07.10.2016

Беларускі ўдзельнік сёмага сезону самага рэйтынгавага ўкраінскага шоў «Х-Фактар» Пётр Клюеў і яго гурт «Амплітуда смеласці» запісалі сінгл пад назвай «Асцярожна, лістапад», які прэзентуюць на сайце «Арт Сядзібы».

Публічная прэзентацыя песні, па традыцыі, якую стварылі Лявон Вольскі і Аляксандр Саладуха, адбылася ў пераходзе ля станцыі метро «Кастрычніцкая», але яе раптоўна спыніў АМАП. Мінакі падтрымалі музыкаў воклічам «Жыве Беларусь». Відэа з месца здарэння і прэзентацыя песні ніжэй.

Гурт «Амплітуда смеласці» і Пётр Клюеў паспяхова выступілі на «Х-Фактар», атрымалі чатыры «Так!» і прайшлі ў наступны тур. На конкурсе ў Кіеве музыкі выконвалі дзве песні: «Crazy Little Thing Called Love» гурта «Queen» і ўласную кампазіцыю  «Асцярожна, лістапад». Другая, на беларускай мове, таксама вельмі спадабалася сябрам журы, асабліва Канстанціну Меладзэ, але ў тэлевізійны эфір не патрапіла.

Сінгл «Асцярожна, лістапад» спалучае ў сабе класічную паэзію і сучасныя мелодыі фанка ды соўла. Словы песні  — гэта аднайменны верш Генадзя Бураўкіна, класіка беларускай літаратуры.

%d0%b0%d1%81%d1%86%d1%8f%d1%80%d0%be%d0%b6%d0%bd%d0%b0-%d0%bb%d1%96%d1%81%d1%82%d0%b0%d0%bf%d0%b0%d0%b4

Кажа Пётр Клюеў:

«Для мяне вельмі важна, каб беларуская мова гучала ў нашай краіне і за яе межамі. Таму што зараз у Беларусі ёсць тэндэнцыя: тое, што нашае, беларускае, лічыцца другасортным, пакуль не атрымае ўхвалення недзе за мяжой. Таму шмат беларускіх музыкаў едзе шукаць шчасця і славы ў іншыя краіны. І часта, музыкі там і застаюцца.

Я паехаў на «Х-фактар», каб даказаць, што можна рабіць цікавыя і якасныя рэчы па-беларуску. З дапамогай музыкі і паэзіі мы прасоўваем беларускую мову і нагадваем пра яе каштоўнасць. Шкада, канешне, што песню «Асцярожна, лістапад» не паказалі ў эфіры. Але вы можаце паслухаць яе зараз».

Cваю зборную на самае папулярнае і рэйтынгавае ўкраінскае шоу «Х-Фактар» адправіла «Арт Сядзiба». Гурт «Амплітуда смеласці» пакінуў моцныя ўражанні як на журы конкурса, так і гледачоў у зале. Па выніку выступу і рашэння журы наш калектыў пераканаўча прайшоў у наступны этап шоу.

Вакалістам выступіў Пётр Клюеў, а акампанаваў яму склад, які напалову складаецца з экс-музыкаў гурта «Ляпіс Трубяцкой» (на сёння музыкаў гурта «Trubetskoy»). За барабанамі — Аляксандр Старажук, на гітары — Руслан Уладыка, ён жа Пан, а на бас-гітары — Сяргей Адамовіч.

Чацвёрка суддзяў сёмага сезону «Х-Фактар» выглядае так: музычны прадзюсер і кампазітар Канстанцін Меладзэ; лідэрка гурта «The Hardkiss» Юлія Саніна; артыст, аўтар і кампазітар Андрэй Данілка, а таксама саліст гурта «Агонь» Антон Саўлепаў (экс-лідэр Quest Pistols Show).

На сцэну музыкі выйшлі ў цішотках з гербам «Пагоня» ад symbal.by, а ў зале лунаў бел-чырвона-белы сцяг. Гурт заспяваў  свой варыянт песні «Crazy little thing called love», якую выконваў Фрэдзі Меркуры з гуртом «Queen»

А паслухаць песні Пятра ўжывую можна на канцэрце, які адбудзецца 8 кастрычніка а 23-й у клубе «Графіці».

2kyhcaodfas

Система Orphus