05.08.2016

Апошнія некалькі дзясяткаў кіламетраў да інда-непальскай мяжы пакінулі адчуванне, нібыта тут толькі ўчора скончылася вайна. Нават па індыйскіх мерках, дарога, а дакладней амаль поўная яе адсутнасць, пакідала надзвычай жахлівае ўражанне. Таму, і так невялікая хуткасць перамяшчэнняў упала да 15 кіламетраў у гадзіну.

Мяжа паміж Індыяй і Непалам падзяляе два невялікіх гарадкі, праз якія праходзіць ажыўлены транспамежныны рух. Калі не заганяцца, то мяжу можна і так прайсці, усім рэальна ўсё роўна. Я думаў, што тут, як звычайна, шлагбаум, памежнікі, усё, як трэба. Усе ідуць, і я іду. Тут бачу: нешта не так, у паліцэйскіх чамусьці форма памянялася. Падыходжу, пытаю, дзе ў іх тут эмігрэйшн офіс.

– Вунь, насупраць, – адказвае вайсковы і паказвае на будынак, які на 20 метраў далей.

– Я выбачаюся, а чый гэта офіс?

– Наш, непальскі.

– А індыйскі дзе?

– Дык гэта вам назад на два кіламетры трэба!

IMG_20160628_181943-01

Хуценька стоплю матацыкл, вяртаюся. У індыйскім эмігрэйшэн офісе няма святла, мне кажуць, каб пасядзеў і пачакаў. Увогуле, у Індыі гэта даволі частая праблема, электрычнасць прападае пастаянна і паўсюль, я, па-мойму, толькі ў Дэлі з гэтым не сутыкаўся. Пакуль запускалі генератар, я паразмаўляў з кіраўніком. Яму было цікава, ці ёсць у невядомай для яго Беларусі праблемы з электрычнасцю. Пачуўшы адмоўны адказ, той пачаў пераконваць, што хутка з гэтым навядуць парадак, новы прэмьер-міністр Індыі Нарэндра Модзі за гэта сурʼёзна ўзяўся. Усе вельмі паважаюць Нарэндра Модзі, я шмат добрага чуў пра яго ад індусаў. Праўда, зусім хутка, ужо на непальскім баку, я даведаўся, што непальцы яго зусім не любяць. І, як выявілася, не беспадстаўна.

Запусцілі генератар, пачалі мяне афармляць. Сапраўдная Індыя: там, дзе дастаткова аднаго чалавека, тут іх будзе чатыры, і ўсе па чарзе будуць перадаваць адзін аднаму мой пашпарт. Аформілі, пажадалі добрай дарогі, і я рушыў назад у Непал.

На тым баку ўсё больш цывілізавана: электрычнасць ёсць, усяго два чалавекі ў офісе (і гэта ім яшчэ візу трэба наклеіць, а не проста выезд аформіць!). Запоўніўшы анкету, даў свой фотаздымак. Хутка мне ў пашпарт наклеілі візу – дагары нагамі, далі рэшту з сотні баксаў (месячная віза каштуе 40$). І дабілі выразам: «Вэлкам ту Нэпал!». Вось тут я здзівіўся, я з самай Грузіі гэтага не чуў, ужо забыў нават, што такое бывае.

IMG_20160629_105339-01

Пакуль я перасякаў мяжу, сцямнела. Змяніў некалькі матацыклаў, каб выехаць з памежнага гарадку. У апошняга кіроўцы – шаснаццацігадовага падлетка з неблагой ангельскай – запытаўся, ці ёсць у іхняй вёсцы якое-небудзь месца, каб танна пераночыць. «Пачакай, белы містэр, зараз даведаюся», – адказвае хлопец, некуды тэлефануе і праз тры хвіліны знаходзіць мне абсалютна бясплатны пакой. Пасля, разам з сябрам яшчэ паўгадзіны падрубае там электрычнасць, каб паставіць вентылятар, бо інакш мне было б горача спаць. Я быў сапраўды здзіўлены такой гасціннасцю, асабліва пасля Індыі, дзе ўсім рэальна ўсе роўна.

Такім чынам, Непал для мяне адразу ж дасягнуў высачэзнай планкі, і, як выявілася пазней, трымаў яе да самага канца.

IMG_20160628_213458-01 IMG_20160629_080129-01

На наступны дзень раніцой мяне разбудзіў мой новы сябра і запрасіў на сняданак. Вялікая непальская сямʼя з цікавасцю разглядала госця з далёкай краіны, жвава распытвала пра жыццё ў Еўропе і частавала мяне рознымі смачнымі стравамі. Але ж доўга затрымлівацца ў іх я не мог, у Катманду мяне ўжо чакаў хост. Змяніўшы некалькі матацыклаў і машын, я застопіў джып недзе на 30 кіламетраў у бок сталіцы. Праехаўшы крыху, кіроўца прыпыніўся каля пастарунку дарожнай паліцыі.

Ён паразмаўляў з даішнікамі, і тыя паклікалі мяне, прапанавалі прысесці і папіць соку.

Кіроўца прынёс мой заплечнік, а паліцэйскія кажуць: «Адпачні пакуль, зараз мы спынім для цябе што-небудзь да самага Катманду». Цягам дзесяці хвілін  мяне бясплатна пасадзілі ў маршрутку (так у іх называецца джып, куды ўлазяць 12 чалавек і неабмежаваная, на першы погляд, колькасць грузаў).

IMG_20160629_111040-01

У Катманду мяне ўжо чакаў вельмі цікавы хост. Shyam – мастак і дызайнер, прайшоў шлях ад «чоткага» пацана на раёне да аднаго з самых крутых непальскіх дызайнераў. Працаваў за мяжой, але вярнуўся, бо «Непал – самая крутая краіна на свеце!». Чалавек з выдатнымі ведамі пра сваю Радзіму, распавёў мне шмат цікавага. Аказваецца, у нашых краін шмат агульнага (у іх таксама ёсць «старэйшы брат», а індыйская ўлада ў дачыненні да суседзяў часта паводзіць сябе, як Крэмль, – падрабязней напішу пра гэта ў адной з наступных серый). Shyam аказаўся настолькі «сваім» чалавекам, што з ім можна было абмяркоўваць абсалютна любую тэму – і дзівіцца, наколькі падобныя ў нас меркаванні. Што самае важнае – гэта чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, што ў дадзеным рэгіёне зʼява даволі рэдкая.

IMG_20160704_174853-01

Калі ў Непале здарыўся землятрус, замест таго, каб паехаць у свой родны горад, куды стыхія не дабралася, Shyam за ўласныя грошы закупаў рэчы для гуманітарнай дапамогі і разам з паплечнікамі дастаўляў яе ў самыя пацярпелыя раёны. З гэтага вырасла грамадзянская кампанія і краўдфандынг, у выніку якога была сабраная вялікая для Непала сума.

Як толькі я прыехаў у Непал, пачаўся сезон дажджоў. Некалькі дзён ліло так, што немагчыма было выйсці на вуліцу. Таму выбрацца паглядзець горад у мяне атрымалася толькі на трэці дзень. Таксама ў маіх планах у Катманду было атрымаць візу ў Тайланд і Бангладэш.

IMG_20160702_131807-01

У наступнай серыі я падрабязна апішу свой дзень у непальскай сталіцы. У адным з выпускаў я паказваў, як выглядае мой дзень, калі я кудысьці еду. Цяпер прыйшоў час паказаць, чым я займаюся, калі ўжо даехаў да патрэбнага месца. Не пераключайцеся!

Аўтар выказвае падзяку сетцы турыстычных крамаў «Актыўная зона» за прадастаўлены прафесійны рыштунак.

Система Orphus

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *