26.08.2016

Фарбы беларускай вёскі

На напісанне гэтага артыкула мяне натхніла, як бы гэта дзіўна не гучала, прамова вядучай на нейкім радыё, якое я слухала ў машыне, калі вярталася дадому – у родную вёску. Думка радыёвядоўцы зводзілася да таго, што падарожжа – гэта не толькі пакарэнне горных вяршыняў, вялікіх гарадоў і закінутых  палацаў, а гэта, хутчэй, стан душы!

Падарожжам лічыцца і выхад за межы мясца, у якім жывеш… І нават палёт у сне! І яна казала гэта з такімі прыемнымі інтанацыямі (вы ж ведаеце, як магічна гэта робяць жанчыны з радыё), што словы надоўга заселі ў маёй галаве!

Менавіта таму я вырашыла расказаць пра нашыя падарожжы па вясковых ваколіцах.

IMG_4102

Яшчэ адной падставай для гэтага артыкула стала тое, што я часта чую наступныя фразы: «Канешне, у вас іншыя магчымасці для падарожжаў! А я што? Мне з Барысава не зручна кудысьці ехаць!» Дык вось. Магчымасцей (у плане геалакацый) у мяне куды менш, чым у любога чытача гэтага артыкула. Я з маленькай вёскі Боркі Менскай вобласці (паміж Слуцкам і Бабруйскам). Але яе часта называю хутарам, бо людзей засталося вельмі мала, няма крамы і нават калгас адсутнічае (цуд для Беларусі!). Таму, каб купіць хлеба ці паглядзець на кароў, напрыклад, мне трэба ехаць за 2-3 кіламетры ў суседнія вёскі.

У вёсцы, акрамя нас з сястрой, больш дзяцей не было. Але і яна потым перайшла ў іншую школу ў пошуках лепшага лёсу. Ці не сумна мне было ў вёсцы адной? (Гэтае пытанне, дарэчы, займае першае месца ў топе пытанняў пра маю вёску). Канешне не сумна! Хоць Боркі і ўяляюць сабой прамую вуліцу даўжынёй каля 2 кіламетраў, і толькі нядаўна вёска з’явілася на беларускай мапе, але ў такім месцы не магчыма быць адзінокім. Жыццёвых гісторый у мяне шмат, як вясёлых, так і не вельмі, таму ў залежнасці ад гэтага, мая вёска набывае розныя колеры…

IMG_3184

І, ведаеце, гэта неверагоднае пачуццё, калі прыязджаеш у вёску, хуценька робіш усю працу (часам гэта займае 1-2 дня), а потым хапаеш свой ровар і імчыш па абшарах родных мясцін (родным месцам жа лічыцца тое, дзе цябе выгадавалі і дзе ты  стаў асобай, так?)

Навошта я вам усё гэта расказваю? Бо я прытрымліваюся той думкі, што ў сапраўднае падарожжа трэба адпраўляцца толькі з праверанымі і духоўна блізкімі людзьмі.

IMG_3292

І таму, пакуль няма магчымасці паехаць у некаторыя гарады Беларусі, то мы падарожнічаем на роварах па землях, дзе стаяць нашыя хаты. Таму з поўнай упэўненасцю можна сказаць, што ровар адкрывае перад намі ўсё новыя і новыя гарызонты.

Але, насамрэч, з роварам не заўсёды зручна падарожнічаць. Неяк адна знаёмая расказала мне цікавую інфармацыю пра класіфікацыю ровараў, згодна якой самы «не круты» (мякка кажучы) ровар у асяроддзі бывалых раварыстаў называецца «ашан». У адпаведнасці з гэтай класіфікацыяй мой ровар «ашан» у квадраце. Мой сябра сабраў небараку з запчастак, знойдзеных ім на гарышчы, і пафарбаваў балончыкам у мой любімы колер – барвовы. Ні тармазоў, ні перадач, зразумела, няма…

Гэта, безумоўна, не падстава для гонару, ды і небяспечна так ганяць, але для язды па лясах і палях вельмі прыдатны. З прычыны гэтага часам адабываюцца канфузы. Напрыклад, калі да цягніка 10 хвілін, і ты бяжыш з роварам (часам спрабуеш нават ехаць) па пшанічнаму полю да чыгункі, і ў цябе рэзка падае ланцуг і… Ведаеце, тое пачуццё, калі твой цягнік ганарліва сыходзіць, а ты, гледзячы яму ўдалячынь, робіш спробы адрамантаваць сваё «хараство».

IMG_3296

Ці, напрыклад, два тыдні таму яго скралі ў лесе (нават налепачка «Пагоня» не дапамагла)…

Але навучанне на юрыдычным не прайшло дарма: з дапамагой маіх крыміналістычных ведаў ровар быў знойдзены! Адразу быў зроблены агляд месца здарэння на наяўнасць слядоў, у выніку якога было ўсталявана, што злодзеі рушылі ў маю вёску, а не ў суседнюю. Потым быў дапытаны сведак – трактарыст, які назваў прыкметы вясковых зладзейчыкаў,  справа заставалася  за малым… Самі разумееце – вёска! Усе ўсё пра ўсіх ведаюць. Такім чынам, усё абыйшлося (хоць і вельмі непрыемна было на той момант). Вось так я аднойчы схадзіла на паўгадзінкі ў суседні лес па грыбы. Падобныя гісторыі з’яўляюцца неад’емнай часткай вясковых падарожжаў.

IMG_3362

Пра што гэта я? Так-так, пра падарожжа па абшарах родных мясцін. Ведаеце, для нас гэта нармальная з’ява амаль праз дзень накручваць 3-4 дзесяткі па вясковых ваколіцах. І самае дзіўнае ў гэтым тое, што мы заўсёды знаходзім штосьці цікавае і новае, хоць і праязджалі ўжо па гэтай дарозе 100 разоў! Кожны раз тыя ці іншыя месцы ззяюць рознымі фарбамі! І я не разумею тых людзей, якія кажуць, што ў іх мясцінах няма на што паглядзець. Калі шчыра любіш свае мясціны, то для цябе любая палянка ў лесе будзе здавацца цудам! Так і мне ў маіх Борках…

IMG_3643

У адным фільме прагучала цікавая фраза: «…но на самом деле это души – деревья, что мы видим зимой. Они выглядят как человеческие души. Переплетенные души, обычные души, сумасшедшие души… Всё зависит от рода жизни, которую человек ведет. Я нашел своё дерево. Дерево моей души. И ты узнаешь, когда увидишь его…»  Я вельмі захапілася гэтай ідэяй некалькі гадоў таму, і пры вандроўках па ваколіцах я шукала Яго (тут павінна граць нейкая рамантычная музыка, як у лепшай меладраме). І, ведаеце, мне здаецца, што я знайшла яго. Гэта разгалісты і поўны моцы Дуб. Ён знаходзіцца каля суседняй вёскі, дзесьці пасярод поля. Для мяне гэта вельмі сімвалічнае месца, таму што маё дрэва расце на зямлі маіх продкаў, на зямлі, якую яны першыя апрацавалі… Тлумачу: справа ў тым, што менавіта на гэтых землях некалі мой прапрадзед паставіў сядзібу – заснаваў хутар. Зараз вёска мае назву «Дуброўскія хутары». Хіба не сімвалічна, што маё дрэва знаходзіцца тут?

фт 1

У апошні час я ўзяла за звычку прачынацца на світанку а 4-5 раніцы, браць ровар і накручваць кіламетры па напоўненых сонейкам дарогах, залатых палях і рассякаць духмянае паветра! Але ва ўсім гэтым самае любімае – гэта туман, які містычным чынам надае чароўнасць звычайным мясцінам. У галаве ўсё круцяцца і круцяцца словы: «Схавацца ў туман…». Тэкст не можа перадаць тыя краявіды, водар і гукі вясковай раніцы, але спадзяюся, хоць фотаздымкі змогуць перанесці вас сюды, да мяне.

фт2

Той, хто жыве ці жыў у вёсцы, зараз павінен зразумець мяне. Простыя рэчы (зараз нявольна ў галаве зайграла аднайменная песня N.R.M), якія не заўважаў у дзяцінстве, зараз прыводзяць у такое захапленне, што, назіраючы за імі, можаш не заўважыць, як прайшло некалькі гадзін. У каго яшчэ гэтыя кветкі асацыююцца з вясковым пакошаным лугам, драўляным плотам і яркімі аканіцамі хат?

фт 3

Дарэчы, тэму вёскі частва выкарыстоўваў таленавіты мастак Кастусь Качан. Зараз у Наваградку знаходзіцца яго прыватная мастацкая галерэя (насупраць руін замка). Таму вельмі раю ўсім, хто будзе ў Наваградку, зайсці і атрымаць асалоду ад мастацтва і ад гутарак з самім мастаком, які абавязкова запытаецца пра вашыя ўражанні ад яго творчасці.

Фт 4

У кожнага вёска асацыюецца з нечым сакральным. Лічу, што гэтым летам кожны павінен правесці там хаця б некалькі дзён. Чым можна заняць сябе ў вёсцы: шпацырам па хваёвым лесе, ці назіраннем за зорачкамі з мяха саломы, ці гатаваннем ежы на вогнішчы, ці купаннем у прудах, ці паяданнем яблык ды сліў, ці зборам траў на зімовую гарбатку… Карацей, звяртайцеся да мяне, я хутка вам прыдумаю справу! Але тое, што гэта будзе адна з самых  яскравых вандровак, – я вам гэта абяцаю!

IMG_3203

А напрыканцы хачу ўзгадаць словы Міхася Стральцова з твора «Сена на асфальце»: «Я ведаю, што без вёскі нельга, але і без горада нельга таксама. Што я думаю, дык гэта – каб тое і другое ў чалавечай душы прымірыць…»

Дарэчы, стаўце пад сваімі фотаздымкамі з беларускіх гарадоў і мястэчак хэштэг #ihetabelarus, каб мы разам захапляліся беларускай прыгажосцю!

Система Orphus