24.10.2016

Краўдфандынгавыя тэхналогіі падтрымкі розных сацыяльна- і культурназначных праектаў апошнім часам сталі вельмі папулярнымі ў Беларусі. Сярод іх шмат ідэй і прапаноў накіраваных на стварэння новых прадуктаў на беларускай мове ды прысвечаных папулярызацыі нашай культуры, сімвалаў, традыцый  і гісторыі.

Прадстаўляем вашай увазе топ-5 цікавых і важных праектаў, якія варта паспець падтрымаць да канца 2016 года на платформе Talaka.by, каб цудоўныя і значныя для грамадства ідэі ажыцявіліся.

Калі вас зацікавяць гэтыя праекты і рэчы, то ўжо зараз па спасылках да праектаў можна стаць партнёрамі, спонсарамі, паабяцаць іх набыць ці адразу пералічыць грошы згодна з прапановамі ў раздзеле «Збор сродкаў».

1. «Мая Радзіма Беларусь» — кніга-маляванка для творчасці і натхнення

«Мая Радзіма Беларусь» — гэта кніга-маляванка па-беларуску для творчасці, натхнення і адпачынку, вынік калектыўнай працы каманды «Арт Сядзібы» і Symbal.by, беларускіх мастакоў, дызайнераў, паэтаў і выдаўцоў.

maja-radzima-bielarus

«МРБ» — гэта душа нашай краіны, якую аўтары кнігі адмыслова пакінулі чорна-белай, каб кожны ўладальнік выдання зрабіў яе каляровай, якой бачыць і адчувае сам.

Першая кніга ў двух фарматах (альбом — кніга, альбом — кніга — набор паштовак) з’явіцца напачатку зімы да Калядаў.

f07715117f0188b993126de7be9d

Выданні арт-тэрапіі па-беларуску будуць складацца з 40 чорна-белых малюнкаў і вершаў, надрукаваных на спецыяльным кардоне з якаснай вокладкай, змацаваных спружынаю. Спадарожнымі прадуктамі кнігі стануць скетчбукі, цішоткі, наборы налепак з малюнкамі з выдання, а таксама фірмовыя алоўкі і асадкі для малявання «МРБ».

Падтрымаць праект можна ТУТ!

zubr

2. «Багач» — беларуская эканамічна-гістарычная настольная гульня

На сённяшні дзень беларускамоўных настольных гульняў існуе зусім мала, і амаль усе яны прадстаўлены на symbal.by. Аўтары гэтага праекта хочуць вырашыць гэтую праблему, стварыўшы цікавую і займальную гульню з нацыянальным каларытам.

Эканамічны складнік гульні навучыць вас фінансавай грамаце і правільнаму размеркаванню грошай на выдаткі, а гістарычная частка пакажа, якім быў горад Мінск у мінулых стагоддзя, якія вуліцы і шляхі давалі шанец тагачасным жыхарам набіваць свае скарбонкі і кішэні талерамі.

%d0%b1%d0%b0%d0%b3%d0%b0%d1%87

Настолка будзе складацца з гульнявога поля з назвамі старадаўніх вуліц Мінску, гістарычнай мапы гораду, картак на маёмасць і на камунальныя прадпрыемствы, фішак і дзвюх гральных касцей.

Выдатны варыянт, каб правесці цікавы і прыемны вечар з сябрамі, таму варта паўдзельнічаць у ажыцяўленні праекта!

Падтрымаць праект можна ТУТ!

11ecb7b01bf249eee1aca9c16983

3. Каляндар на 2017-ты «Год з выцінанкай»

Каляндар «Год з выцінанкай» з працамі Ніны Сокалавай-Кубай будзе выдадзены з мэтаю папулярызацыі выцінанкі — традыцыйнага віду мастацтва Беларусі.

view-1-wokl

Каляндар пабачыць свет напрыканцы лістапада 2016 года. Выданне будзе складацца з 13 лістоў фармату А4, на якіх размесцяцца тэматычныя выцінанкі на кожны месяц, дапоўненыя каляндарнай сеткай. Працуюць над календаром мастачка Ніна Сокалава-Кубай і дызайнерка Тамара Мельянец.

Выцінанка — від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ажурны ўзор, выразаны з паперы, які атрымаў распаўсюд у Беларусі, Польшчы і Украіне.

%d0%b2%d1%8b%d1%86%d1%96%d0%bd

Традыцыйна галоўнымі вобразамі выцінанак з’яўляюцца птушкі, таму не выпадкова, што ў аснове большасці сюжэтаў і на вокладцы календара — птушкі. Таксама, згодна з усходнім гараскопам, якога любяць прытрымлівацца беларусы, сімвалам 2017 года з’яўляецца чырвоны вогненны певень.

Падтрымаць праект можна ТУТ!

vycinanka-5

4. Падарунак для Барадуліна — дыск песень з Вушаччыны

Мэта гэтага праекта — выданне дыска народных песень «Песьні матчыны з Вушаччыны» з малой радзімы Рыгора Барадуліна.

Аўтары праекта вырашылі пераасэнсаваць і аднавіць вушацкія песні, якія з дзяцінства Рыгору Барадуліну спявала яго маці. Гэтыя песні натхнялі і суправаджалі паэта ўсё жыццё. Сёлета 24-га лютага ў дзень народзінаў Рыгора Барадуліна ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся святочны канцэрт «Песьні матчыны з Вушаччыны». Вядомыя этна-гурты ажывілі народныя песні з малой радзімы дзядзькі Рыгора.

Удзельнікамі праекта сталі: гурт «Re1ikt», этна-гурт «Vuraj», калектыў «Harmonic style project», фальклорны гурт «Варган», Ірэна Катвіцкая, Віктар Сямашка, паэт Міхась Скобла. Спіс удзельнікаў папаўняецца: прымаюцца прапановы ад іншых гуртоў.

На дыску акрамя кампазіцый сучасных музыкаў будуць яшчэ і арыгінальныя запісы спеваў маці паэта — Куліны Барадулінай, а таксама спевы самаго Рыгора Барадуліна.

Выданне дыску плануецца ў снежні 2016 года, а святочная прэзентацыя ў Мінску ў вялікай зале філармоніі — 24 лютага 2017 у дзень нараджэння Рыгора Барадуліна. Пасля музыкі падрыхтуюць прэзентацыю кружэлкі і ў іншых гарадах Беларусі.

Падтрымаць праект можна ТУТ!

baradulin

5. Выданне другой часткі кнігі «Мова Нанова: 20 крокаў да беларускай мовы»

Першую частку кнігі «Мова Нанова: 20 крокаў да беларускай мовы» напісалі аўтары і вядоўцы папулярных курсаў беларускай мовы «Мова Нанова» Алеся Літвіноўская і Глеб Лабадзенка. Кніга ўключае 20 тэматычных раздзелаў. Кожны раздзел — гэта слоўнік па тэме з прыкладамі на кожнае слова + граматычны блок з практыкаваннямі + цікавінкі.

%d0%bc%d0%be%d0%b2%d0%b0

Тым часам, колькасць урокаў, падрыхтаваная аўтарамі, дасягнула 110-ці. А гэта значыць, што настаў час выдаваць працяг кнігі, зрабіўшы яе серыяй!

У другую частку ўвайшлі такія тэмы, як «Грошы», «Ровары», «Мастацтва», «Жывёльны свет», «Здаровае харчаванне», «Рыбалка», «Цырульня», «Гатэль» ды іншыя. Апроч таго, тры часткі кнігі прысвечаны выбітным беларусам: Якубу Коласу, Васілю Быкаву і Рыгору Барадуліну. У новай кнізе вы знойдзеце не банальныя біяграфіі класікаў, рэдкія і невядомыя фота, прыклады іх аўтарскага стылю.

Падтрымаць праект можна ТУТ!

movananova

Вашая падтрымка гэтых праектаў дазволіць часткова пакрыць выдаткі на іх падрыхтоўку на стадыях распрацоўкі, запісу, вёрсткі і стварэння дызайну. Па сканчэнню кампаній па збору сродкаў, вы першымі атрымаеце гатовы прадукт і розныя іншыя бонусы па абяцаных у праектах коштах і значна танней, чым астатнія пакупнікі, пасля з’яўлення гэтых рэчаў і выданняў у шырокім продажы.

kaliady

Малюнак з вокладкі кнігі «Падарунак на Каляды: зборнік святочнага апавядання», якая выйшла ў серыі «PostScriprum» інтэрнэт-часопіса «ПрайдзіСвет» і ў 2014 годзе ўвайшла ў топ-10 беларускіх падарункаў на Каляды паводле Радыё Свабода.

Варта было б назваць гэты спіс «Топ-5 арыгінальных калядных падарункаў».
Калі вы падтрымаеце гэтыя цудоўныя праекты, то вам не давядзецца шукаць іншыя варыянты, чым здзівіць сваіх блізкіх на Каляды: вы зможаце павіншаваць іх арыгінальна і па-беларуску!

Система Orphus