18.07.2016

Вітаю. Давайце знаёміцца. Маё імя Дзіяна, ці Дзіна, як каму больш падабаецца. Я ўжо год падарожнічаю па Беларусі  з маім лепшым сябрам і аднадумцам Арцёмам. Узімку я крыху распавядала пра свае падарожжы праз фотаздымкі з пафасным подпісам «DziyanaPinchuk» у пабліках «Калі ласка – Беларусь», «National Geographic Беларусь», «Беларусь праз аб’ектыў».

Я зразумела, што раблю добрую справу не тады, калі набягала вялікая колькасць падабаек на маіх запісах, а калі атрымлівала паведамленні ад людзей з пытаннямі: як дабрацца да таго ці іншага месца, як лепш спланаваць маршрут па беларускім славутасцям…Ці ўвогуле: «Извините, а это точно в Беларуси находится?!» Мне падабалася, што мае фотаздымкі натхнялі беларусаў на даследванне свайго роднага краю. Часам здавалася, што яны быццам бы абуджалі людзей ад доўгага сну і прымушалі азірнуцца навокал…

photo 5 (3)

Цяпер мне прапанавалі весці блог, у якім я б распавядала пра падарожжы па Беларусі. І я падумала: «А чаму б і не?!» Калі гэта будзе натхняць беларусаў на больш цеснае знаёмства з Радзімай, то мая карма пазапланава папоўніцца, і будзе мне шчасце!

А зараз крыху пра ўбачанае і зробленае. Мы падарожнічаем максімальна бюджэтна, па-студэнцку (з дапамогай ровараў, цягнікоў, электрычак, аўтобусаў, і, канешне, аўтаспыну). Але з прычыны таго, что я з’яўляюся чалавекам-планам, то вялікае значэнне надаю менавіта распрацоўцы супер-плана вандроўкі. Гэта прыносіць мне асаблівае задавальненне. І таму кожнае падарожжа, як і любая падзея, праходзіць у рэжыме «чаканне-рэальнасць». На шчасце, амаль усе нашыя чаканні апраўдаліся (пралікі клалі на паліцу нашага бескаштоўнага вопыту)!

photo 5 (2)

Як у нас нарадзілася ідэя падарожнічаць па Беларусі? Памятаю той момант, калі сядзелі з сябрам каля вадаёма на яго пажарным пасту, і думалі, як бы абагаціць гэтае лета: «Фестывалі і фэсты?» – «Ну-у-у, сябра, на ўсё грошай не хопіць…» – «Паход з палаткамі на возера?» – «Прыелася ўжо…» – «А можа… падарожжа?» – «Па Беларусі! Мы ж нічога не бачылі яшчэ!» – «Вырашана! На наступны weekend едзем!»

Зразумела, раней мы наведвалі вядомыя, можна нават сказаць, мэйнстрымныя месцы Беларусі, якія павінен наведаць кожны беларус: Мірскі і Нясвіжскі замкі, Гародня… Але гэта было не больш, чым прыемнае баўленне часу. Цяпер мы прытрымліваліся той думкі, што спачатку трэба дасканала спазнаць родную зямлю, а потым імчаць за кардон.

Дык вось, ірванулі спачатку ў Полацк (зразумела, што ў любым выпадку трэба пачынаць з яго – самага старэйшага горада Беларусі, геаграфічнага цэнтра Эўропы!) Гэта было нашае першае сапраўднае далёкае падарожжа: на начным цягнічку з заплечнікамі пад песню NRM «Тры чарапахі» ў слухаўках… Карацей, па ўсіх канонах сапраўдных падарожнікаў! Мы прыехалі а 4-ай гадзіне раніцы і… ашалелі! Мы зразумелі, што рэальнасць была лепшай за чаканні ў разоў так дзесяць. І гэта цудоўна! Столькі эмоцый і ўражанняў я не атрымлівала ад ніводнай справы (не ўлічваючы добра адназначанага даклада па крымінальнаму працэсу). Гэтыя 11 гадзін шпацыру па Полацаку можна прыраўняць да некалькіх дзён. Дарэчы, наша формула поспеху вандроўкі зводзіцца да таго, што, калі дзень прайшоў, як тры, значыць, падарожжа насамрэч атрымалася! І тады я зразумела, што гэта менавіта тое, што я шукала, сама таго не ведаючы… тое, што мне патрэбна!

photo 3

Прайшоў год. Мы наведалі нямала беларускіх куткоў. На роварах спазнавалі прыгажосць беларускіх Мальдзіваў і гор – знакамітых крэйдавых азёр пад Любанем і Салігорскіх тэрыконаў.

photo 4 photo 4 (2)

 Атрымалі асалоду ад аўтаспыну па маршруту Косава-Ружаны.

photo 5

Пабывалі ў самым містычным мястэчку Беларусі  – Гальшанах.

photo 6

Даведаліся, што самы прыгожы горад Беларусі – Бабруйск (не трэба здзіўляцца!).

photo 7

Галоўнай мэтай нашых падарожжаў было знайсці ў звычайных месцах, гарадах, мястэчках, вёсках нешта самабытнае і нетыповае.

Гадавіну нашых трыпаў па Беларусі мы вырашылі адзначыць неяк сімвалічна. На роварах праз Асіповічы ірванулі заваёщваць цэнтр Беларусі (недалёка ад Пухавіч). І, як ніколі, адчулі ўсю рамантыку беларускіх падарожжаў. І гэта неверагодныя эмоцыі… (усё гэта я пішу з болем у спіне, але з прыемнай усмешкай ад успамінаў).

photo 7 (4)

Цяпер, пасля гадавога вопыту падарожжаў па Беларусі, з адпаведнай інтанацыяй мудраца скажу вам: у Беларусі ёсць і горы, і мора, галоўнае, захацець іх убачыць!

Мяне натхнялі на новыя падарожжы не толькі незвычайныя і прыгожыя куткі Беларусі, якія я не бачыла по розным прычынам, а менавіта самі беларусы, якія ўсё часцей і часцей пасля прагляду фотаздымкаў, прывезеных мною з таго ці іншага беларускага месца, задавалі  пытанне: «І гэта Беларусь?!» На жаль, існуе стэрэатып, што ў Беларусі няма на што паглядзець. Але гэта далёка не так… Працэс доказу адваротнога ўжо пачаты, але хацелася б цалкам знішчыць гэты стэрэатып. Таму, будзем рабіць усё магчымае, каб у вас увогуле не засталося сумневаў!

photo 9 (2)

Система Orphus