20.10.2016

Федэрацыя футбола Беларусі і культурная пляцоўка «Арт Сядзіба» абвяшчаюць творчы конкурс «Мова — Музыка — Футбол». 

Любіш футбол, падтрымліваеш зборную, жадаеш новых перамог Белакрылым?
Любіш музыку, граеш на гітары, пішаш песні, спяваеш ці нават маеш уласны гурт?
Любіш мову і хочаш, каб яна гучала часцей і гучней, а песню па-беларуску заспяваў увесь стадыён?

Тады праект «Мова — Музыка — Футбол» для цябе!

Мы не абмяжоўваем удзельнікаў конкурсу ў музычных стылях і фаматах. Поўная свабода творчасці і праяўлення музычна-паэтычных талентаў. Усё, што аб’ядноўвае беларускую мову, беларускі футбол і беларускую музыку: спачатку збіраем, пасля слухаем і спяваем разам!

UPD: Мы пашырылі ўмовы ўдзелу. Чакаем песні па-беларуску з патрыятычным зместам. Мы чакаем ад вас песні, якія падымаюць дух, якія могуць гучаць на стадыёнах падчас футбольных матчаў.

Праект будзе доўжыцца да вясны 2017 году і будзе складацца з шасці этапаў.

Першы і асноўны этап — гэта музычны конкурс, на які да 1 студзеня прымаюцца песні на беларускай мове адпаведна тэмам:

— футбол і заўзятарства ў самым шырокім сэнсе, актыўная падтрымка беларускай зборнай, клубных каманд і наведванне фубольных матчаў;
— патрыятызм і любоў да Беларусі, гонар за яе спартыўныя дасягненні;
— спалучэнне беларускай мовы і спорту.

Наступныя этапы:
— запіс песень-фіналістаў на прафесійнай студыі;
— вызначэнне пераможцаў адмысловым складам журы, слухачамі ў сацыяльных сетках і на сайтах інфармацыйных партнёраў, на адборачных канцэртах у кафэ-клубе «Грай»;
— падрыхтоўка і выданне дыска-складанкі, здымкі кліпа;
— музычны фестываль з удзелам пераможцаў і фіналістаў конкурсу, прэзентацыя песень і дыска, узнагароджванне пераможцаў;
— распаўсюд песень у інтэрнэце, на радыё, у межах спартовых і культурных мерапрыемстваў Беларускай федэрацыі футбола і культурнай пляцоўкі «Арт Сядзіба».

Печать

Беларускамоўныя песні на конкурс з пазнакаю «Мова – Музыка – Футбол» прымаюцца ў фарматах аўдыё і відэа да 1 студзеня на e-mail: artsiadziba@gmail.com у трох варыянтах:

— гатовыя студыйныя запісы (якасна запісаныя песні, што не патрабуюць перазапісу і дадатковай працы, якія раней публікаваліся (ці не публікаваліся);
— дэма-запісы (часткова гатовыя запісы, якія патрабуюць дадатковай студыйнай працы);
— чарнавікі (песні, запісаныя ў хатніх умовах ці на рэпетыцыі, канцэртныя запісы, відэа-запісы з выкананнем песні).

Абавязкова пазначайце ў заяўцы разам з творам:

— назву выканаўцы ці гурта і кароткую інфармацыю пра іх,
— назву твора,
— імя аўтара і кампазітара,
— спасылкі на старонкі ў сацыяльных сетках,
— кантактныя дадзеныя (тэлефон, e-mail).

Пасля прыёму песень адбудзецца галасаванне, адбор фіналістаў і вызначэнне пераможцаў з выбываннем у некалькі этапаў: чвэрцьфіналы, паўфіналы і фінал. Балы будуць вылічвацца з улікам меркавання журы, вынікаў галасавання ў сацыяльных сетках, на адмысловых канцэртах у кафэ-клубе «Грай» і на сайтах АБФФ, «Арт Сядзібы» ды інфармацыйных партнёраў.

Журы конкурсу будзе абвешчана ў блiжэйшы час.

Па выніках будуць вызначаныя тры пераможцы:

1 месца — здымкі кліпа, студыйны запіс песні, выступленне на фінальным канцэрце праекту і на «Барысаў-Арэне» ў рамках аднаго з матчаў нацыянальнай зборнай Беларусі, ратацыя песні на радыё, футбольны мяч з аўтографамі зборнай,

2 месца — студыйны запіс, выступленне на фінальным канцэрце праекту і на «Барысаў-Арэне» ў рамках аднаго з матчаў нацыянальнай зборнай Беларусі, ратацыя песні на радыё,

3 месца — студыйны запіс, прафесійны вакальны мікрафон, выступленне на фінальным канцэрце праекту.

Таксама будуць вызначаныя пераможцы ў дадатковых намінацыях «Глядацкія сімпатыі», «Лідары сацыяльных сетак», «Выбар генеральнага спонсара», «Песня стадыёна», «Выбар Белакрылых».

Гэтыя пераможцы атрымаюць падарункі ад арганізатараў і партнёраў конкурсу: абанементы на хатнія гульні нацыянальнай футбольнай зборнай, атрыбутыку зборнай (майкі, рэплікі, шалікі), сувеніры і іншыя памятныя падарункі.

Усе ўдзельнікі конкурсу атрымаюць запрашальнікі на фінальны фестываль і музычны дыск «Мова – Музыка – Футбол» ад кампаніі «Планета Вігма» з творамі ўдзельнікаў конкурсу, а таксама песнямі, напісанымі раней у Беларусі пра футбол і для футбола.

Падзеі ў сацыяльных сетках:

«УКантакце»
Facebook

Партнёры конкурсу:

студыя гуказапісу «Bah Records», куды вы можаце звярнуцца і з 50% зніжкай запісаць і падрыхтаваць вашу песню на конкурс. На гэтай студыі будуць запісаныя і зведзеныя песні ўсіх фіналістаў конкурсу;

кампанія «Хороший звук» займаецца тэхнічным забеспячэннем мерапрыемстваў любога ўзроўню. Гэтая кампанія забяспечыць патрэбным гукавым і сцэнічным абсталяваннем фінальны канцэрт праекту;

кафэ-клуб «Грай»  – месца з беларускім каларытам у Мінску на Інтэрнацыянальнай, 33 стане пляцоўкай для правядзення прэзентацый і канцэртаў у межах праекту;

кампанія «Планета Вігма»  займаецца вытворчасцю кампакт-дыскаў у Беларусі і забяспечыць выданне ды распаўсюд фінальнага альбому з песнямі пераможцаў і удзельнікаў праекту; 

кампанія «Symbal.by» займаецца вытворчасцю і продажам рэчаў ды сувеніраў у беларускім стылі. У межах праекту забяспечыць выраб прома-прадукцыі і падарункаў для пераможцаў конкурсу;

беларускі кліпмейкер  і дакументаліст Арцём Лобач, аўтар кліпаў для гуртоў J:морс, Akute, Vinsent, Hurma, Vuraj, The Toobes. Ён здыме прафесійны аўтарскі кліп для пераможцы конкурса.

Інфармацыйныя партнёры конкурса: tut.by, pressball.by, kp.by, euroradio.fm, nn.by.

Система Orphus