12.08.2016

Як я і абяцаў у мінулай серыі, у гэтым выпуску падрабязна апішу адзін свой дзень у непальскай сталіцы. Першыя тры дні з-за моцных дажджоў я амаль не выходзіў з дому майго хоста. Пасля ён мусіў зʼехаць з горада, і пры дапамозе каўчсёрфінга я знайшоў новае месца, дзе спыніцца. Мой новы хост – відэаблогер, стварае першы ў Непале блог на тэхнічна-кампутарную тэматыку. У кватэры на ўскрайку Катманду, якую ён здымае разам з жонкай і братам, і пачаўся гэты дзень.

8.28 Прачынаюся даволі позна, улічваючы, што консульствы Тайланда і Бангладэша, якія я планаваў наведаць, працуюць да 11.00 і знаходзяцца на іншым баку непальскай сталіцы. Таму хутка прымаю душ, апранаюся, збіраю ўсе, што будзе патрэбна цягам дня, у маленькі заплечнік і выходжу.

IMG_20160713_114833-01

9.02 Так, як і паўсюль у Азіі, у Непале на кожным кроку прадаюць разнастайную вулічную ежу на любы густ. Нечакана для сябе я сустрэў нешта падобнае на чабурэкі, танныя (каля 50 капеек) і вельмі смачныя. Хутка снедаю імі, а запіваю традыцыйнай гарбатай на малацэ.

IMG_20160708_180938-01

9.18 Лаўлю першы матацыкл, каб сіцістопам дабрацца да тайскага консульства. У Катманду вельмі ажыўлены рух, не заўжды кіроўцы прытрымліваюцца правілаў, але ў параўнанні з Індыяй – гэта ўсё верх дысцыплінаванасці.

IMG_20160630_110518-01

10.08 Змяніўшы пяць матацыклаў, дабіраюся да консульства Тайланду. Апошні кіроўца нават адмыслова збочвае з галоўнай вуліцы, каб падкінуць мяне пад самыя дзверы. Праўда, тут мяне чакала расчараванне: грамадзянам трэціх краін візы тут не робяць, бліжэйшае месца, дзе я змагу атрымаць тайскую візу, – індыйская Калькута.

Варта падрабязней распавесці, чаму я вырашыў наведаць Тайланд, хаця раней гэта ў мае планы не ўваходзіла. Справа ў тым, што, каб перасекчы інда-бірманскую мяжу па зямлі, неабходна атрымаць адмысловы дазвол ад уладаў Мʼянмы. Гэта азначае, што трэба звязвацца з турыстычнымі агенствамі ў Янгоне (галоўны горад Мʼянмы), і праз іх атрымліваць дазвол. Два з трох агенстваў, з якімі я звязваўся, увогуле не адказалі. У апошнім мне паведамілі, што ў сувязі з нейкім абвастрэннем сітуацыі ў памежным рэгіёне, дазволаў цяпер не выдаюць зусім. Нечакана прыйшлося шукаць іншыя спосабы выехаць з Індыі. Самым танным і зручным з іх аказаўся Тайланд, квіток на самалёт індыйскім лоўкостам каштаваў усяго каля 80$. Праўда, тут выявіўся адзін непрыемны нюанс: Беларусь – адна з нешматлікіх еўрапейскіх дзяржаў (разам з Малдовай і шэрагам балканскіх краін), чыім грамадзянам патрэбна віза ў Тайланд. Усе нашыя суседзі могуць атрымаць яе па прылёце, нам жа неабходна рабіць яе загадзя. Пры гэтым, у Мінску няма тайскага консульства, для атрымання візы трэба ехаць у Маскву. Ці рабіць яе праз турагенства, чые паслугі будуць каштаваць столькі ж, колькі і сама віза.

IMG_20160630_112003-01

10.32 Было менш, чым за паўгадзіны да закрыцця, калі  я прыехаў у консульства Бангладэша. Пры сустрэчы з консулам я паказаў дарожную грамату і распавёў пра сваё падарожжа, пасля гэтага мяне папрасілі пачакаць. Недзе хвілін праз сорак мне адмовiлi ў выдачы візы ў Катманду і таксама параiлi ехаць у Калькуту. Напэўна, прыйдзецца абмінуць Бангладэш у гэтым падарожжы.

IMG_20160630_121100-01

11.47 Па дарозе ў цэнтр бачу кравецкую майстэрню. Паказваю, што мне трэба падшыць цюбецейку. Так, як і гасцінны індыйскі кравец, непальцы ўсё зашылі хутка, прафесійна і бясплатна. Тут жа даведаўся, што ў Непале існуе свой каляндар (бачны на фота), паводле якога цяпер 2073 год. Ягоны адлік ідзе ад пачатку праўлення легендарнага імператара Вікрамадзіцыя ў 56 годзе да н.э.

IMG_20160630_131436-01

13.12 Нечакана для сябе знаходжу краму з еўрапейскай ежай. Нягледзячы на высокія кошты, набываю прадукты, па якім я вельмі сумаваў у Індыі. З агромністай асалодай абедаю ў нейкім дворыку ў цэнтры Катманду. Божа, наколькі ж смачным было гэтае салямі з сырам!

IMG_20160630_145959-01

13.47 Паабедаўшы і адпачыўшы крыху, выходжу на шпацыр па старым горадзе. Перманентна ідзе дождж, але не такі моцны, як у мінулыя дні, таму можна спакойна гуляць.

IMG_20160630_155521-01

14.35 Праходзячы міма галоўнага паштамта, адпраўляю некалькі паштовак родным і сябрам. Адну з іх – палітзняволенаму Эдуарду Пальчысу. Падтрымайце вязня сумлення, чалавеку за кратамі гэта вельмі важна!

IMG_20160708_141027-01

15.10 Гуляючы па цэнтру, набываю сабе ціштотку з выявай Ганэшы – індускага бога ўдачы і дабрабыту. Добры матэрыял – 100% бавоўна, якасны прынт і невысокі кошт (каля 10 беларускіх рублёў).

IMG_20160630_160543-01

15.44 У выніку страшнага землятрусу, які адбыўся ў красавіку мінулага году, у Непале загінула больш за паўтары тысячы чалавек. Шмат вёсак былі літаральна сцёртыя з твару Зямлі, значна пацярпела і непальская сталіца. Шмат разбураных будынкаў і зараз можна пабачыць у старым горадзе. Шчыра кажучы, гэтыя разбурэнні вельмі падобныя на стан шматлікіх занядбалых замкаў і палацаў у Беларусі. Толькі ў нас не бывае землятрусаў.

IMG_20160703_165718-01

16.25 Раблю традыцыйны здымак на памяць на фоне старога Катманду і вяртаюся да майго хоста. Сёння ў праграме беларуская вячэра.

IMG_20160703_171459-01

17.03 У невялікай краме каля дома набываю ўсё, што неабходна для дранікаў.

IMG_20160806_153431-01

17.45 Вяртаюся дадому да майго хоста. Аказваецца, што ва ўсім раёне няма святла. Так я даведваюся традыцыйны непальскі жарт: «What does NEPAL mean? No Electricity Petrol And Lp-gas» («Што азначае НЕПАЛ? Няма святла, паліва і газу»). Гатуем пры свечках, з-за таго, што ў наяўнасці толькі адна маленькая патэльня, увесь працэс значна расцягваецца.

IMG_20160630_205104-02

20.02 Нарэшце сядаем вячэраць. Рабятам вельмі падабаюцца дранікі з нямецкімі каўбаскамі, непальцы падрабязна распытваюць рэцэпт, каб прыгатаваць дома бацькам. За ўвесь час у Непале я каля пяці разоў гатаваў дранікі для маіх хостаў, і ўсім яны вельмі спадабаліся. Draniki connecting people!

IMG_20160630_220123616-01

21.36 Перад сном раблю пранне. Як і ў Індыі, у Непале я нідзе не бачыў у дамах пральных машын – усё робіцца ўручную.

22.07 Улёгшыся ў ложку і пстрыкаючы на пульце тэлеканалы ў пошуках нечага цікавага, пабачыў абсалютна новы для мяне спорт: каббадзі. Гэта нешта накшталт гульні ў салкі з элеметамі барацьбы. Гульні, дарэчы, чатыры (!) тысячы год! Глядзець на гэта вельмі прыкольна.

IMG_20160710_210441-01

Паглядзеўшы трохі тэлевізар і пачытаўшы навіны ў інтэрнэце, апоўначы засынаю.

У наступнай серыі я працягну апісваць свае непальскія прыгоды і параўнаю Непал з нашай Беларуссю. Не пераключайцеся!

Аўтар выказвае падзяку сетцы турыстычных крамаў «Актыўная зона» за прадастаўлены прафесійны рыштунак.

Система Orphus

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *