30.09.2016

Гурту IQ48 у гэтым годзе споўнілася 15 год. Музыкі прэзентуюць новы альбом пад назвай «Трымай свой час». Гэта ўжо чацвёрты альбом гурта.

Што на альбоме:

11 песень – 11 лічбаў на цыферблаце музычнае плыткі. У лепшых традыцыях IQ48: «партызанская» сумесь цяжкага фанку, рэпа і року. Альбом гучны, канцэптуальны і сацыяльны. Надзённыя песнi пра «мі-мі-мі» і інтэрнэт-блогера, вясёлага валютчыка з Міхалова ды амаль міфічнага героя, які ў мінулым жыцці быў чалавекам, але зараз яго даканалі, і ён – зубастая «акула».

Аднак у IQ48 не было тут мэты выдаць джэнтльменскі набор маніфестаў. Гэта размова па душох i ад сэрца, часам – ягоны крык, не дарма слова «сэрца» cуcтракаецца на альбоме часцей за іншыя.

Заклік «знайсці свой востраў» гучыць бадзёра, бо «гэта так проста», «Трымай свой час» – як надзея таго, хто яе страціў. Спроба звычайнага сучасніка змяніць сваё жыццё ў лепшы бок ці зрабіць, у рэшце рэшт, уласны «Выбар» паміж «Брудам» ці тым, каб «пакінуць Сонцу месца». Хлопцы з IQ48 тут выказваюцца адназначна: трэба «даць сабе шанец яшчэ адзін раз».

iq48_album

Гурт любiць эксперыменты, таму і ў новым альбоме без іх таксама не абышлося. Так, у песні «Арлы» ўзяў удзел спявак, вядомы журналіст і шоумэн Ілля Маліноўскі, а ў песні «Трымай свой час», аднайменнай альбому, партыю флейты выканаў Арцём Семянюк.

CD-дыск выпускаць хлопцы пакуль не збіраюцца.

У сувязі з тым, што бубнач гурта Антон Мацулевіч (ён жа вядомы TonyFadd) зараз працуе на ніве шоубізу ў ЗША, канцэрт-прэзентацыя альбома IQ48 «Трымай свой час» запланаваны толькі на снежань-студзень. Канкрэтную дату і месца імпрэзы музыкi пакуль трымаюць у сакрэце.

Система Orphus