15.09.2016

Праект «Песьні матчыны з Вушаччыны» — гэта пераасэнсаванне і аднаўленне вушацкіх песень, якія з дзяцінства Рыгору Барадуліну спявала яго маці. Гэтыя песні натхнялі і суправаджалі паэта ўсё жыццё.

«Ён падарыў мне кніжачку, якая так і называецца – «Песьні матчыны з Вушаччыны». У ёй запісаны абрадавыя, пазаабрадавыя, лірычныя і застольныя песні. Вось мы і паспрабавалі іх агучыць», – кажа аўтар праекту Сяржук Доўгушаў.

Сёлета 24-га лютага ў дзень народзінаў Рыгора Барадуліна ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся святочны канцэрт «Песьні матчыны з Вушаччыны». Вядомыя этна-гурты ажывілі народныя песні з малой радзімы дзядзькі Рыгора.

Удзельнікамі праекта сталі: гурт «Re1ikt», этна-гурт «Vuraj», калектыў «Harmonic style project», фальклорны гурт «Варган», Ірэна Катвіцкая, Віктар Сямашка, паэт Міхась Скобла. Спіс удзельнікаў папаўняецца: прымаюцца прапановы ад іншых гуртоў.

%d0%b2%d0%b0%d1%80%d0%b3%d0%b0%d0%bd Фальклорны гурт «Варган»

%d1%80%d0%b5%d0%bb%d1%96%d0%ba%d1%82
гурт «Re1ikt»

Канцэрт прайшоў вельмі паспяхова, і цяпер музыкі хочуць запісаць дыск пад назвай «Песьні матчыны з Вушаччыны», на якім акрамя кампазіцый сучасных музыкаў будуць яшчэ і арыгінальныя запісы спеваў маці паэта — Куліны Барадулінай, а таксама спевы самаго Рыгора Барадуліна.

Для гэтага быў запушчаны краўдфандынгавы праект на talaka.by.  Падтрымаць праект і зрабіць свой унёсак можа кожны.

Гэта будзе сапраўдны падарунак не толькі для сваякоў і землякоў паэта, але і для ўсіх беларусаў.

Выданне дыску плануецца ў снежні 2016 года, а святочная прэзентацыя ў Мінску ў вялікай зале філармоніі — 24 лютага 2017 у дзень нараджэння Рыгора Барадуліна. Пасля музыкі падрыхтуюць прэзентацыю кружэлкі і ў іншых гарадах Беларусі.

Сачыць за праектам можна ў сацсетках:

Укантакце
Фэйсбук

 

Падтрымаць праект можна на краўдфандынгавай платформе takaka.by.

Система Orphus