02.09.2016

Як я пісаў у папярэдняй серыі, у Калькуце я правёў амаль два тыдні, чакаў візу, адпачываў і пісаў тэксты. Увесь гэты час я пражыў у адным месцы, якое знайшоў праз каўчсёрфінг, гэта абсалютны рэкорд за ўсе восем год карыстання гэтым выдатным рэсурсам.

Калумбійцы Караліна і Борыс, а таксама іх сусед з Кот­-д’Ывуару Эндзі – экспаты, якія працуюць у адной з індыйскіх транснацыянальных карпарацый. У кватэры, якую яны здымаюць у элітным жыллёвым комплексе на ўскрайку мегаполіса, без перапынку спыняюцца падарожнікі з усяго свету. Некалькі дзён (апроч мяне) тут жылі вандроўнікі з Францыі і Калумбіі.

IMG_20160806_200704-01

За гэты час мы з рабятамі вельмі пасябравалі, я шмат цікавага даведаўся пра Калумбію і Кот­д’Ывуар. Выменяў нашу тысячу на тысячу калумбійскіх песа, паспрабаваў афрыканскую настойку са смакам жуек і неверагодна смачную сапраўдную калумбійскую каву. Усе жвава распытвалі пра нашую краіну, бо для іх Усходняя Еўропа, як для нас Афрыка ці Лацінская Амерыка. На развітальную вячэру натушыў ім бульбы з куркай, дык у іх ажно за вушамі трашчала. Рабяты спрабавалі вымавіць: «Бьюлба цьюшанайа з мйасам» і рагаталі пасля кожнай спробы. Развіталіся сапраўднымі сябрамі. Каўчсёрфінг – неверагодна крутая штука!

IMG_20160831_123908_1-01

Ад Караліны, якая ўжо больш за тры гады жыве ў Індыі, даведаўся пра «дауры» – на маю думку, самы дзікунскі індыйскі звычай.

1236731_634556589148184920«Выхоўваць дзяўчынку – усё адно, што паліваць суседскі сад», ёсць такая прыказка ў Індыі. І звязана яна з гэтым самым «дауры». Аказваецца, у Індыі нельга даведацца пол дзіця да яго нараджэння. Таму што існуе нават у наш час, і нават у вялікіх гарадах, – звычай забіваць ненароджанае дзіця, калі яно – дзяўчынка.

Паводле гэтай традыцыі, сям’я нявесты, каб выдаць яе замуж, апроч уласна пакрыцця саміх коштаў вяселля, павінная выплаціць сямʼі жаніха агромністую суму грошай і засыпаць іх каштоўнымі падарункамі. А таму, каб першапачаткова пазбавіць сямʼю ад такіх вялікіх выдаткаў у будучыні – ад дзяўчынак проста пазбаўляюцца.

2011_Census_sex_ratio_map_for_the_states_and_Union_Territories_of_India_Boys_to_Girls_0_to_1_age_group

Дзяржава, зразумела ж, спрабуе неяк з гэтым змагацца, але высокі ўзровень карупцыі робіць усё немагчымым. Нельга сказаць пол дзіцяці? Будзем у картцы праходжання УЗІ цяжарнай «мамы» пісаць сіняй асадкай, калі пабачылі хлопца, і чырвонай – калі дзяўчынку. Далей справа тэхнікі і чарговага хабару.

Жанчына, якая нараджае толькі дачок, пераносіць сацыяльную стыгму і на сямʼю сваіх бацькоў. Калі ў яе ёсць сёстры, выдаць іх замуж будзе вельмі складана. «Яе сястра не можа нарадзіць хлопчыка», – гэта кляймо. Нікому не ахвота ўсё жыццё пахаць, каб зарабіць на вяселле дачкі. І не дай Бог, калі іх некалькі. І пры гэтым няма сыноў, якія кампенсуюць пасаг уласным вяселлем.

Калі нежаданая дзяўчынка ўсё­ ж такі нарадзілася, то маму разам з немаўляткам могуць выгнаць з сямʼі мужа да бацькоў, бо зганьбіла сямʼю. Прычым, далёка не факт, што тыя возьмуць яе назад. Таму што кляймо ляжа не толькі на бацькоў, але і на ўсіх астатніх дзяцей. Таму немаўля забіваюць, і няўдалая мама вяртаецца да мужа.

Дарэчы, у Непале такое дзікунства сустракаецца толькі на самым поўдні, каля мяжы з Індыяй, там, дзе раўніна населена пераважна індыйскай меншасцю.

dowry2-300x259

Так-так, гэта тая самая Індыя, куды паўсвету ездзіць за «прасвятленнем». У серыі пра свяшчэнны горад Варанасі я распавядаў пра яшчэ адзін дзікунскі звычай – «саці», паводле якога, калі паміраў муж, удава павінна гарэць разам з ім у адным вагні. Дзякуючы жорсткай забароне звычая брытанскімі ўладамі жудасную традыцыю атрымалася ліквідаваць.

Так незаўважна скончылася мая вандроўка па Індыі, якая агулам заняла два з паловай месяцы. Сярод 45 краін, што я наведаў, менавіта тут я правёў максімальную колькасць часу. Таму хачу зрабіць пэўнае падсумаванне індыйскага адрэзку падарожжа і падзяліцца сваімі думкамі наконт гэтай краіны. Адразу заўважу, што гэта асабістыя адзнакі. Таму яны субʼектыўны і могуць адрознівацца ад вашых уражанняў ці ўражанняў вашых знаёмых, якія толькі вярнуліся адтуль.

IMG_20160729_133421

Індыя стала першай краінай, ад якой я стаміўся пасля пары месяцаў падарожжа. Мне цяжка ўявіць такое пачуццё, звязанае з маёй любімай Грузіяй, ці Іранам, ці Паднябеснай, ці любой іншай краінай. Увесь гэты хаос, бруд, шум і непрыемныя пахі, на якія не звяртаеш увагі першыя тыдні і лічыш іх часткай мясцовай экзотыкі, праз пэўны час пачынаюць дзейнічаць на нервы. Асабліва, калі выехаць з Індыі у краіну, дзе з парадкам на вуліцах значна лепш, а пасля вярнуцца назад. Таму я прыйшоў да высновы, што індыйскім адрэзкам лепш пачынаць сваё падарожжа, каб, працягваючы вандроўку, выехаць у больш цывілізаваныя краіны і не вяртацца больш у гэты хаос.

snapseed-72

Тое ж самае і з людзьмі: спачатку ты не асабліва заўважаеш пастаянныя спробы цябе надурыць, адсутнасць прыватнай прасторы, калі ледзь не ўсе амаль прыціскаюцца да цябе, нягледзячы на тое, што вольнага месца вакол больш, чым дастаткова. Неабходнасць пастаянна гандлявацца і ведаць кошты: дзе, што і колькі, пры гэтым, быць гатовым выслухаць тысячы фантастычных гісторый, чаму тут гэта каштуе ў тры разы больш, чым у суседнім гарадку ці нават суседняй краме. З часам гэта пачынае надакучваць. Пасля месяцу вандроўкі па Індыі я злавіў сябе на думцы, што знаходжуся адначасова ў двух супрацьлеглых станах: з аднаго боку, ты пастаянна мусіш быць пільным, каб не даць сябе абдурыць; а з іншага – ты павінен быць расслабленым і з усмешкай успрымаць усе гэтыя спробы цябе падмануць, усюдыісны бардак, індыйскае лайдацтва, нежаданне што­сьці рабіць і г.д. Інакш, калі браць да галавы ўсё вышэй пералічанае і перажываць з гэтай нагоды, то падарожжа па Індыі вельмі хутка ператворыцца ў суцэльны стрэс і зʼявіцца ўстойлівая думка: як мага хутчэй адтуль уцякаць.

На маё меркаванне, такая распаўсюджанасць лёгкіх наркотыкаў звязаная менавіта з тым, што на цвярозую галаву пастаянна жыць у такім хаосе немагчыма. А тут яшчэ і Шыва даў дабро на марыхуану. Нягледзячы на ўсё, што я ўзгадаў, мне спадабалася Індыя, і я абавязкова вярнуся туды, праўда, не хутка. Мне і раней даводзілася чуць, што аптымальная працягласць падарожжа па гэтай краіне – месяц ці два, і цяпер магу сцвярджаць гэта, абапіраючыся на ўласны досвед.

Наступная серыя будзе прысвечана апошняй краіне ў гэтай вандроўцы – райскаму Тайланду. Не пераключайцеся!

Аўтар выказвае падзяку сетцы турыстычных крамаў «Актыўная зона» за прадастаўлены прафесійны рыштунак.

Система Orphus