21.11.2016

Каманда мінскай арганізацыі «Скул Арт», якая шмат год займаецца вырабам выпускных альбомаў, прэзентавала ўнікальную для Беларусі адукацыйную настольную гульню «Прастол Вялікага Княства Літоўскага». Яе продаж стартаваў на symbal.by.

Асаблівасцю гэтай гульні з’яўляецца не толькі тое, што яна зроблена на беларускай мове, а яшчэ і магчымасць асвяжаць і атрымліваць веды па гісторыі Беларусі. І канешне, гульня прызначана для радасці і забавы.

Мы пагутарылі са стваральнікамі гульні Паўлам і Аляксеем Ждановічамі.

ijjpgtt6z_k

– Як з’явілася ідэя стварыць гульню «Прастол Вялікага Княства Літоўскага»?

– Дзякуючы свайму прафесійнаму занятку, мы доўгі час мелі зносіны са школьнікамі, бачылі маладыя светлыя галовы, размаўлялі наконт іх інтарэсаў. Ды і самі памятаем, як у школьныя гады нам вельмі падабаліся алімпіяды і падобныя спаборніцтвы.

Канкурэнцыя – стымул атрымліваць новыя веды. Так, зрэшты, з’явілася ідэя гульні – людзі гуляюць і канкуруюць паміж сабой. Мы прыйшлі да высновы, што павінен існаваць нейкі гульнявы этап, дзе можна выкарыстоўваць свае веды як сродак для перамогі. Ідэальна, калі ў працэсе гульні людзі ў дадатак да ўсяго змогуць атрымліваць новыя веды.

s_7poy390dg

– Што дадаткова спатрэбіцца, каб пагуляць у настолку?

– Мы пазіцыянуем гульню як «стратэгічную настолку з элементамі дапоўненай рэальнасці». Апошняе тлумачыцца тым, што для гульні спатрэбіцца хаця бы адзін смартфон на Android: барацьба складаецца ў адказах на пытанні, змешчанныя ў мабільным дадатку, які усталёўваецца з Google play.

Прымяненне сучаснага гаджэту ў гістарычнай гульне трэба разглядаць як абсалютны плюс: мабільны дадатак можна заўсёды дапрацаваць і нават абнавіць новымі пытаннямі, што не патрабуе ад уладальнікаў гульні дадатковых затрат. Мабільны дадатак складаецца з сотні захапляльных гістарычных фактаў. Варта адзначыць яго арыгінальны стыль і прыгожае афармленне, таксама там ёсць нетыповыя «прымочкі».

– Колькі часу вам спатрэбілася, каб прыдумаць і распрацаваць гульню?

– Сама ідэя з’явілася ў пачатку мінулай зімы. Можна сказаць, што амаль год мы бесперапынна займаліся стварэннем гульні. Правілы цалкам змянялі чатыры разы, пакуль канчаткова не былі ўпэўнены, што гэта тое, што патрэбна! Кожнай дробязі надавалі вялікую ўвагу, пачынаючы з якасці матэрыялу скрынкі, скончваючы назвамі зямель і гарадоў, пакуль гульня не набыла свой стыль.

Сам працэс стварэння гульні быў паэтапны. Адразу мы разважалі над тым, што б такое прыдумаць у галіне адукацыі, каб гэта рэальна дапамагала вучням атрымліваць і правяраць свае веды, і галоўнае, каб ім было цікава гэта рабіць. Асноўнай нашай задачай было абуджэнне жадання вучыць і вучыцца. Такім чынам, мы прыйшлі да высновы, што гэта будзе настольная гульня. На другім этапе мы вырашылі, што адукацыйная функцыя гульні будзе выконвацца з дапамогай фактаў з  гісторыі Беларусі.

nqxixfrwc4m

– Што ўваходзіць у гульнявы камплект?

– У камплект гульні ўваходзіць гульнёвае поле, 4 карты князёў, наборы токенаў (фішак), калода гульнявых картак (карткі са штрых-кодамі, з дзеяннямі, з падлікамі балаў), інструкцыя да гульні. Падчас гульні вы можаце стаць адным з вялікіх літоўскіх князёў Міндоўгам, Гедымінам, Ягайлам ці Вітаўтам. Усе гэтыя славутыя князі ўнеслі вялікі ўнёсак у развіццё Вялікага Княства Літоўскага. Карты князёў маюць іх выявы і кароткую біяграфію.

На гульнявое поле нанесена мапа ВКЛ з адзначанымі тэрытарыяльнымі часткамі. Такім чынам, кожны кампанент гульні накіраваны на адукацыйны працэс. Варта адназначыць, што гульня выраблена з якасных і экалагічных матэрыялаў. Мы імкнуліся да стварэння сапраўды якаснай рэчы. Хацелі, каб нават ад таго, што скрыначка з гульнёй стаіць на палічцы, людзі ўжо адчувалі эстэтычнае задавальненне і асалоду.

qau2bpnawg8

– Якія правілы гульні і якая яе асноўная мэта?

– Правілы гульні даволі простыя, нават сямікласнікі хутка ўключаліся ў гульню без лішніх пытанняў, хоць сама гульня і не мае ўзроставых абмежаванняў. Асноўнай мэтай гульні з’яўляецца заваяванне ўсіх зямель Вялікага Княства Літоўскага, ці кажучы словамі гульні – набор 15 пераможных балаў. Адна партыя доўжыцца каля 45 хвілін. Колькасць гульцоў складае ад 2 да 4 чалавек. Цікава, што ўсе хады гульні пачынаюцца з князя Міндоўга – такі прыемны гістарычны бонус!

zyc75lpkhoc

– Як пра гульню выказваюцца першыя гульцы?

– Гульня «Прастол Вялікага Княства Літоўскага» прываблівае не толькі тым, што з дапамогай яе можна весела правесці час, але і тым, што можна атрымаць новыя веды. Падчас наведванняў школ мы бачылі, што дзеці вельмі рады таму, што з’явілася такая гульня, дзе можна нарэшце прымяніць веды па гісторыі Беларусі і выйграць. Таму вучні з большым энтузіязмам імкнуцца атрымліваць новыя веды шляхам вывучэння падручнікаў, размоў з настаўнікамі і г.д. Але гульня будзе цікавая не толькі школьнікам – любому, хто ставіць такія ж мэты, як і ставаральнікі гульні.

1

– Ці ёсць у вас нейкі рэсурс, дзе можна падрабязней пачытаць пра гульню?

Так, існуе інтэрнэт-сайт Prastol.by, дзе можна знайсці больш інфармацыі пра гульню. Зараз мы наведваем розныя школы краіны, дзе праводзім бясплатныя гульнятэкі, што дапамагае пастаяннаму ўдасканаленню гульні з улікам жывых водгукаў і назіранняў. Таму калі вы з’яўляецеся вучнем або настаўнікам, і хочаце, каб мы да вас прыехалі, пакідайце заяўку на нашым сайце.

За гэты час мы аб’ездзілі шмат школ з «краш-тэстам». Падчас такіх візітаў мы чулі вялікую колькасць станоўчых водгукаў: ідэя спадабалася ўсім. І мы бачылі ўсё сваімі вачымі – гэта быў лепшы стымул! Настаўнікі часта дасылаюць нам свае ўражанні, падмацаваныя фотаздымкамі. Гэта стымулюе працаваць і ствараць яшчэ больш!

Гульню ўжо можна набыць на symbal.by!
Яна стане выдатным святочным падарункам для вас і вашых блізкіх!

Система Orphus