05.09.2016

Пра праект «Здольная» я даведалася, атрымаўшы запрашэнне далучыцца да іх суполкі ў сацсетцы.  

Прагартаўшы сцяну суполкі і паглядзеўшы некалькі крутых відэа, я вырашыла наведаць заняткі гэтага праекта і расказаць вам пра іх. 

КРОК 1
Спачатку трэба выбраць, які спартыўны занятак вы хочаце наведаць. А выбраць сапраўды ёсць з чаго: баскетбол, футбол, каратэ, бадмінтон, лонгбордынг і шмат іншых цікавых і нават незвычайных відаў спорта. Напрыклад, рэгбі. У сацсетках на ўсе бліжэйшыя заняткі створаны сустрэчы, таму вельмі зручна сачыць за навінамі. Таксама расклад заняткаў можна паглядзець на сайце праекта «Здольная».

віды спорта

КРОК 2
Каб прыняць удзел у занятках, трэба прайсці рэгістрацыю, запоўніўшы простую гугл-форму. Галоўнае, паспець гэта зрабіць, бо месцы на заняткі разлятаюцца, як гарачыя піражкі.

нет мест

КРОК 3
Пасля таго, як вы зарэгістраваліся, з вамі звяжуцца арганізатары праекта, і дэтальна раскажуць пра месца, час заняткаў, пра тое, якую форму лепш апранаць і што яшчэ можа спатрэбіцца на трэніроўцы.

КРОК 4
Вы прыходзіце на занятак і займаецеся спортам!

ВАЖНА
Вось тут трэба нагадаць, што «Здольная» – гэта няпроста бясплатныя спартыўныя заняткі для жанчын. Гэта яшчэ і канцэпцыя, якая заключаецца ў тым, каб матываваць жанчын любога ўзроста, любой адукацыі і статуса быць больш актыўнымі і займацца спортам. Пры тым, займацца спортам для сваёй асалоды, развіцця и камунікацыі, а не трэніравацца да знясілля, каб скінуць вагу.

«Здольная» – гэта спорт без межаў, канцэпцыя праекта вучыць жанчын не баяцца займацца спортам, з-за таго, што нехта ў групе будзе ацэньваць іх знешні выгляд, сацыяльны статус ці дыскрымінаваць па нейкай іншай прыкмеце. 

Так што адкідвайце думкі пра тое, што «спорт не для мяне, таму што я…». «Здольная» дакажа, што менавіта для вас!

unnamed (4)

Выканаўшы алгарытм з чатырох крокаў, я патрапіла на занятак па бадмінтоне. Спачатку Ганна Бандарэнка, аўтар ідэі і кіраўнік праекта (члены каманды заўсёды наведваюць свае заняткі, кожную групу) расказала пра праект і адзначыла, што ўсе трэніроўкі – гэта friendly-zone і што адзін з прынцыпаў праекта – павага адзін да аднаго.

Таксама Ганна засяродзіла ўвагу на тым, што на заняткі можна прыходзіць з дзецьмі, якіх тут дагледзяць. І ў гэты ж момант у залю зайшла фатограф праекта разам з маленькай дочкай.

Пасля ўсе ўдзельніцы занятка пазнаёміліся і падзяліліся тым, як яны знайшлі праект «Здольная». Такім чынам, атмасфера на трэніроўцы была вельмі пазітыўнай.

0Oz92QXZtlE

Занятак пачаўся, асновам бадмінтона нас вучыла трэнер Таццяна з FBBC (Першы Беларускі Бадмінтонны Клуб). Напачатку я падумала: «О, асабліва і напружвацца не трэба, палётаю крыху з ракеткай і буду больш сканцэнтравана на артыкуле». Але, аказалася, што не ўсё так лёгка, як я сабе ўяўляла.

У бадмінтоне ёсць свае тэхніка: як правільна трымаць ракетку, біць па валану, падаваць, і ўвогуле, гэта вельмі энергазатратны і актыўны від спорта, пасля трэніроўкі я адчувала наяўнасць неверагодной колькасці мышцаў у сваім целе.

unnamed (2) KkUciFsSoT4

Трэніроўка доўжылася прыкладна дзве гадзіны. Пасля яе завяршэння ўсім удзельніцам падарылі фірмовыя налепкі, а таксама раздалі анкеты з пытаннямі пра заняткі. Дарэчы, мне вельмі спадабаўся такі від адваротнай сувязі, з дапамогай якога арганізатары могуць скарэктаваць некаторыя моманты і зрабіць праект яшчэ лепш.

unnamed (3)

Пасля трэніроўкі я задала некалькі пытанняў Ганне Бандарэнка, аўтару ідэі і кіраўніцы праекта.

– Ганна, як нарадзілася ідэя і як прыдумвалася назва праекта?

– У мінулым я прафесійна займалася футболам і пытанне даступнасці спорта заўсёды мяне хвалявала. Насамрэч, даросламу чалавеку ў Беларусі заняцца чымсьці, акрамя аэробікі і фітнэса, проста няма дзе. Калісьці я наткнулася на брытанскі праект This Girl Can, гэта сацыяльна-спартыўны праект для жанчын. І я вырашыла зрабіць нешта падобнае, у Беларусі, адаптаваць яго да нашай краіны.

А назва нарадзілася хутка, мы перакладалі англійскую назву, і адзін з варыянтаў быў: «Гэта дзяўчына здольная». Слова «здольная» вельмі крута гучыць, і для нас яно ўжо як мантра. Калі нешта не атрымліваецца, мы заўседы кажам адно адной: «Ты здольная!».

– Як Вы знайшлі аднадумцаў і членаў сваёй каманды?

– Праз Інтэрнет, я размясціла ў сацсетках кароткі змест праекта і напісала, што шукаю каманду. Таксама гэтую аб’яву размясцілі на сайце праекта MAKEOUTі праз некалькі дзён я пачала атрымліваць шматлікія прапановы супрацоўніцтва. Хтосьці прапанаваў зрабіць сайт, распрацаваць дызайн, хтосьці – трэнерскую дапамогу. Цяпер каманда, якая пастаянна займаецца праектам, складаецца з 7-8 чалавек. 

– То бок, праект «Здольная» робіцца энтузіястамі і з’яўляецца некамерцыйным?

– Так, мы не маем фінансавання ці нейкіх грантаў, мы дамаўляемся са спартовымі ўстановамі, клубамі, секцыямі, прапаноўваючы ім розныя формы супрацоўніцтва. Заняткі для ўдзельніц праходзяць бесплатна, у адрозненні ад таго ж This Girl Can. Дарэчы, нам зараз вельмі патрэбна падтрымка розных спартыўных федэрацый, іх інфраструтктура, пляцоўкі, таму што лета скончылася, і заняткі наўпрост на вуліцы ўжо не правядзеш. Так што мы ў пошуку новых партнёраў.

PgNDrJ-x1Nc

– Праект «Здольная» дзейнічае ўжо некалькі тыдняў. Якой была грамадская рэакцыя на яго?

– Рэагуць па-рознаму. Тым, хто наведвае заняткі, яны вельмі падабаюцца, удзельніцы хваляць праект, лічаць яго натхняльным і матывуючым. Шмат крытыкі мы атрымалі ў Інтэрнэце, у асноўным, ад мужчын, якія не вельмі разумеюць, навошта займацца спортам, калі на трэніроўках не скідаеш вагу. Таксама людзі не бачаць нейкіх перашкодаў для заняткаў спортам, а яны ёсць: дарагія абанементы, няўпэўненасць у сваіх сілах, страх быць непрынятым у групе і шмат чаго іншага.

– Суполкі праекта Вы вядзеце на дзвюх мовах. Чаму?

– Мы хацелі, каб у праекта быў нацыянальны каларыт, каб адчувалася, што праект беларускі. Спачатку мы хацелі весці суполкі толькі на беларускай мове, але шмат каму наша мова пакуль даецца складана, таму спыніліся на двухмоўным варыянце.

vhZyAhIsnO0

– Якога развіцця праекта Вы хочаце дабіцца?

– Па-першае, гэта знайсці як мага больш стабільных партнёраў, па-другое, зрабіць так, каб праект існаваў у іншых гарадах. І па-трэцяе, я б вельмі хацела, каб нашыя заняткі маглі наведваць людзі з інваліднасцю, каб адбывалася інклюзія. Але гэта вельмі складана зрабіць. Пакуль складана. Але мы настроены рашуча)
Таксама мы плануем зрабіць спецыяльную рубрыку на сайце, дзе будуць сабраныя натхняючыя success-stories ад удзельніц праекта «Здольная».

– Як можна далучыцца да праекта?

– Да праекта можна далучыцца ў якасці валанцёра, напісаўшы на пошту ZDOLNAYA@GMAIL.COM, у якасці ўдзельніка – заходзьце на наш сайт і далучайцеся да суполак.

Система Orphus