30.09.2016

Вось і скончылася мая вялікая азіяцкая вандроўка. Як я адзначаў у мінулай серыі, завяршылася яна незапланавана. У сувязі з сямейнымі абставінамі прыйшлося набыць квіток на самалёт і вярнуцца з Бангкоку дадому.

Дарога да Кіеву з перасадкай у Алматы заняла ў мяне больш чым 1,5 сутак. У абодвух гарадах мяне чакалі сябры, якія зладзілі мне па-сапраўднаму гасцінны прыём. У Алматы я нават паспеў наведаць горналыжны курорт Чымбулак і самы высокагорны ў свеце каток Медэу.

img_20160826_232619-01 img_20160828_132853-01

Пасля столькіх месяцаў падарожжа вельмі прыемна вяртацца дадому, бачыць нашыя чыстыя вуліцы і прыгожых людзей. Цяпер час падвесці вынікі вандроўкі, падрыхтаваць шэраг сустрэч з яе прэзентацыяй, і можна рыхтавацца ў наступную:)

plmnfhzoqqyТак выглядае маршрут майго падарожжа

У гэтай серыі вас чакае трохі статыстыкі гэтага падарожжа. Такім чынам: агулам вандроўка заняла 191 дзень, цягам якіх я праехаў 13 краін. Гэта Украіна, непрызнанае Прыднестроўе, Малдова, Румынія, Балгарыя, Турцыя, Грузія, Арменія, непрызнаны Нагорны Карабах, Іран, Індыя, Непал і Тайланд.

За гэты час я пераадолеў каля 13,2 тысячы кіламетраў на прыблізна 563 транспартных сродках і адным катамаране.

tmp-1

Упершыню так часта ездзіў сіцістопам і паспрабаваў гідраспын, застопіўшы катамаран на возеры ў Покхары. Таксама на поўначы Ірана замест таго, каб ездзіць глядзець розныя цікавыя месцы, я прыняў запрашэнне мясцовай «залатой моладзі» паехаць з імі ў горы і патрапіў на сапраўдную персідскую імпрэзу.

img_20160713_174108Непальцы, якія перавезлі мяне на іншы бераг возера ў Покхары

snapseed-70

З-за таго, што я так і не здолеў атрымаць пакістанскую візу, а таксама з-за немагчымасці перасячэння інда-мьянманскай мяжы па зямлі, падчас падарожжа двойчы прыйшлося карыстацца авіяпералётамі. Разам з адваротным квітком з Бангкоку дадому, гэта адчувальна ўдарыла па маім падарожным бюджэце. Падрабязней пра фінансавы бок вандроўкі – у наступнай серыі.

А вось так я вырашаў пытанне з начлегамі:

tmp-2

Проста выдатна праявіў сябе каўчсёрфінг. Чарговы раз пераканаўся, што дзеля паспяховага пошуку начлегу такім спосабам варта максімальна запоўніць свой прафайл і напісаць добры запыт. Дзякуючы каўчсёрфінгу я заўсёды знаходзіў начлег ва ўсіх у гарадах, дзе ён хаця б мінімальна прадстаўлены. Напрыклад, у невялічкім непальскім гарадку Тансэн усяго адзін актыўны карыстальнік, і ў яго я спыняўся на тры ночы. Таксама ў гэтай вандроўцы я паставіў рэкорд па даўжыні ўпіскі на адным месцы – амаль два тыдні ў гасцінных калумбійцаў з Калькуты.

img_20160630_220123616

Упершыню паспрабаваў знаходзіць начлег ва ўстановах культу: мячэцях, мандзірах і гурудварах. Аказалася, што ў Іране ночыць у мячэцях – натуральная і распаўсюджаная з’ява. А дзякуючы выпадковай падказцы ў Дэлі: ісці на начлег у гурудвару – я адкрыў для сябе сікхізм і гасцінных сікхаў. Падазраю, што калі паспрабаваць упісацца ў будыйскі мінарэт, то з гэтым таксама не будзе праблем. Яшчэ адзін нетыповы спосаб знаходзіць начлег, выпрабаваны ў гэтым падарожжы, – упіска на плоскіх дахах. Ну і стары добры спосаб «язык да Кіеву давядзе» выдатна працуе нават у самых далёкіх краінах.

img_20160514_060059-01-1

Як паказала практыка, пры наяўнасці пэўных навыкаў і галавы на плячах знайсці бясплатны транспарт і начлег можна паўсюль. У наступнай серыі я падрабязней распавяду пра фінансавы бок падарожжа. Не пераключайцеся!

Аўтар выказвае падзяку сетцы турыстычных крамаў «Актыўная зона» за прадастаўлены прафесійны рыштунак.

Система Orphus