19.08.2016

У Катманду я правёў дзесяць дзён, мне вельмі спадабалася непальская сталіца. Мой трэці хост у гэтым горадзе працаваў у мясцовым Балівудзе. Увогуле, хосты ў Катманду адзін цікавей другога: дызайнер і мастак, відэаблогер, і вось цяпер — кіношнік. Дзякуючы яму, я цэлы дзень правёў на нацыянальнай кінастудыі. Там на двух пляцоўках паралельна здымалі два фільмы. Сюжэты незамыславатыя: у адным, дзе ў ролі другога плану грае мой хост, рабуюць банк, грошы па дарозе да боса, канешне ж, губляюцца, і далей — класіка жанру. У другім нешта пра каханне, кіднэпінг і чужых жонак.

IMG_20160707_150129_HDR-01 IMG_20160707_193040-01

Усё праходзіць на пазітыве, мы пазнаёміліся з кіношнікамі, яны мяне распытвалі, у якім стане знаходзіцца кінематограф у невядомай для іх краіне Belarus, на што здымаюць, якія бюджэты і касавыя зборы. Рэжысёр фільма з другой пляцоўкі таксама падышоў пазнаёміцца, перакінуцца парай словаў. «Чаму ты стаіш, прысядзь!» – і крэсла мне падсоўвае. Кормяць, гарбатку падносяць пастаянна, частуюць манга і іншай садавінай.Тэарэтычна, я б таксама мог зняцца, але ў гэтых фільмах не было роляў для белых, якія звычайна граюць розных злодзеяў. У Мумбаі кастынг для белых пастаўлены на прафесійныя рэйкі, у хостэлы прыязджаюць адпаведныя людзі і набіраюць актораў для масоўкі ці нязначнай ролі. За дзень  такім чынам можна зарабіць 10-20$.

IMG_20160707_152929_HDR-01

Вельмі цікава было паглядзець, як здымаюць непальскія фільмы і сфатаграфавацца з мясцовымі кіназоркамі. Аказваецца, нягледзячы на засілле балівудзскіх фільмаў, у якіх непараўнальна большыя бюджэты, непальскі кінематограф даволі паспяхова з імі канкуруе ў межах краіны. Як і ў нас, шмат што робіцца і здымаецца з мінімальнымі бюджэтамі і на чыстым энтузіязме. Але, у адрозненне ад Беларусі, сваё кіно ў Непале вельмі любяць і з задавальненнем на яго ходзяць, таму тут фільмы  часта атрымліваюць добрыя касавыя зборы.

У адзін з вечароў у Катманду я вырашыў схадзіць у кіно. Нажаль, нічога непальскага не паказвалі, таму вырашыў паглядзець балівудскі фільм «Султан», рэклама якога, гучала «з кожнага праса» і пераследавала мяне ўжо не першы месяц. Квіток, па мясцовых ўмовах, дарагі (~3.5$). Кінатэатр вельмі камфортны, абʼёмны гук, крэслы на чвэрць адкідваюцца. Поўная заля гледачоў, усе вельмі жвава рэагуюць на тое, што адбываецца ў фільме: калі на экране ўпершыню з’явіўся галоўны герой, былі бурныя авацыі, калі быў нейкі жарт, то ўсе рэальна плакалі са смеху. Сюжэт, зноў жа, немудрагелісты, хоць я і не ведаю хіндзі, я лёгка зразумеў, пра што фільм: быў добры хлопец, выпадкова стварыў ДТЗ, з-за чаго крыху пацярпела дзяўчына, у якую ён тут жа закахаўся. Усё паліткарэктна: хлопец-індус, дзяўчына-мусульманка. Яна яго ігнаруе і займаецца барацьбой, таму і ён пачынае трэніравацца і становіцца сусветным чэмпіёнам.

IMG_20160708_200733_HHT-01

Фільм зняты цікава, усе гэтыя кавалкі, дзе танчаць і спяваюць, дадаюць дынамікі сюжэту. Вельмі круты саўндтрэк, гледачы падпяваюць, у кіназалі вельмі пазітыўная атмасфера. Я і раней заўважаў, што ў хіндзі вельмі шмат англіцызмаў, а ў фільме быў проста перабор. Непальцы глядзяць індыйскае кіно без перакладу і тытраў, выдатна разумеюць, хаця мовы адрозніваюцца паміж сабой прыкладна, як беларуская і ўкраінская.

IMG_20160718_163007-01 IMG_20160713_182418_1-01

Пра некаторае падабенства Непала і Беларусі я ўжо казаў, паспрабую дакладна апісаць, што я меў на ўвазе. Перад усім, тое, што адразу кінулася мне ў вочы: у Непале чыста. Не настолькі, як у Беларусі, але ў параўнанні з суседняй Індыяй – гэта адчувальна. Таксама тут менш хаосу. Зразумела, што на непальскіх дарогах кіроўцы не вельмі строга прытрымліваюцца ПДР, але, па індыйскіх мерках, тут значна вышэйшая культура кіравання. Ад непальцаў часта можна пачуць, што ў дачыненні да іх індыйцы паводзяць сябе з пазіцыі «старэйшага брата» і пастаянна спрабуюць дамінаваць. Прычым, як простыя людзі, так і ўрад. Кульмінацыяй умяшання ва ўнутраныя справы Непала стала паліўная блакада, якую індыйскі ўрад зладзіў праз некалькі месяцаў пасля жахлівага землятрусу. Фармальна, паліва ў Непал не трапляла з-за беспарадкаў, арганізаваных індыйскай меншасцю, якая патрабавала зменаў у канстытуцыі. Але ўсе мае суразмоўцы былі абсалютна перакананыя, што гэтым самым Індыя хацела правучыць свайго «малодшага брата». Нам гэта знаёма, так?

IMG_20160718_191153-01

Праўда, выйшла не так, як хацелася індыйскім уладам, а хутчэй наадварот: упершыню непальскі ўрад падпісаў маштабныя гандлёвыя пагадненні з Кітаем, што паступова аслабіць залежнасць ад Індыі.

Таксама мне шмат распавядалі пра паступовую акупацыю кавалачкаў непальскіх тэрыторый Індыяй. Калі, напрыклад, поле належала непальскаму селяніну, які яго апрацоўваў, а цягам адной ночы яго занялі індыйскія жаўнеры. Такіх гісторый за апошнія пару год здаралася шмат. У гэтым таксама можна прасачыць пэўныя паралелі з нашымі суседзямі. Я разумею, што прадставіў аднабокія і субʼектыўныя меркаванні непальцаў. Але, калі чуеш падобнае пастаянна ад розных суразмоўцаў, разумееш, што дыму без вагню не бывае.

IMG_20160719_131949-01

Пасля Катманду я накіраваўся ў галоўны непальскі курорт – Покхару. Горад вядомы сваім маляўнічым возерам Пхева, а таксама тым, што тут пачынаюцца трэкінгавыя маршруты да шэрагу гімалайскіх васьмітысячнікаў. Нажаль, з-за сезону дажджоў я не змог схадзіць у трэкінг па Гімалаях. Наступным разам абавязкова разлічу час свайго прыезду ў Непал так, каб пахадзіць па гарах. Таму, зладзіўшы традыцыйную акцыю «Акунусь за Беларусь!» і пахадзіўшы трохі вакол возера, я стаў чакаць калегу-валацугу з Беларусі.

IMG_20160713_175341-01

Сяргей, беларускамоўны айцішнік з Мінску, ужо больш, чым паўгады вандруе па Індыі і Непале. Асабіста мы не былі знаёмыя, толькі праз фэйсбук. Заўжды прыемна сустрэць суайчынніка ў далёкай вандроўцы, паразмаўляць на роднай мове (апошні раз ужывую па-беларуску я размаўляў яшчэ ў Іране) і абмеркаваць розныя падарожныя тэмы. Вырашылі разам трошкі павандрававаць, наведаць прыгожы гарадок Тансэн і Лумбіні – месца народжэння Буды. Роўна год таму ў Кітаі я таксама падарожнічаў з беларусам, з якім пазнаёміліся праз агульных знаёмых у фэйсбуку. Выдатна, што ўсё больш нашых людзей вандруюць і іх можна сустрэць паўсюль.

IMG_20160715_172811-01

Лёгка знайшліся хосты ў абодвух месцах, куды мы запланавалі патрапіць. На здзіўленне, аўтастоп для нас, двух хлопцаў, таксама быў даволі хуткім. Адзінае, што замінала – перманентны дождж. Але ж гэта не стала нам перашкодай, мы перачакалі залеву ў нашых хостаў і наведалі ўсё, што планавалі. Але ж без прыгодаў не абышлося. Лумбіні, месца нараджэння Буды – гэта агромністы комплекс, дзе апроч месца нараджэння Буды месцяцца дзесяткі манастыроў і ступаў у традыцыйных стылях розных будыйскіх краін. Усё гэта выглядае неверагодна прыгожа. Уваход у манастыры бясплатны. Апроч непасрэдна месца нараджэння, якое прызнана абʼектам ЮНЭСКА, з-за чаго і прайс адпаведны.

Таму мы ціхенька прайшлі агародамі і пералезлі праз плот. Ходзім, спачатку ўсё нармальна. І тут нешта на нас пачынаюць пазіраць неяк не так. «У чым праблема?» – думаю. Трэба было пакінуць боты перад уваходам у комплекс! А мы разгульваем з імі ў руках. І ў гэты момант нас канчаткова «папалілі»: «Вэр із ёр цікет, містэр?» – запытаў нас ахоўнік. Так што прыйшлося рэціравацца.

IMG_20160722_165721-01 IMG_20160722_172400-01

У наступнай серыі я распавяду пра сваё вяртанне ў Індыю, якое далося мне нялёгка, пра дваццацігадзінныя прыгоды ў індыйскім цягніку, паездку на акіян і развітанне з гэтай краінай. Не пераключайцеся!

У Непале падчас сезону дажджоў дарогі ператвараюцца ў рэкі, таму аўтастоп  становіцца  гідрастопам;)

Аўтар выказвае падзяку сетцы турыстычных крамаў «Актыўная зона» за прадастаўлены прафесійны рыштунак.

Система Orphus