30.07.2016

 

Ужо выязджаючы з Кхаджурахо я адчуў першыя сімптомы растройства страўніка, але не прыдаў ім вялікай увагі. Як звычайна быў перакананы, што само пройдзе. І зрабіў вялікую памылку, з-за чаго дарога да Варанасі значна расцягнулася.

Упершыню ў жыцці прыйшлося пакінуць фуру, якую застопіў на ўсю ноч, бо ўжо проста сорамна было перад кіроўцам. У Індыі трэба пры самых першых недамаганнях і мінімальных сімптомах прымаць меры, бо пры мясцовым клімаце і ўзроўні гігіены тут наўрад ці нешта само па сабе пройдзе. Толькі праз дзень, намучыўшыся, я дабраўся да аптэкі. Тут высветлілася, што далёка не ў кожнай з іх разумеюць інгліш, мне пашчасціла толькі ў трэцяй. Дзякуй Богу, лекі даволі хутка падзейнічалі, і ўжо на наступны дзень мяне пачало адпускаць.

IMG_20160620_121231-01 Лекі каштавалі каля 3 рублёў

Збіраючыся ў Варанасі, як звычайна, напісаў некалькі запытаў на каўчсёрфінг. Але гэтым разам прыходзілі адмоўныя адказы, і толькі адзін хлопец напісаў, што можа прыняць мяне ў сваім гэстхаўсе…але за грошы. Гэта супраць правіл каўчсёрфінгу, але ён абяцаў мне добры прайс у добрым месцы. Мне нездаровілася, таму я вырашыў пагадзіцца. У выніку, як і трэба было чакаць, прайс быў нават вышэйшы за самы звычайны букінг. І што мне больш за ўсё не спадабалася – нельга было карыстацца кухняй. Таму, на наступны дзень, калі мне трохі палепшала, я засяліўся ў іншы таннейшы хостэл з высокімі адзнакамі на букінгу і з доступам да кухні. І ужо там, прыгатаваўшы сабе бульён і пасмажыўшы бульбу, я канчаткова прышоў у сябе.

IMG_20160624_175955-01

IMG_20160622_175440-01 Калі не ведаеш, што такое зіма, а пакатацца з горкі хочацца

Варанасі – адзін з самых старажытных гарадоў на свеце, лічыцца самым святым месцам у індуістаў. Гэта горад смерці, кожны індуіст марыць тут памерці і быць спаленым на беразе свяшчэннай ракі Ганг. Крэматорый пад адкрытым небам дзейнічае 3 500 гадоў без перапынку. Лічыцца, што калі тваё цела спалена тут, то карма на наступнае жыццё ачышчаецца. Існуе вельмі шмат адпаведных правіл і забабонаў, звязаных з працэсам крэмацыі. Напрыклад, забаронена здымаць будынак старажытнага крэматорыя пад адкрытым небам, могуць і пабіць.

Там паляць толькі тых, хто памёр сваёй смерцю. На кіламетровай адлегласці знаходзіцца крэматорый для забітых, самазабойцаў і ахвяр аварый. Тут здымаць можна амаль спакойна. Вакол прагульваюцца мінакі, некаторыя сядаюць паглядзець і абмеркаваць працэс. Тры метры далей – дзеці гуляюцца ў крыкет. Калі іхні мячык заляцеў у вогнішча, яны спрытнымі ўдарамі палак хутка выбілі яго адтуль. І ніхто не плача, у святым Варанасі плакаць забаронена, дрэнна для кармы. Жанчынам глядзець на крэмацыю таксама забаронена, бывалі выпадкі, калі яны кідаліся ў агонь ці тапіліся ў рацэ тут жа на месцы. Яшчэ не так даўно (менш за сотню гадоў) існаваў дзікі звычай «саці»: калі паміраў муж, то ўдава павінна была гарэць з ім у адным агне. Брытанцы звычай забаранілі і пачалі сувора караць за яго, дзякуючы чаму, паступова атрымалася яго перамагчы.

IMG_20160622_173936-01

IMG_20160622_121328-01

У гэтым падарожжы я тэсціў турэцкіх, іранскіх і індыйскіх цырульнікаў. Іранскія не спадабаліся: спачатку электрабрытвай пагалілі, пасля ўжо начыста, а кошт самы высокі сярод усіх. Туркі самыя крутыя ў гэтым, вельмі дбаюць пра чысціню, адмыслова прапарваюць скуру перад галеннем, пасля робяць масаж твару,  і ўсё ўключана ў агульны прайс (у Анкары аддаваў 5 лір, прыкладна 3,5 рублі). Індыйскія цырульнікі самыя танныя, але хутка і якасна. Трэба пільнаваць, каб замянілі лязо, бо ў іх гэта неабавязкова. Ну і стандартныя прахіндзейскія разводкі: пытаешся, колькі каштуе, адказваюць, што 50 рупій. Пачынаю таргавацца і дамаўляюся на 40 (прыкладна 1,2 беларускіх рубля). Цырульнік пагаліў мяне, а пасля пачынае нейкія розныя крэмы намазваць на твар, я з імі пасядзеў 5 хвілін, ён пасля зноў нешта намазаў і зрабіў лёгкі масаж. Пачынаю разлічвацца – опа! – а прайс ужо 140 рупій, тыпу, за масаж.
Я яму кажу, што ніякіх масажаў не замаўляў, а калі ён зрабіў без папярэджання, то гэта ягоная праблема. Я быў гатовы за гэта дакінуць 20 рупій, не больш. Сітуацыя ўскладняецца тым, што я даў яму сотку і чакаю рэшту. Пачынаецца стандартны спіч: бла бла бла, масаж, крэмы…

Я гляджу на яго сур’ёзна і кажу, што чакаю 40 рупій рэшты. Цырульнік крывіцца, дастае дваццатку. Я яму ківаю і кажу, каб дастаў яшчэ столькі ж. Індус пасылае мне гнеўныя позіркі, на якія я рэагую рашучым поглядам белага містэра, які будзе стаяць на сваім. Яны гэта добра ўлоўліваюць, і, калі бачаць упэўненасць у вачах, звычайна пасуюць. Крывіцца яшчэ больш, дастае другую дваццатку. Вось цяпер можна ўсміхнуцца, сказаць «сэнкью»  і рэціравацца.

IMG_20160624_182425-01

Той самы крэматорый пад адкрытым небам, які бесперапынна дзейнічае ўжо тры з паловай тысячы гадоў. Лічыцца, што агонь тут запальваў сам Шыва. Як я пісаў вышэй, здымаць тут жэстачайша забаронена. Гэта бізнэс, плаці (і нямала) нейкаму босу і здымай. А раз забаронена, то, канешне, трэба зняць! Выбраў непрыкметнае месца, пстрыкнуў парачку кадраў. Усё ок.

Падумаў, што трэба яшчэ відэа зняць. І тут мяне запалілі! Нейкі мужчына пачынае гарлапаніць, хватацца за галаву і зваць мяне, каб я падышоў. Увогуле індусы аматары крычаць праз паўвуліцы: што гандляры, што кіроўцы рыкшаў, што проста мінакі – і паказваць знакам, каб да іх падышлі. Паказваю гарлапану, што не буду падыходзіць і пачынаю накіроўвацца да выхаду, загадзя надзейна схаваўшы тэлефон. Мужчына даганяе мяне і пачынае агрэсіўна са мной размаўляць: «Ты парушыў маю культуру, выдаляй фоткі ці хадзем у паліцыю, цябе пасадзяць у турму». Гляджу на яго сур’ёзна, не міргаючы, паўхвіліны і спакойна адказваю: «Ок, пайшлі ў паліцыю». Праходзім тры крокі, індус кажа: «Выдаляй тут!». Я яму: «Не, не буду нічога выдаляць. Вось прыйдзем у паліцыю – там выдалю». Чувак пачынае шалець: «Давай валі адсюль, каб я цябе тут больш не бачыў!» – і сыпле праклёнамі. Чакаю хвіліну, каб ён выгаварыўся, калі адчуваю, што перагібае палку, перабіваю яго: «Яшчэ адно слова, і ты сам атрымаеш цялесныя пашкоджанні. Маеш прэтэнзіі – пайшлі ў паліцыю ці змоўкні». Чувак збаўляе абароты і паказвае, каб я хутчэй сыходзіў. Так што нічога выдаляць не прыйшлося.

IMG_20160622_112108-01 IMG_20160622_184433-01

Сямейны бізнес

Пабыўшы каля пяці дзён у Варанасі і наведаўшы месца прасвятлення Буды, я накіраваўся ў Кушынагар – месца ягонай смерці і пераходу ў паранірвану. Дабраўся я туды позна ўначы, адшукаў падыходзячы для начлегу дах і паклаўся спаць. А ранкам аказалася, што я спаў ледзьве не насупраць адной з галоўных будыйскіх святынь. Калі пачаў збірацца, мяне хутка заўважылі і, як гэта звычайна бывае ў Індыі, унізе імгненна сабраўся натоўп разявак.

IMG_20160627_125307-01 Месца спачынку Буды

IMG_20160627_124051-01

Так, незаўважна для сябе, я наведаў два з чатырох асноўных месцаў паломніцтва буддыстаў. Апроч пахавальні, дзе, паводле легенд, спачыў Будда, у Кушынагары месцяцца дзесяткі традыцыйных будыйскіх храмаў розных краін, дзе распаўсюджана гэтая рэлігія: Тайланд, М’янма, Тыбет, Кітай, Паўднёвая Карэя і іншыя. Цікава назіраць, наколькі яны адрозніваюцца, у хрысціянстве і ісламе такой вялікай розніцы няма.

IMG_20160627_120526-01Бірманская ступа

IMG_20160627_114406-01Кітайская пагада

IMG_20160627_134730_1-01

Набраўшыся будыйскага спакою і гармоніі, я рушыў у наступную краіну на маім шляху – Непал. Забягаючы наперад, скажу, што я знайшоў шмат падабенстваў Непала і Беларусі. Падрабязней пра мае непальскія прыгоды – у наступных серыях. Не пераключайцеся!

Аўтар выказвае падзяку сетцы турыстычных крамаў «Актыўная зона» за прадастаўлены прафесійны рыштунак.

Система Orphus

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *