14.10.2016

У мінулай серыі я падвёў агульныя вынікі падарожжа і прывёў ягоную статыстыку. Цяпер я хачу расказаць пра бюджэт вандроўкі, пра неабходныя рэчы ў падарожжы і нюансы, пра якія трэба паклапаціцца перад выездам.

У гэтым падарожжы я ўпершыню за 12 гадоў вольных вандровак паставіў перад сабою мэту: навучыцца зарабляць у дарозе. Падводзячы вынікі, я магу сказаць, што ў мяне гэта атрымалася. Асноўная крыніца майго прыбытку ў гэтай вандроўцы – фрыланс-журналістыка: блог для «Арт Сядзібы», відэаблог для «Радыё Свабода» і шэраг матэрыялаў для онлайн СМІ.

Праца ў падарожжы вельмі дысцыплінуе: калі ты ведаеш, што раз на тыдзень мусіць выйсці блог і неабходна прытрымлівацца дэдлайнаў, загадзя пралічваеш магчымасці арганізаваць сабе працоўнае месца з выхадам у сеціва. Часам пісаў некалькі серыяў блогу запар, напрыклад, перад выездам у горы.

img_20160711_144807-01Мая непальская памочніца ў напісанні блогу

Апроч гэтага, добрым вынаходніцтвам для мяне стала шоу мыльных бурбалак. Аказалася, што на гэтым можна няблага зарабляць, асабліва ў такіх краінах, як Іран і Індыя. Напрыклад, за месяц у Іране я патраціў усяго 80$ сваіх грошай, усе астатнія патрачаныя грошы – прыбытак з бурбалак.

img_20160318_151446-01

Праўда, у гэтым спосабе ёсць некалькі нюансаў: для вялікіх бурбалак патрэбны адмысловы сродак для мыцця посуду – лімонны Fairy, а ён, нажаль, ёсць не паўсюль. І калі ў Іране, дзякуючы Сале, у мяне атрымалая знайсці ледзь не адзінае на ўсю краіну месца, дзе ён прадаецца, то вось у Індыі, Непале ці Тайландзе знайсці яго проста немагчыма. А мясцовыя аналагі не падыходзяць, бурбалкі лопаюцца. Таму я нават прасіў, каб мне ў Тайланд прывезлі два літры Fairy.

Другая праблема – гэта паліцыя, якая можа праганяць і забараняць пускаць бурбалкі. Найгоршая ў гэтым плане краіна – Іран, найлепшая – Грузія і Тайланд. Праўда, у Тайландзе такім чынам зарабляць даволі складана, усё ж такі ў гэтай краіне турысты распешчаныя шматлікімі вулічнымі шоу. Дарэчы, паспрабаваўшы пускаць бурбалкі ў нас, я быў прыемна здзіўлены, калі айчынныя праваахоўнікі не праяўлялі ніякай цікавасці да майго прадстаўлення. Такім чынам, агульны бюджэт паўгадавога падарожжа склаў прыблізна 2200$. З гэтай сумы каля 600$ я патраціў на тры авіяпералёты: Тэгеран – Дэлі, Калькута – Бангкок, Бангкок – Кіеў.

Наступны адчувальны пункт расходаў – начлегі. Агулам, месячны бюджэт маёй вандроўкі складаў прыблізна 200-250$, дзесьці больш: Грузія, Арменія, Тайланд, дзесьці менш: Індыя, Непал. Пры пэўных навыках зарабляць такую суму ў падарожжы не складае вялікіх праблем.

img_20160226_132417-01Прыднястроўе – адзіная ў свеце краіна, дзе існуюць пластыкавыя манеты

У мяне часта пытаюцца, што неабходна браць з сабою ў такое доўгае падарожжа. Паспрабую коратка адказаць на гэтае пытанне, абапіраючыся на вопыт менавіта гэтай вандроўкі. Першае, і самае галоўнае – гэта галаўны мозг. Бо калі гэтая частка арганізма дрэнна працуе – доўга вы не паездзіце, колькі б грошай з сабою не бралі.

Вольныя падарожжы вучаць пралічваць усё на некалькі крокаў наперад і быць гатовым да ўсіх магчымых варыянтаў развіцця падзей. Каб авалодаць тэхналогіяй вольных падарожжаў, варта спачатку паездзіць па сваім рэгіёне, «набіць руку», і толькі пасля паступова павялічваць геаграфію вандровак. Падрабязней пра гэтую самую тэхналогію самастойных падарожжаў я напішу ў наступнай, апошняй серыі гэтага блогу.

img_20160601_110008-01 img_20160323_131359-01

Варта мець добры заплечнік. Мой PINGUIN праявіў сябе найлепшым чынам у гэтым падарожжы, і нават пятнаццацікіламетровыя пераходы праз горы не сталі для мяне перашкодай. У заплечніку неабходна мець лёгкі і кампактны спальнік. Разам з турыстычным дыванком, гэта дасць дадатковую аўтаномнасць, і вы зможаце знаходзіць бясплатны начлег паўсюль. Не варта браць аб’ёмныя і цёплыя спальнікі, як паказвае практыка, пры нізкіх тэмпературах усё адно стараешся знайсці начлег недзе ў памяшканні, і таму сэнсу ў іх няма.

img_20160617_144234-01

Яшчэ аднім сапраўдным героем гэтай вандроўкі стаў мой смартфон XIAOMI RedMi Note2. Набыў я яго мінулым летам у Кітаі, і ў падарожжы ён праявіў сябе найлепшым чынам. Усе фота і відэа, што вы бачылі, былі зробленыя ім. Добрая батарэя і стабільная сістэма, 4G і хуткае спалучэнне са спадарожнікам. Цяпер добры мабільны інтэрнэт ёсць усюды, таму смартфон проста неабходны, каб на месцы атрымліваць усю неабходную інфармацыю. Зразумела, што ў дарогу не варта браць нейкія наварочаныя і дарагія тэлефоны, XIAOMI у гэтым плане – найлепшы выхад. Існуюць дзясяткі сайтаў і мабільных аплікацый, якія істотна спрошчваюць працэс падарожжа і дапамагаюць вырашаць вялікую колькасць пытанняў. Пра іх я распавяду ў наступнай серыі. Таксама варта памятаць, што разам з тэлефонам неабходна мець знешні акумулятар, каб не залежаць ад разетак, якія далёка не паўсюль можна знайсці, і быць аўтаномным.

snapseed-68

Наступная серыя, апошняя ў гэтым блогу, будзе прысвечана тэхналогіі вольных падарожжаў. Я пастараюся падзяліцца ўласным досведам: як крок па кроку арганізаваць сваю самастойную вандроўку. Не пераключайцеся!

Аўтар выказвае падзяку сетцы турыстычных крамаў «Актыўная зона» за прадастаўлены прафесійны рыштунак.

Система Orphus

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *