29.08.2016

1 жніўня пачаўся прыём заявак на паэтычны конкурс «Рухавік».

«Арт Сядзіба» праводзіць яго ўжо ў другі раз, і цяпер удзельнічаць у конкурсе могуць не толькі паэты з Беларусі, а таксама творцы з Украіны і Расіі.

А заяўкі на «Рухавік-2016»  прымаюцца да 1 верасня, трэба запоўніць простую гугл-форму. З дасланых заявак арганізатары выбяруць лепшых паэтаў, якія і будуць удзельнічаць у конкурсе. Мова вершаў: беларуская, руская або ўкраінская.

Мы запыталі ў журы, удзельнікаў і гледачоў мінулага сезону, што «Рухавік» значыць для іх і чаму варта ўдзельнічаць і наведваць конкурс.

Ягор Супастатаў, удзельнік і наведвальнік конкурса «Рухавік»:

iyU8CQ1BWHU

«Рухавік» — батарэйка, што закладзена ў літаратурны пульт. Яна дае магчымасьць выявiць i ўбачыць разнастайных аўтараў на экране сучаснасцi. Варта быць там, каб прыняць удзел у адмысловым гэпэнiнгу, і не важна выступоўца ты ці глядач.

Віктар Лупасін, сябра журы і часты наведвальнік конкурса:

лупасін

«Рухавік» — зрэз цяперашняй беларускай паэзіі — тое, чым займаецца Мінск тут і цяпер, гэта адзін з найлепшых спосабаў трапіць у калятворчыя колы з вуліцы. Варта наведаць батлы, каб паглядзець, да чаго падобная сучасная паэзія, а часам яшчэ і атрымаць эстэтычную асалоду!

Віталь Рыжкоў, сябра журы:

рыжкоў

Варта паўдзельнічаць у конкурсе, каб расчаравацца ў сабе і сваёй творчасці. Наперад, маладыя графаманы! Чаму трэба наведаць батлы? Калі вы злы, як і я, на гэта вельмі весела глядзець збоку.

Юля Швабовіч, наведвальніца конкурса:

11jZ09fw38w

Для мяне «Рухавік» – гэта перш за ўсё магчымасць знайсці для нешта новае: маладых таленавітых аўтараў, вершы якіх будуць адкрыццём для мяне і для Беларусі. «Рухавік» – гэта спосаб упасці ў транс, у нейкую абсалютна фантастычную атмасферу, адчуць глыбіню чалавечай душы. Тое, што мы чуем са сцэны – адлюстраванне самых глубокіх пачуццяў паэтаў і паэтак, а таму заўсёды неверагодна цікава іх слухаць.
Гэты конкурс – цудоўная магчымасць для паэтаў праявіць сябе і знайсці сваю аўдыторыю. Чаму варта наведаць конкурс? Па-першае, гэта цікава. Па вершах, якія чытаюцца на «Рухавіку», можна прасачыць агульную тэндэнцыю: як людзі зараз пішуць, пра што, у якіх стылях. Акрамя таго, па пераможцах можна рабіць выснову аб тым, што падабаецца людзям, што іх хвалюе. Яшчэ «Рухавік» – гэта шмат новых знаёмстваў і проста прыемнае правядзенне часу.

Павал Клёк (Ехе Кім Ург), фіналіст конкурса:

E5JErVkVZ48

«Рухавік» — месца, дзе закаханыя ў сваю паэзію сустракаюцца з рэчаіснасцю — часам, на жаль, нават прыязнай, хаця іншым разам і не абысціся без каманды падтрымкі (паэтам), а то і томік Сыса даводзіцца падносіць да носу (слухачам), каб закручанымі заалагічнымі гісторыямі не знесла апошнія спадзяванні на разумны, добры, вечны лёс чалавецтва.

 

Павел Горбач, паўфіналіст «Рухавік»:

S-DQiHZ6-c8

«Рухавік» – гэта такая тусоўка ў невялічкім клубе «Графіці», дзе маладыя і не вельмі паэты маюць пляцоўку для выступу. «Рухавік» – гэта дэмакратыя – лепшы паэт выбіраецца галасаваннем. Варта ўдзельнічаць, гэта шанец паказаць сябе перад шырокай публікай, бо людзей прыходзіць шмат. Таму што гэта ж Беларусь – тут усе жадаюць паглядзець хоць на якую дэмакратыю. Трэба наведаць так званыя «батлы» конкурсу, бо, калі вы прыйдзеце, атрымаеце магчымасць паўплываць на выбар лепшага паэта. А калі не прыйдзеце – выбяруць невядома каго. Так што прыходзьце.

Насця Шакунова, пераможца конкурса:

QBy0xHIhGPw

«Рухавік» – гэта падзея, якая дае табе глебу для творчай рэфлексіі. Не конкурс, а актыўнасць, якая нацягвае нервы і танізуе. Калі вам стала сумна з вашымі тэкстамі – вам востра патрэбны «Рухавік».

Чаму здорава прыходзіць на батлы? Таму што, калі вы даўно не хваляваліся, то прыйдзеце і пачніце хвалявацца за паэтаў, проста адчуйце сябе ў прыемным напружанні і прагаласуйце, каб разумець, чаму паэзія праз некалькі года стане такой, якой стане. Вада точыць камень, «Рухавік» точыць унутранага паэта ва ўсіх, хто пранік у яго.

Данііл Лысенка (Пересмешник), паўфіналіст конкурса:

лысенко

Гэты конкурс – самая збалансаваная паэтычная імпрэза па частцы вынікаў. Тут не гладзяць па галоўцы графаманаў і не ўстрайваюць сталінскіх рэпрэсій на радасць натоўпу. Удзельнічайце, каб зразумець, якое месца падрыхтавана вашым радкам у свядомасці сённяшніх мінчан і ці падрыхтавана ўвогуле. На ўсялякі выпадак вывучыце некалькі скорагаворак: кажуць, дапамагае. Тут можна паглядзець на вядомых літаратараў у журы, папрасіць фіт у неверагоднага Лупасіна і (толькі з гэтага сезона!) пакамунікаваць з братамі-украінцамі. А, яшчэ там людзі вершы чытаюць. Нічога такія. У сэнсе, вершы. Але людзі таксама добрыя)

Алесь Плотка, сябра журы:

плотка

Для мяне «Рухавік» – свежае паветра ў свеце сучаснай беларускай літаратуры. Калі занураешся ў сваю прафесійную самоту, карысна перыядычна выйці і пабачыць, што ты не адзін такі шыз, які піша вершы, і думае, што гэта важна. Нас вельмі шмат і мы вельмі розныя, то будзьма шызець разам! Людзі прыходзяць падзяліцца сабой і сваімі вершамі. Заадно і прагаласаваць, як у нас гэта прынята, але ж важны сам працэс. Жывая майстэрня, дзе ніхто нікога не вучыць у акадэмічным сэнсе. Хто можа навучыцца, той навучыцца слухаючы і разважаючы.

Вікторыя Шалькевіч, наведвальніца паэтычных батлаў:

«Рухавік» – гэта цудоўная магчымасць не толькі паслухаць ужывую вершы сучасных паэтаў, але і паназіраць за ўзаемадзеяннем паміж аўтарамі і слухачамі. Мне здаецца, удзел у «Рухавіку» – добры спосаб праверыць сваё майстэрства і падзяліцца сваёй творчасцю. Батлы варта наведаць, у першую чаргу, за фантастычную атмасферу, а па-другое, за паэзію, якую слухаеш, і цябе перапаўняюць ні на што не падобныя пачуцці.

 

Аліна Шугай, наведвальніца:

«Рухавік» – гэта творчае спаборніцтва, дзе сустракаюцца і змагаюцца за перамогу таленавітыя і амбіцыйныя паэты. Гэта конкурс, які знаёміць публіку з сучаснай паэзіяй, дапамагае вызначыць яе каштоўнасць і значэнне.
Дзверы на «Рухавік» адчынены для смелых і харызматычных паэтаў, якія хочуць праявіць сябе і прадэманстраваць свае здольнасці «валодання пяром». Для тых, хто не баіцца крытыкі і жадае шчыра адкрыцца для новых слухачоў. Усім паклоннікам сучаснай паэзіі трэба наведаць конкурс, гэта цудоўны адпачынак для душы і выдатная магчымсць цікава і незвычайна правесці час.

9HQW8Jf3jvU

 

Прыём заявак адбываецца да 1 верасня, спяшайся падаць сваю!

 

Сачыць за навінамі конкурса можна ў суполцы ВК.

Система Orphus