных навыках і больш), то за мяжою, асабліва на Захадзе, гэтая зусім нязначная сума.

IMG_20160523_150246-01

Мой хост быў некалькі разоў у Расеі, і яму там вельмі спадабалася, таму мы шмат абмяркоўвалі сучасную грамадска-палітычную сітуацыю ў нашай усходняй краіне-суседке. У майго хоста цікавы прафайл на каўчсёрфінгу, там напісана: «Ахвотна прыму тых, хто прыгатуе свае нацыянальныя стравы». Па шчырасці, індыйская ежа да таго часу мне добра надакучыла і вельмі хацелася дранікаў і курынага бульёну. Высветлілася, што мяса ў свяшчэнным горадзе не прадаюць, таму трэба было ехаць на падпольную кропку, якая рэальна выглядала як склеп.

IMG_20160526_190547-01

З вялікім задавальненнем прыгатаваўшы бульён, дранікі з падліўкай з курынага філе і шампіньёнаў, салат з агуркоў і памідораў, я зладзіў для гасціннага індыйца сапраўдны пір і сам атрымаў кулінарны аргазм. Ніцін пастання прыгаворваў: «Ошьень вкусна!», хаця я і сам ведаў, што гэта так. У доўгім падарожжы часам важна пабалаваць сябе смачнай ежай, да якой ты прывык з дзяцінства. Асабліва, калі пастаянна мяняюцца краіны, а разам з імі і кухні. І калі грузінская ці турэцкая кухня нам звыклыя, то вось, напрыклад, іранская, ці асабліва індыйская – гэта нешта зусім новае, і рэакцыя арганізма на іх можа быць рознай. Асабліва, калі кухні даволі аднастайныя, і часам вельмі хочацца проста дранікаў. Дома я не ем мяса, а ў падарожжы харчуюся тым жа, што і мясцовыя. І часцей за ўсё, такая ежа толькі з мясам (звычайная грузінская, сярэднеазіяцкая, кітайская, іранская і іншыя кухні), то я спакойна ем мяса. Індыя – першая краіна, дзе звычайная кухня – вегетарыянская. Але, на маю думку, яна вельмі бедная, і колькі б ты не з’еў, ты ўсё адно напалову галодны. І марыш пра дранікі. Падрабязней пра індыйскую ежу я напішу ў адной з наступных серый.

IMG_20160526_224913_1-01

Пагасціўшы трохі ў Ніціна, я вырашыў рухацца на поўнач, туды, дзе ў Гімалаях бярэ свае вытокі вялікі Ганг. І хаця адлегласць з Рышыкешу да таго месца ўсяго 240 кіламетраў, каб праехаць яе па вузкіх індыйскіх серпантынах, мне спатрэбілася больш за суткі, улічваючы яшчэ начлег на маляўнічым даху. Краявіды сталі яшчэ больш захапляльнымі, горы вышэйшымі, а дарогі горшымі. Нармалёвая шырыня дарогі – адзін пас ў два кірункі, таму, каб раз’ехацца двум грузавікам ці аўтобусам, усім трэба тармазіць, з-за чаго і так невялікая хуткасць руху падае яшчэ больш.

IMG_20160529_125239-01

Фура ТАТА – кароль індыйскіх дарог

IMG_20160530_144509-01 IMG_20160531_152320-01 IMG_20160531_140644-01

Апісваць прыгажосць Ганготры (месца вытокаў ракі Ганг) я не буду, лепш паглядзіце фота. Гэта сапраўды захапляе! Апішу незвычайнае знаёмства з цікавым чалавекам. Вірал, ён жа Віталік, гандляр у турыстычнай краме. Дапамог мне абмяняць грошы па нармальным курсе, пасля пацікавіўся, адкуль я. Пачуўшы, што з Беларусі, адразу ж радасна запытаў, ці размаўляю я па-руску. Пры познім саўку Вірал прыехаў вучыцца ў Варонеж. Да яго развалу паспеў трохі павандраваць, нават у Мінску бываў. Пасля канца чырвонай імперыі жыў і вучыўся ў Грузіі, Ташкенце і Душанбэ. Неўзабаве пасля яго прыезду ў Таджыкістан пачалася грамадзянская вайна, таму  вучобы там ніякай не было, бо з дому баяліся выйсці.

IMG_20160531_170135_1-01

Таму, па ягоных словах, там усе моцна пілі, каб канчаткова не з’ехаць з глузду. Праўда, гэта не зусім дапамагала, некалькі разоў, дапіўшыся да чорцікаў, размаўляў з Хрыстом і Леніным. Так і не скончыўшы ўнівер, у 1997-м годзе быў дэпартаваны дадому. Займаўся патрохі ўсім, цяпер на сезон прыехаў на горны курорт, каб падзарабіць. Вельмі цікавы суразмоўца, за столькі часу не забыў «вялікімагучы», размаўляе выдатна, мне нават «Сцюардэса па імені Жанна» заспяваў. Ён жа дапамог знайсці танны начлег з электрычнасцю (бо гэта далёка не заўжды ўключана), падказаў, на што звяртаць увагу, каб не абдурылі мясцовыя прахіндзеі, пусціў нават на сваю кухню зварыць нармальнай ежы. Колькі добрых і цікавых людзей можна сустрэць па ўсім свеце, колькі жыццёвых гісторый даведацца! Менавіта за гэта я больш за ўсё люблю вольныя падарожжы.

IMG_20160531_140644-01

У наступнай серыі я распавяду пра самы прыгожы нацыянальны парк, у якім мне даводзілася бываць, пра сікхскую святыню, да якой дабіраюцца на гарбу насільшчыкаў і пра самую высокую дамбу ў Індыі, куды я патрапіў, заблукаўшы. Не пераключайцеся!

Аўтар выказвае падзяку сетцы турыстычных крамаў «Актыўная зона» за прадастаўлены прафесійны рыштунак.

Система Orphus