26.08.2016

Правёўшы ў Непале амаль месяц і павандраваўшы трохі па гэтай неверагодна прыгожай краіне, я мусіў вярнуцца назад у Індыю. Праз два тыдні ў мяне быў вылет у Тайланд з Калькуты, а візы ўсё яшчэ не было. Там я павінен быў вырашыць гэтую праблему, бо, як высветлілася, тайскае консульства ў Катманду не выдае візы грамадзянам трэціх краін

Развітаўшыся з Сяржуком, маім беларускім спадарожнікам, я рушыў з памежнага Лумбіні ў бок Індыі. Памяняўшы некалькі матацыклаў, хуценька дабраўся да мяжы, якая ўяўляе сабой брамы, праз якія цячэ няспынная плынь людзей і машын. Як і на ўездзе ў Непал, гэтая мяжа ахоўваецца абы-як, і пры жаданні яе можна перасекчы, нават не паказваючы пашпарт. Іміграцыйны офіс, дзе ў пашпарт ставяць пячатку на ўезд у Індыю, змяшчаецца на адлегласці ў 1,5 кіламетра ад КПП.

IMG_20160723_112401

Вельмі важна яго не абмінуць, інакш, на выездзе з краіны вас будуць чакаць сурʼёзныя непрыемнасці. Першае, што кідаецца ў вочы пасля перасячэння мяжы – горы смецця пад нагамі і хаос. Як я пісаў у мінулай серыі, у Непале з чысцінёй і парадкам усё значна лепш, і да харошага хутка прызвычайваешся.

IMG_20160723_112736

IMG_20160723_113521

Цягам апошніх дзён нашай супольнай вандроўкі з Сяржуком мы некалькі разоў траплялі пад дождж, мой зямляк прастыў, і праз некаторы час хвароба насцігла і мяне. Дабраўшыся да буйнога індыйскага гораду Gorakhpur непадалёку ад мяжы, я ўжо даволі дрэнна сябе адчуваў, таму вырашыў працягваць падарожжа да Калькуты цягніком. Улічваючы шалёны трафік на індыйскіх дарогах, ігнараванне мясцовымі кіроўцамі ПДД і, як вынік, нізкую хуткасць перамяшчэння аўтамабільным транспартам, чыгунка зʼяўляецца самым зручным сродкам для руху па гэтай агромністай краіне. Асабліва ў сезон дажджоў.

IMG_20150101_054813

IMG_20160724_104253-01

Квіток да Калькуты (гэта было прыблізна 860 кіламетраў), каштаваў мне ўсяго 6.5$. Думаю, варта трошкі падрабязней апісаць сістэму індыйскай чыгункі. На вакзалах буйных гарадоў ёсць спецыяльныя касы для турыстаў, каб тыя не стаялі ў шалёнай чарзе з нахабнымі індыйцамі, якія само паняцце «чарга» разглядаюць зусім інакш, чым гэта прынята ў нашай частцы свету. Цывілізацыя дабралася і сюды, а таму квіткі можна набыць нават праз Інтэрнэт. Квіткі ёсць заўсёды, на адзін цягнік іх прадаюць неабмежаваную колькасць.

Адзінае, што за пару тыдняў да адпраўлення скончваюцца квіткі з месцамі. Таму, калі так, як я, браць квіток з сёння на заўтра, то прыйдзецца ўвесь час цягацца па цягніку ў пошуках месца, дзе б прытуліцца. Мне яшчэ пашанцавала, і першую палову дарогі я ехаў з камфортам, пакуль не зайшло вельмі шмат людзей і не пачалося пекла. 

IMG_20160724_105030 IMG_20160724_105208

Дарэчы, можна ехаць і без квітка, у самым ніжэйшым класе – агульным. Туды набіваецца куча людзей, і ўсе едуць амаль на галовах адзін у аднаго. Сапраўдная Індыя, карацей, кантралёры туды нават не суюцца. Але калі ехаць больш чым пару гадзін, то гэты варыянт толькі для сапраўдных экстрэмалаў. Лепш узяць квіток у «сліпер», гэта спальны вагон, падобны  на наш плацкарт, толькі паліцы тры. Найбольш выгаднае месца – гэта самая верхняя паліца, дзе можна спакойна праспаць усю дарогу.

Але гэта пры ўмове, што ў цябе квіток з месцам, бо, у адваротным выпадку, можна і не заплюшчыць вачэй усю ноч, седзячы дзе прыйдзецца. Ці так, як я: далучыцца да індыйцаў, якія спяць, дзе толькі магчыма – у праходах, пад лавамі і нават у прыбіральнях. Я, напрыклад, пару гадзін спаў на праходзе. Каб гэтага пазбегнуць, трэба мець квіток з месцам, а для гэтага трэба загадзя планаваць сваё падарожжа. Але так губляецца ўвесь сэнс вольнага падарожжа. Дарэчы, па выніку, замест заяўленых 17 гадзін у дарозе цягнік ехаў 18 гадзін і 40 хвілін, што па індыйскіх мерках зусім не спазненне.

IMG_20160725_000621_1-01 IMG_20160725_020524-01

На месцы высветлілася, што дакументы на тайскую візу трэба трэба падаваць праз адмысловы візавы цэнтр. Для яе патрэбныя копіі квіткоў у абодва бакі, бронь гатэля і выпіска з банкаўскага рахунку. Пры пэўных навыках усё гэта можна знайсці ў інтэрнэце. Віза робіцца тры дні і каштуе танней, чым у Маскве, дзе яе атрымлівае большасць беларусаў. Пакуль чакаў візу, а пасля вылет, адпачываў і пісаў тэксты, з-за сезону дажджоў мне не хацелася кудысьці ехаць. Акрамя акіяну.

IMG_20160729_163211-01

Часу заставалася небагата, а бліжэйшы чысты пляж, паводле Lonely Planet, знаходзіцца на адлегласці ў 150 кіламетраў ад Калькуты. Таму паглядзеў цягнікі, прыкінуў, што гэта самы зручны варыянт. «Ну, – думаю, – залезу ў бясплатны агульны вагон, неяк дзве з паловай гадзіны выседжу». Але тут мяне чакаў аблом – увесь цягнік цывільны, з сядзячымі месцамі і кліматызацыяй. Ну што ўжо зробіш, сяджу еду. Недзе хвілінаў праз 20 прыходзіць кантралёр: «Йор цікет, пліз!».

«Няма, – кажу, – не паспеў набыць, давайце тут набуду самы танны, мне ехаць недалёка».

Падвіс небарака, сказаў пачакаць і пайшоў астатніх правяраць. Вяртаецца праз паўгадзіны, і выдае мне квіток, які каштуе 1000 рупіяў.

– Не, мне, калі ласка, самы танны, я праз праз палову Індыі праехаў за 400 і трохі ведаю кошты!

– А, ну ладна, давай 505.

За 150 кіламетраў гэта таксама вельмі дорага, пра што я і паведаміў кантралёру. У адказ той пачасаў патыліцу, не ведаючы, што са мной рабіць. Напэўна, цягнік «мажорны» і прайсы тут адпаведныя. «Ну ладна, – думаю, – усё адно з мегаполіса выехалі ўжо, так што, як высадзяць, то далей стопам паганю».

IMG_20160803_131028-01

Даю яму дарожную грамату, чыста для спартовага інтарэсу. Той адразу становіцца сурʼёзны, чытае з усёй важнасцю. Міма праходзіць ягоная калега, паказвае і ёй. Тая прабягае вачыма (далёка не факт, што яны ўмеюць чытаць на хіндзі, тут па-бенгальску ўсе гавораць), усміхаецца, паказвае на мяне, гаворыць нешта кшталту: «Навошта ты прывязаўся да містэра, табе што, больш за ўсіх трэба, хай едзе», – падміргвае мне і адчальвае. Кантралёр аддае мне грамату і кудысьці сыходзіць. Вяртаецца праз пару хвілін з падмогай, стаяць удвох і абмяркоўваюць, што са мной рабіць. Урэшце рэшт, перапісваюць у вялікі сшытак мае дадзеныя, кажуць, што мая станцыя праз паўтары гадзіны – каб не праспаў, жадаюць добрай дарогі і знікаюць. Дарожная грамата сапраўды не перастае адкрываць усё новыя гарызонты свайго выкарыстання.

IMG_20160803_134103

Акіян мае сваю моц. Гледзячы на яго і ведаючы ягоныя памеры, пранікаешся веліччу, на моры такога не адчуваецца. Упершыню ў жыцці на ўласныя вочы назіраў моцны прыліў. Я пакінуў рэчы на пляжы за метраў дваццаць да вады і палез купацца – а іх ледзь не змыла, я літаральна ў апошні момант падаспеў. За гадзіну ўвесь пляж заліла, узровень вады вырас прыкладна на тры метра. І нават на наступны дзень яна ўсё прыбывала, адліву я так і не дачакаўся.

IMG_20160803_164608-01

У наступнай серыі я распавяду пра самы дзікунскі індыйскі звычай, пра сваіх гасцінных хостаў, у якіх пражыў цэлых два тыдні, і зраблю падсумаванне свайго падарожжа па Індыі. Не пераключайцеся!

Аўтар выказвае падзяку сетцы турыстычных крамаў «Актыўная зона» за прадастаўлены прафесійны рыштунак.

Система Orphus