04.10.2016

Нарэшце, даражэнькія чытачы, мы разам з вамі адпраўляемся ў сапраўднае вялікае беларускае падарожжа! У гэты раз сцяжком на мапе быў абазначаны Віцебск. Скажу шчыра, што ад гэтай вандроўкі я не чакала чагосьці вялікага і натхняльнага (ведаю, што з такім настроем нельга адпраўляцца ў падарожжа), але, на шчасце, рэальнасць была нашмат лепш за ўсе чаканні.

Забягаючы наперад, прызнаюся, што пакуль ніводнае месца Беларусі не дало мне столькі душэўнай моцы і акрыленасці, колькі гэты цудоўны горад. І цяпер я дакладна разумею прымаўку: «Пасля Віцебска хочацца Віцебска».

Мой стан душы можна было параўнаць з карцінай Марка Шагала «Над горадам». Таму з упэўненасцю магу сказаць, што акрыляе не Red Bull, а Віцебск! :)

1

Першае, што мяне здзівіла і ўразіла, гэта архітэктура. Не ведаю, што менавіта пакінула адбітак: ці доўгія цагляныя вулачкі, ці гульня ценяў ды свету. Нехта бачыць у Віцебску Піцер, нехта знаходзіць Парыж (бо Марк Шагал называў Віцебск другім Парыжам), у падворках горада можна разглядзець Адэсу, але пры ўсім пры гэтым у Віцебска ёсць свой своеасаблівы дух. І маё знаёмства з загадкавым горадам пачалося менавіта са шпацыру па атмасферных вулачках.

 

Вердыкт: Віцебск – горад кантрастаў.

 

2

Пасля сустрэчы з гэтым незвычайным горадам, я назвала яго аднім вялікім street art-ам. Гэта мяне пакарыла, скажу шчыра. І грэх самаму мастацкаму гораду Беларусі заставацца без жывых малюнкаў на сценах. Гісторыя сама дыктуе дадаваць яркіх фарбаў Віцебску. У часы, калі Марк Шагал займаў пасаду ўпаўнаважанага па справах мастацтваў у Віцебскай губерніі (раю паглядзець беларускі дакументальны фільм А. Лукашэвіча пра жыццё і творчасць мастака), яму да першай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі было даручана ўпрыгожыць горад. Віцебск у тыя часы характарызаваўся бясконцымі платамі.

Больш за сотню гарадскіх маляроў пад кіраўніцтвам Марка Шагала размалявалі платы, сцены і ўсё, на чым можна было маляваць. Мастацкі вынік гэтай кастрычніцкай акцыі называюць самым вялікім графіці ў гісторыі чалавецтва. Таму, мне падаюцца вельмі сімвалічнымі прыгожыя і цікавыя малюнкі на будынках Віцебска .

6 7 8

Яшчэ Віцебск закрануў праект «Знай наших!» (#youfeelmyskill). Гэта віцебскі праект, які заключаецца ў тым, што стрыт-арт каманда наведвае гарады, мастакі пакідаюць на сценах серыю з некалькіх прац, прысвечаных дзеячам культуры. Тым, хто зрабіў унёсак у развіццё айчыннай і сусветнай культуры: мастацтва, кіно, літаратуры, музыкі, навукі і спорту. Дзякуючы ім, на сценах Віцебска можна ўбачыць цудоўны арт, прысвечаны Марку Шагалу і Казіміру Малевічу.

9 10

…а таксама героям фільмаў дзяцінства.

11 12

Безумоўна, хочацца бачыць больш выяваў нашых землякоў, але і за існуючыя малюнкі трэба сказаць дзякуй камандзе YouFeelMySkill: дадалі іскры ў вулічнае жыццё Віцебска. А мы ў некаторай ступені ператварылі нашае віцебскае падарожжа ў квэст «Знайдзі графіці»!

Вердыкт: Віцебск – горад жывых сцен.

Калі я ехала ў Віцебск, то думала, што акрамя Сабора ды рэчак там няма больш нічога прыкметнага, таму ўсім казала, што еду толькі да месца, дзе лётае душа Марка Шагала. Як вы ўжо зразумелі, гэта мая вялікая памылка. Прычына, мабыць, у тым, што Віцебск не такі распіяраны горад, як, напрыклад, Гародня ці Берасце. Цяпер я ведаю, каб адчуць неверагоднасць гэтага гораду, лішнія словы не патрэбны.

Усё ж такі, калі закрануць тэму «саборадырэчак», то Свята-Успенскі кафедральны сабор, безумоўна, надае рамантычнасці і без таго атмасферным мясцінам.

13

Калі мы вярталіся да цэнтра горада ўздоўж берага Дзвіны па сцяжынцы, якая пралягае сярод разгалістых дрэў, то захапляліся краявідамі на рэчку, масты, Сабор на другім беразе… Але нашая размова была перапынена нейкімі неверагоднымі гукамі… Гэта былі званы Сабору. Я не магу перадаць тыя пачуцці, што перапаўнялі мяне ў той момант. Але толькі ўявіце: прамяні ранішняга сонца прабіваюцца скрозь кроны дрэў, бліскучая раса пакрывае ўсё, аж да кончыкаў твайго абутку, вогненныя купалы асвятляюць увесь Віцебск…

Мне здавалася, што мы ўбачылі горад навыварат – ён паказаў сваю аголеную душу. Я адчула, як мая душа напаўнялася пры кожным звоне, пры кожным гуку. Пазней я ўсвядоміла, што пры гэтым наша гутарка спынілася, не таму што нам перашкаджалі званы, не, гэта здарылася само сабой, так было трэба. Мы проста шлі і маўчалі. Кожны маўчаў пра сваё.

 

Вердыкт: Віцебск – медыятар для струн душы.

 

14

Ну і, канешне, Марк Шагал! Вялікі мастак, дзякуючы якому, Віцебск стаў вечным незямным горадам. Гуляючы па Віцебску, у маёй галаве гучалі радкі верша знакамітага паэта Роберта Раждзественскага:

МАРК ШАГАЛ (урывак)

Он стар и похож на свое одиночество.
Ему рассуждать о погоде не хочется.
Он сразу с вопроса:
«— А Вы не из Витебска?..»—
Пиджак старомодный на лацканах вытерся…
«—Нет, я не из Витебска…»
_____________________________________

…Он замолкает.
И вдруг произносит,
         как самое-самое,
названия улиц:
Смоленская,
Замковая.
Как Волгою, хвастает Видьбой-рекою
и машет
по-детски прозрачной рукою…
«— Так Вы не из Витебска…»
Надо прощаться.
Прощаться.
Скорее домой возвращаться…
Деревья стоят вдоль дороги навытяжку.
Темнеет…

 И жалко, что я не из Витебска.

Дарэчы, паважаныя паэты-перакладачыкі, гэты верш проста павінен загучаць на беларускай мове!

Недарма я перад нашым трыпам казала, што еду ў Віцебск да Марка Шагала, бо яго работы ў Беларусі можна ўбачыць толькі ў двух месцах: у Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску ды ў Арт-цэнтры Марка Шагала ў Віцебску. Распавядаць пра свае думкі наконт творчасці Шагала не бачу сэнсу,  бо ў кожнага чалавека свая сувязь з мастацтвам, і людзі рэдка разумеюць адзін аднаго. Марк Шагал у сваёй аўтабіяграфічнай кнізе «Моя жизнь» пісаў: «Дорогие мои, родные мои звезды, они провожали меня в школу и ждали на улице, пока я пойду обратно. Простите меня, мои бедные. Я оставил вас одних на такой страшной вышине! Мой грустный и веселый город!» Дарэчы, раю вам прачытаць гэтую дзіўную кнігу. Хто лічыць сябе не такім, як усе (а гэта ўсе :)), павінен прачытаць гэты твор з ілюстрацыямі аўтара.

 

Вердыкт: Віцебск – горад чалавека, які ўмеў (умее, будзе ўмець) лётаць.

 

15

Такім чынам, Віцебск дакладна разбурыў мае ўяўленні аб тыповым беларускім абласным горадзе. Я б магла бясконца пералічваць тое, на што абавязкова трэба звярнуць увагу. Напрыклад, кали вы рушыце на Віцебск, трэба памятаць, што менавіта тут з’явіліся першыя трамвайчыкі, таму наведаць той самы першы трамвайчык проста неабходна. Таксама варта праехаць пару прыпынкаў на самым рамантычным гарадскім транспарце.

Яшчэ не палянуйцеся і наведайце помнік Уладзімеру Караткевічу з вечным надпісам: «Быў. Ёсць. Буду». Карацей, калі не будзеце ведаць, чым заняцца ў Віцебску, пішыце мне, я прыдумаю!

5

 

Віцебск – горад палаючых вачэй і адкрытых усмешак. Віцебск – горад каларыту і кантрастаў. Віцебск – горад ценяў і блікаў. Віцебск – горад цёплых фарбаў. Віцебск – горад street art. Віцебск – горад вялікага авангардыста Марка Шагала. Віцебск – горад, дзе мяняецца ўсведамленне наваколля. Віцебск – горад восеньскага паветра. Віцебск – месца, дзе душа ўзлятае да сонца.

Система Orphus