10.09.2016

Пералёт з Калькуты да Бангкоку заняў усяго дзве гадзіны, і вось я ў чарзе на міграцыйны кантроль. Чарга дзеліцца на дзве часткі: на тых, каму непатрэбна віза ў Тайланд, яны праходзяць кантроль хутка, і тых, каму ставяць візу па прылёце – гэтая чарга доўгая і павольная. У першай чарзе я і індыйцы, у другой – еўрапейцы і японцы.

Хуткасць яе праходжання, напэўна, адзінае суцяшэнне ў гэтай візавай несправядлівасці, якую тайскія міграцыйныя ўлады праводзяць у дачыненні да грамадзян Беларусі.

Агромністы і сучасны аэрапорт Бангкоку мае выдатнае спалучэнне з горадам, за паўгадзіны можна даехаць да цэнтра тайскай сталіцы. Як і ў выпадку з Непалам, першае, што кінулася мне ў вочы пасля наведвання Індыі, – гэта чыстыя вуліцы. Тут яшчэ больш чыста, а гарадская інфраструктура выдатна развітая. Нягледзячы на тое, што Бангкок – мегаполіс, насельніцтва якога больш, чым палова насельніцтва Беларусі, тут значна цішэй, чым у любым індыйскім пасёлку.

img_20160813_120944

Так, як і паўсюль у Азіі, у Тайландзе надзвычай распаўсюджана вулічная ежа. Літаральна на кожным кроку тут можна сустрэць прылаўкі з дзясяткамі гатункаў ежы на любы смак. Ведаючы, што турысты далёка не заўжды любяць вострую ежу, тайцы заўжды запытваюць, хочаце вы «спайсі» ці не. Больш за ўсё я аблюбаваў мясцовы фаст-фуд, які ўяўляе сабою шматлікія мясныя вырабы, ад сасісак і мясных шарыкаў да курыных грудак у паніроўцы, морапрадукты альбо гародніну на палачцы, абсмажаныя ў глыбокім алеі ці запечаныя на вуглях. Сярэдні кошт – каля 60 капеек на нашыя за адну палачку, каб наесціся, дастаткова трох-чатырох штук. Паспрабаваў тут нават смажаных насякомых – розных жукоў і прусакоў. Смачна, толькі крыху непрыемна хрусцяць на зубах.

img_20160819_175208-01 img_20160815_203345-01

І зноў жа, у параўнанні з індыйскай вулічнай ежай, дзе ўсё гатуецца бруднымі рукамі і ў антысанітарных умовах, вакол нярэдка валяюцца сабакі і знаходзяцца сметнікі, – у Тайландзе ўсё амаль стэрыльна. Кухары, яны ж і гандляры, у адмысловых фартухах і пальчатках, уся ежа падаецца ў аднаразовым посудзе і аднаразовымі прыборамі. Сярэдні кошт добрага абеду, каб і першае, і другое, і дэсерт – каля 2-3$ з чалавека. Як і паўсюль у Азіі, пітную ваду тут трэба адмыслова набываць. Для гэтага можна скарыстацца шматлікімі аўтаматамі, якія стаяць на кожным кроку і прадаюць фільтраваную ваду, сярэдні кошт – каля 6 капеек за літр.

voda-v-taylande Крыніца: v-thailand.com

img_20160825_125424

У Бангкоку існуе некалькі альтэрнатыў звычайнаму гарадскому грамадскаму транспарту, аўтобусам і метро. Тут я ўпершыню пабачыў арганізаваны сіцістоп. На адмысловых прыпынках людзі выстройваюцца ў чаргу і чакаюць свой скутэр. Усім кіруе чалавек у памаранчавай камізэльцы, такая ж ёсць і ў кіроўцы. Скутэры ездзяць па вызначаных маршрутах і не стаяць у корках. Вельмі зручна, хутка і танна. Выдатная альтэрнатыва павольнаму наземнаму транспарту – водныя трамваі, якія ходзяць па рацэ Чаупхрая і шматлікіх каналах. Цікавы, незвычайны і танны сродак перасоўвання: сярэдні кошт праезду – ад 60 капеек да 1 рубля 20 капеек беларускімі.

img_20160811_184859_1-01 img_20160812_174706_1

У Тайландзе проста выдатны аўтастоп, мясцовыя кіроўцы гатовы спыняцца ў самых нязручных месцах і выбачацца, што не могуць падвезці туды, куды табе трэба, бо едуць у іншы горад. Некалькі разоў машыны спыняліся самі, нават калі я не стопіў. У кожнай машыне ў цябе распытаюць, як табе краіна, і скажуць «Ўэлкам ту Тайланд!».

Па выдатных дарогах можна перасоўвацца вельмі хутка, 120 км да Патаі я пераадолеў за дзве гадзіны, пры гэтым, толькі з Бангкоку я выбіраўся тры. Што адметна, калі кіроўца падвозіць цябе ў патрэбны горад, часцей за ўсё, падвязе пад самыя дзверы. Вяртаючыся з Патаі ў Бангкок я застопіў прамую машыну амаль ад дзвярэй да дзвярэй. Бясплатны сіцістоп таксама добра працуе, і нават калі існуе моўны барʼер, тайцы спрабуюць звярнуцца да нейкіх сяброў, якія могуць звязаць два словы па-ангельску, каб наладзіць хаця б мінімальную камунікацыю. Усе вельмі прыемныя, пазітыўныя і расслабленыя.

img_20160813_153745-01 img_20160825_160240-01

У Тайландзе я не вандраваў па шматлікіх гістарычных месцах, а проста адпачываў на моры, стаміўшыся ад інтэнсіўнага падарожжа. Невялічкая выспа Ко Лан, якая знаходзіцца ў трыццаці хвілінах (на пароме) ад папулярнага ў турыстаў з постсавецкай прасторы курорту Патая, – гэта сапраўдны рай на Зямлі. Амаль як выспа Баўнці з вядомай рэкламы.

img_20160817_135143-01

Нягледзячы на ўсю турыстычнасць месца, тут можна вельмі бюджэтна адпачыць. Бясплатна спаць на пляжах, увесь дзень песціцца пад сонцам і купацца ў чысцейшым моры. Пад вечар выпаўзаць у пасёлак выпіць піва, закусваючы курынымі грудкамі на палачцы. На невялікім лакальным базарчыку, які раскладаецца пасля шостай вечара, калі ўсе турысты вяртаюцца ў шумную Патаю, можна павячэраць смачнай хатняй ежай і паспрабаваць розныя морапрадукты, якія толькі што вылавілі гандляры. А на начлег выпраўляцца на новы пляж, і так амаль тыдзень.

img_20160822_103722-01

За гэты час пакрыцца соллю настолькі, што нават праз некалькі паходаў у душ заставацца салёным. Гэта быў самы райскі адпачынак у маім жыцці. Агулам Тайланд – самая расслабленая краіна ў гэтым падарожжы. Я нават прыдумаў для сябе такую асацыяцыю: «Тайланд – гэта там, дзе можна падтаяць!»

img_20160820_135651-01

Так мінулі тры тыдні ў Тайландзе, пасля якіх я вярнуўся дадому ў Беларусь. Першапачатковы план быў ехаць далей, спрабуючы дабрацца нават да Аўстраліі. Але сямейныя абставіны прымусілі мяне вярнуцца ў Беларусь.

У наступных серыях я прааналізую гэтае вялікае падарожжа, што доўжылася больш за паўгады. Прывяду пэўную статыстыку і зраблю вынікі. А таксама напішу практычныя парады для тых, хто захоча выправіцца ў вольнае падарожжа. Не пераключайцеся!

Аўтар выказвае падзяку сетцы турыстычных крамаў «Актыўная зона» за прадастаўлены прафесійны рыштунак.

Система Orphus