23.07.2016

Уратаваўшыся ад пякельнай спёкі і добра пахадзіўшы па Гімалаях, я вырашыў зноў спусціцца на раўніну, каб наведаць самыя значныя гістарычныя аб’екты Індыі.

Гэта, безумоўна, сусветнавядомы Тадж Махал. А таксама цікавая вёска Кхаджурахо, знакамітая сваімі храмамі з выявамі Камасутры. Падрабязней пра мае прыгоды і ўражанні  – у гэтай серыі.

Начлег праз каўчсёрфінг у надзвычай турыстычным горадзе Агра я знайшоў на здзіўленне лёгка, так што, калі атрымаў некалькі пазітыўных адказаў, нават выбіраў месца пабліжэй да Тадж Махалу. Хлопец, які быў гатовы ўпісаць мяне бесплатна ў сваім хостэле непадалёк ад гэтай пярліны сусветнай спадчыны ЮНЭСКА, напісаў, што яго не будзе ў горадзе, але ён папярэдзіў сваіх сяброў і мяне ўжо чакаюць.

IMG_20160620_150311-01

 Абагнаць на нацыянальным хайвэі слана? Лёгка!

Таму я загадзя знайшоў хостэл на Maps.me, і, дабраўшыся да Агры, адразу накіраваўся туды. І сапраўды, мяне чакалі, далі месца ва ўтульным кліматызаваным пакоі і, што асабліва прыемна, дазволілі карыстацца кухняй. Забягаючы наперад адзначу, што пасля гэта стала добрай традыцыяй, і я часта праз каўчсёрфінг спыняўся  ў гатэлях і гэст-хаусах.

IMG_20160613_090946-01

Тадж-Махал — маўзалей-мячэць, пабудаваны па загадзе імператара Вялікіх Маголаў Шах-Джахана ў памяць аб жонцы Мумтаз-Махал, памерлай пры родах (пазней тут быў пахаваны і сам Шах-Джахан).Тадж Махал, безумоўна, уражвае, але натоўп турыстаў і ўсіх тых, хто на іх зарабляе, псуюць агульнае ўражанне. Таму, на маю думку, гэтае месца на адзін раз — пабачыць, зачэкініцца, фотачку запіліць, не больш. Тут упершыню за ўсе гады падарожжаў атрымаў прапанову ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ад мясцовых развадзілаў на рыкшах: «Мы цябе павозім па горадзе, пакажам, дзе і што цікавага ёсць, а ты паходзіш па турыстычных крамах з разумным выглядам. Можна нічога не купляць, усё адно іх уладальнікі нам заплоцяць за тое, што мы белага кліента прывезлі».

IMG_20160525_145923

Мне не было чым заняцца ў Агры, і бесплатны транспарт мне быў вельмі карысны, і таму я прыняў гэтую пранову.

Ёсць у мяне адзін шырокавядомы ў вузкіх салігорскіх колах сябра, у якога вельмі незвычайнае хоббі: ён збірае цэглы з кляймом. Пражужжаў мне, значыцца, усе вушы сваімі цэгламі, прасіў, калі дзе ўбачу, каб даслаў. Грошы перавёў, усё чакаў, калі я цэглу са свастыкамі знайду. І вось так сталася, што менавіта ў Агры я знайшоў такую цэглу, а таму новыя экзэмляры ў калекцыю паляцелі адрасату. Уяўляю сабе здзіўленне паштальёнаў, калі пасылку адкрыюць. Бо іхнія індыйскія калегі ледзь не адурэлі, пабачыўшы цэглы, а на іхніх смуглых тварах чыталася пытанне: «Нафіга???»

IMG_20160614_134451-01 IMG_20160614_140446-01

Таксама ў Агры я ўпершыню паспрабаваў зрабіць шоу мыльных бурбалак з мясцовымі аналагамі Fairy. Нажаль, няўдала. Бурбалкі хаця і атрымліваліся, але невялікія, і адразу ж лопаліся. Затое я стаў знакамітасцю раёна, бо рабіў іх непадалёк ад хостэла. І ўсе дні, што я там правёў, амаль кожны чалавек на вуліцы са мною вітаўся і пытаўся, дзе мае бурбалкі:)

IMG_20160616_181221-01

Я сыйшоў з турыстычных сцежак папсовай Агры і зайшоў у трушчобападобны раён сапраўднай Індыі. І прадуктаў на абед узяць па нармалёвых коштах. Літаральна праз хвіліну каля мяне спыняюцца модныя пацанчыкі на матацыкле і пытаюцца, ці не заблукаў я.

– Што ты шукаеш?
– Мне б курыцу набыць, не падкажаце, дзе тут непадалёку ёсць нешта падобнае?
– Няма праблемаў, мы завязем цябе туды. Бясплатна, не перажывай!

Сеў я да іх трэцім на жалезнага каня і мы пагналі па вузкіх лабірынтах мясцовых вулачак. Прыязджаем да мясніка, той на тваіх вачах рэжа куру і здзірае з яе шкуру разам з пер’ем (вельмі агіднае відовішча). 300 рупій (~90К на нашы) за кіло. Я пачаў таргавацца, бо гэта каштуе 200 рупіяў (~60К) за кіло, я ж не першы тыдзень у Індыі і трохі ведаю кошты. Мяснік саступіў і разабраў мне тушку на месцы.

– Нешта яшчэ патрэбна? – пытаюцца пацаны.
– Мне б яшчэ бульбы і цыбулі, – кажу.
– Ніякіх праблем, пагналі на кірмаш з гароднінай!

З’ездзілі туды, ўзяў усё, што было трэба, дарэчы, 1 кілаграм бульбы каштуе прыкладна 60 нашых капеек.

– Сядай, мы падвязем цябе да гатэлю.
– Да ладна, я і сам дайду, тут недалёка.
– Ніякіх не, сядай хутка!

Падкінулі мяне з пакупкамі пад самыя дзверы, зрабілі фотачку на памяць і зніклі. Як і абяцалі, абсалютна бесплатна. Індыя – краіна вялікіх кантрастаў, чаму я не перастаю здзіўляцца.

нов

І адразу на наступны дзень мне выпала магчымасць здзіўляцца з індусаў. Па дарозе ў Кхаджурахо я застопіў машыну, з якой праехаў цэлых 300 кіламетраў, што неверагодна шмат для Індыі.

Аўтамеханік, кіроўца, афіцэр і бізнэсмэн вандруюць па сваім штаце. Праехалі рэчку, у суседняй вёсцы набылі свежай рыбы (адразу ж на месцы яе чысцяць і разбіраюць) і замуцілі пікнік-паці. На газавай гарэлцы рабята прыгатавалі смачную вячэру (упершыню за амаль два месяцы пакаштаваў рыбу, вельмі рэдка іранцы і індыйцы ядуць яе), хлопцы дасталі неблагое лакальнае віскі – і пачалася весялосць! Разам з кіроўцам, ага. Зразумела, што пасля такой паці ўсе былі стомленыя, таму спыніліся на пару гадзінак паспаць. Глыбокай ноччу мяне завезлі пад самыя дзверы хоста з каўчсёрфінгу, а мы з індусамі развітваліся сапраўднымі сябрамі.

IMG_20160615_173513-01 IMG_20160615_175255_1-01

Мой хост з Кхаджурахо таксама быў гаспадаром гатэлю, таму я зноў меў начлег у камфортным уласным пакоі. Тут жа мне адказаў адзін мясцовы хлопец, які вывучае рускую мову. Упіска мне ўжо не была патрэбная, таму ён папрасіў сустрэцца, каб папрыктавацца і паразмаўляць з носьбітам мовы. Юнаку ўсяго 19 гадоў, рускую ён вучыў усяго паўгады ва ўніверсітэце Дэлі і шмат займаўся самастойна. Шчыра скажу, я быў здзіўлены ягоным узроўнем гутарковай мовы. Пушпэндра (якое экзатычнае імя ў чалавека!) рэальна марыць пра Расею і, нягледзячы на перашкоды з боку бацькоў, якія хочуць, каб ён працягнуў іх справу і стаў фермерам, хоча туды з’ехаць.

IMG_20160618_120451-01 IMG_20160618_111217-01

Неверагодна прыгожым храмам Кхаджурахо каля тысячы гадоў. Яны знакамітыя элементамі Камасутры ва ўпрыгожанні некаторых з іх. Больш за шэсць стагоддзяў яны былі згубленыя ў джунглях, пакуль брытанцы іх нанова не адкрылі і не зрабілі турыстычным месцам. Вельмі ўражвае, напэўна, адно з самых цікавых гістарычных месцаў у гэтым падарожжы.

IMG_20160618_113114_1-01 IMG_20160618_113303-01

У наступнай серыі я распавяду пра адзін з самых старажытных гарадоў на Зямлі, пра самае свяшчэннае месца для індуістаў — Варанасі. А таксама пра месца адпачынку Будды, якое прыцягвае тысячы будыстаў з усяго свету. Не пераключайцеся!

Аўтар выказвае падзяку сетцы турыстычных крамаў «Актыўная зона» за прадастаўлены прафесійны рыштунак.

Система Orphus