15.07.2016

Пасля Ганготры я вырашыў накіравацца ў Нацыянальны парк «Даліна Кветак». З’яўляючыся аб’ектам сусветнай спадчыны ЮНЭСКА, гэты парк знакаміты тым, што ў ім можна пабачыць больш васьмідзесяці гатункаў кветак.

У сэзон дажджоў яны распускаюцца, і месца становіцца падобным на рай. Праўда, у гэты «мокры час» дабрацца туды вельмі складана, таму я вырашыў наведаць яго трошкі раней за сезон і паглядзець на некаторыя кветкі, якія паспелі распусціцца.

IMG_20160607_142027-01

Каб дабрацца да «Даліны Кветак», прыйшлося вяртацца з Ганготры амаль да самага Рышыкешу, бо дарога ў гарах толькі адна. Трошкі не даехаўшы да сусветнай сталіцы йогі, у гарадку Нью-Тэхры я вырашыў збочыць на лакальныя дарогі, каб скараціць шлях. І амаль адразу заблукаў: каб выехаць з гораду, вырашыў скарыстацца сіцістопам, застопіў джып, а ён забіты каністрамі з бензінам так, што прыйшлося ехаць, седзячы на іх і скруціўшыся ў тры пагібелі. Таму не было як сачыць за дарогай па Maps.me, і, як вынік, я заехаў не туды. Прыйшлося крыху падкарэктаваць маршрут. Так я патрапіў на самую высокую ў Індыі (і адну з самых высокіх у свеце) дамбу.

IMG_20160602_135057

IMG_20160602_134741

У Індыі пастаянныя перабоі з электрычнасцю, што, канешне, не дзіўна, улічваючы агромністую колькасць насельніцтва. Таму індыйскія ўлады пастаянна будуюць новыя электрастанцыі. ГЭС Тэхры была пабудавана расійскай кампаніяй у 2008-м годзе. Пры будаўніцтве горад з аднайменнай назвай і некалькі навакольных вёсак былі затоплены. Было пераселена больш за сто тысяч чалавек, што параўнальна з насельніцтвам майго роднага Салігорска, плошча затаплення – з плошчай Пінска.

IMG_20160602_142722

Улады спрабуюць прыцягваць турыстаў у гэтае маляўнічае месца. Краявіды тут надзвычай прыгожыя, падобныя да знакамітых мелавых кар’ераў пад Валкавыскам. Таксама на вадасховішчы штогод праводзіцца фестываль водных забаваў. Праязджаючы там, выпадкова заўважыў канатную дарогу на супрацьлеглы бераг. Аказалася, што гэта, бадай, адзіны зручны і хуткі спосаб камунікацыі для жыхароў вёсак на тым беразе. Праезд для іх каштуе капейкі, а для турыстаў у 15 разоў больш. Але гэта не наш метад – пераплочваць, таму, дзякуючы дарожнай грамаце, я скатаўся на той бераг і назад як мясцовы жыхар.

IMG_20160602_142633

З-за дажджоў і разбітых сэрпанцінаў дарога ў «Даліну Кветак» расцягнулася на некалькі дзён. У апошнім горадзе перад месцам назначэння мясцовыя жыхары параілі мне застацца на начлег у ашраме (релігійнай абшчыне). Раніцай прачынаюся, пакуль збіраю заплечнік, прыходзіць малады крышнаіт і запрашае на сняданак. Пачаставалі мяне смачнай кашай з булгура (крупа з высушанай драблёнай пшаніцы) і традыцыйнай гарбатай на малацэ. Пасля прапанавалі ў гэты дзень застацца ў іх, just relax, а заўтра выправіцца ў дарогу. А мне што, я ж нікуды не спяшаюся, чаму б і не правесці дзень з пацанамі. Аказалася, што ў іх ёсць цэлы мех бульбы, хацеў ім дранікаў прыгатаваць, але высветлілася, што рэлігійныя крышнаіты не ядуць цыбулю і часнык, тыпу, Шыва не ўхваляе. Так што проста патушыў для іх бульбы з сояй, ляжаў і адпачываў, гледзячы на Гімалаі.

IMG_20160604_143222-01

Каб дабрацца да «Даліны Кветак», трэба прайсці пешшу 15 кіламетраў угору да невялічкай вёсачкі Ghangaria. Калі ў цябе 12 кілаграм у заплечніку, гэта нялёгкая задача. Чарговы раз пераканаўся, што добры заплечнік – самая неабходная рэч у падарожжы. Мой PINGUIN  выдатна сябе праявіў, і на наступны дзень мая спіна адчувала сябе выдатна.

Апроч прыгожага нацыянальнага парку, непадалёку ад вёсачкі месціцца Hemkund Sahib – адно з галоўных месцаў паломніцтва сікхаў. У адрозненні ад «Даліны Кветак», гэтая святыня знаходзіцца высока ў гарах, таму я вырашыў у першы дзень схадзіць туды, а менш складаны трэк у нацыянальны парк пакінуць на наступны.

IMG_20160606_135016-01

Hemkund – гэта незвычайнае і свяшчэннае возера, у перакладзе з санскрыту «hemkund» азначае «снежная чаша». На гэтым месцы, у атачэнні сямі горных вяршынь, дасягаў прасвятлення дзесяты гуру сікхаў. Крыштальнай чысціні возера месціцца на вышыні 4630 метраў, 6-кіламетровы шлях з даліны (гэта прыблізна 2200 метраў вышыні) на самы верх заняў прыкладна тры з паловай гадзіны. Некалькі разоў я быў у стане «кіньмянекамандзір», без падрыхтоўкі такія паходы – гэта вам не хухры-мухры. Тысячы сікхаў падымаюцца наверх, нехта пешшу, нехта на асле з мясцовым правадніком, а нехта і на гарбу ў насільшчыкаў. Фантастычныя краявіды, якія адкрываюцца зверху, з ліхвою кампенсуюць усе цяжкасці пад’ёму. Цікавы факт: апроч сікхскай гурудвары (сікхскі богаслужэбны будынак) тут месіцца індуісцкі храм – мандзір. Чарговы раз пераканаўся, што гэтыя рэлігіі выдатна паміж сабою ладзяць.

IMG_20160606_152053-01 IMG_20160606_152417-01 IMG_20160606_154704_1-01

На наступны дзень, як і планаваў, я выбраўся ў «Даліну Кветак». Уваход для мясцовых у чатыры разы таннейшы за кошт для турыстаў. Але пры дапамозе дарожнай граматы і працяглых перамоваў з мясцовымі рэйнджэрамі ў мяне атрымалася прайсці па індыйскіх коштах. Нажаль, амаль увесь час ліў дождж (хоць пакуль і не сезон дажджоў), далёка не ўсе кветкі распусціліся. Але такіх прыгожых краявідаў я, напэўна, не бачыў ніколі ў жыцці. Калі ўсе кветкі параспускаюцца, гэта будзе сапраўдны рай.

IMG_20160607_123544-01 IMG_20160607_150335-01

У наступнай серыі я распавяду пра тое, як я наведаў сусветна вядомы Тадж Махал і пра індыйскія святыні са сцэнамі Камасутры. Не пераключайцеся!

Аўтар выказвае падзяку сетцы турыстычных крамаў «Актыўная зона» за прадастаўлены прафесійны рыштунак.

Система Orphus

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *