27.10.2016

Гурт «Амплітуда Смеласці» – гэта супольнасць музыкаў, аб’яднаных любоўю да Беларусі, асаблівым музычным густам і здольнасцю эксперэментаваць у любых творчых праявах. Гурт быў створаны беларускамоўным музыкам, кампазітарам і вакалістам Пятром Клюевым. «Амплітуда смеласці» з’яўляецца ўдзельнікам 7-га сезону ўкраінскага шоў «Х-Фактор».

Музыкі прэзентуюць кліп на песню «Асцярожна, лістапад», словы якой з’яўляюцца аднайменным вершам Генадзя Бураўкіна, класіка беларускай літаратуры.

Кліп быў зроблены ўлетку 2016 году. Яго асаблівасцю з’яўляецца тое, што ён быў зняты на адну камеру за 1 здымачны дзень. Рэжысёрам, аўтарам сцэнару, аператарам і рэжысёрам мантажу выступіў адзін чалавек – Аляксей Сапрыкін.

«Ніхто не хоча рабіць памылак у сваім жыцці, усе хочуць вучыцца на чужых памылках. Але, так здараецца, што мы робім памылкі, з-за якіх потым пакутуем усё сваё жыццё. Наш шлях можа быць розным, але, мы мусім прыйсці да разумення таго, што ёсць для нас сапраўднае шчасце», – кажа Аляксей пра гэты кліп.

У кліпе здымаліся: Пётр Клюеў, Паліна Мартынава, Ірэна Гацкая і Алёна Судзілоўская. У ім распавядаецца звычайная жыццёвая гісторыя пра хлопца, які шукае сваё сапраўднае каханне, сваю адзіную дзяўчыну. Праз пошукі ўсе ягоныя любоўныя сувязі выкрываюцца, і толькі тады хлопец разумее, хто з’яўляецца яго сапраўдным каханнем…

Усе супадзенні з рэчаіснасцю (не)выпадковыя.

 

Система Orphus