07.12.2016

Вольнае падарожжа – гэта цікава, прыемна, танна і камфортна. Гэта, бадай, адзіны спосаб наладзіць кантакт з мясцовымі жыхарамі і пабачыць іх сапраўдны быт, а не турыстычную вокладку краіны.
Гэта тое, што выдатна пашырае кругагляд і дапамагае пазбавіцца ад шматлікіх стэрэатыпаў.

Для таго, каб вольнае падарожжа было менавіта такім, каб умець спакойна вырашаць любыя праблемы, якія могуць узнікнуць у дарозе, трэба мець пэўныя навыкі.

Як і абяцаў у папярэдняй серыі, у апошнім выпуску блога я падзялюся сваім досведам: як крок за крокам выбрацца ў вольнае падарожжа.

КРОК 1
Выбіраем краіну ці кірунак.

Любое падарожжа пачынаецца з выбару месца ці краіны назначэння, ці хаця б кірунку: куды мы рушым. Камусьці падабаецца вандраваць па Еўропе, але я выбіраю Азію. У наступным падарожжы, мяркую, гэта будзе паўднёваамерыканскі кірунак.

Вельмі моцна ў выбары маршрута дапамагаюць сайты кшталту vandrouki.by, якія прапануюць пералёты за капейкі. Пабачыў зніжку – набыў квіток – паляцеў. Гэта ідэальны варыянт выбрацца на адпачынак ці вакацыі. Але не забывайце пра візы!

visas

Калі ваш час неабмежаваны і вы марыце пра далёкую і працяглую вандроўку, то неабавязкова ехаць кудысьці на край свету наземным транспартам: можна даляцець у выбраны рэгіён і ўжо адтуль пачаць сваё вольнае падарожжа. Пазамінулую вандроўку па Азіі я распачаў менавіта такім чынам, даляцеўшы да Кыргызстана і праехаўшы далей Сярэднюю Азію, Кітай, Дальні Ўсход і Сібір.

КРОК 2
Што паглядзець у краіне?

Калі вы ўжо вызначыліся з краінай ці краінамі, дзе збіраецеся вандраваць, трэба даведацца што ж цікавага там можна пабачыць. Самы просты спосаб – турыстычныя даведнікі Lonely Planet. Там шмат карыснай інфармацыі пра кожную краіну, таксама ў даведніках распавядаецца пра самыя цікавыя месцы і магчымыя маршруты падарожжа. Дапаможнік можна бясплатна «сцягнуць» у сеціве і загадзя распланаваць месцы, якія хочацца наведаць. Таксама варта закінуць яго на свой смартфон, каб заўжды мець пад рукою.

china

Апроч гэтага вельмі карыснымі могуць быць турыстычныя форумы: bpclub.ru ці форум Вінскага, ці шматлікія ім падобныя ў англамоўным сегменце сеціва (напрыклад, форум таго ж Lonely Planet). Калі загадзя перачытаць справаздачы, размешчаныя там, можна знайсці вельмі шмат карыснай і практычнай інфармацыі.

Часам вельмі зручным можа быць Вікіпедыя для падарожнікаў , дзе вельмі коратка, але ёміста, распісаныя самыя цікавыя месцы ў розных гарадах і рэгіёнах.

КРОК 3
Шукаем начлег

Тут багата варыянтаў: можна зняць кватэру праз AirBnB (дарэчы, на тых жа vandrouki.by часта выкладаюць розныя спосабы атрымаць купон на пэўныя сумы, каб бесплатна зняць кватэру), можна спыніцца ў хостэле праз Booking.com  (у Кітаі ці Індыі гэта можа каштаваць 3-5$ у вельмі ўтульным месцы). Я часцей за ўсё карыстаюся каўчсёрфінгам, гэта найлепшы спосаб пазнаёміцца з мясцовымі жыхарамі і знайсці сяброў па ўсім свеце. Некалькі разоў я нават спыняўся ў людзей, якіх не было дома, яны проста пакідалі мне ключы ад сваіх кватэр пад дыванком.

img_20160630_220123616-01

Можна вазіць з сабою намёт, але я не прыхільнік гэтага спосабу. Як паказвае практыка, пры пэўных навыках карыстацца ім даводзіцца вельмі рэдка, і ён становіцца непатрэбным цяжарам у заплечніку. Ягоная адсутнасць з’яўляецца дадатковым стымулам «ісці ў народ».

Апроч арганізаваных спосабаў знайсці начлег, якія можна неяк распланаваць загадзя, вольныя падарожжы вучаць вырашаць гэтае пытанне непасрэдна на месцы, калі ты ўначы прыехаў у нейкі горад і не маеш там начлегу. Ці, напрыклад, не даехаў да месца прызначэння. Заўжды і паўсюль дапаможа спосаб «язык да Кіева давядзе».

У гэтай вандроўцы я ўпершыню ўпісваўся на начлег у мячэць і сікхскія гурудвары, спаў на плоскіх дахах індыйскіх дамоў, ў дэлійскім аэрапорце  і на тайскім пляжы .

img_20160514_060059-01-1 img_20160508_110547-01

КРОК 4
Рыхтуемся ў дарогу

Самае важнае, што трэба зрабіць, рыхтуючыся ў дарогу, і што трэба ўзяць з сабою, я пісаў вось тут. Дадаць сюды варта бірушы і маску для сна, што дапаможа спакойна спаць у не самых спакойных умовах.

Вельмі спрошчвае вольнае падарожжа добры смартфон . Як пазала практыка, ён зусім не абавязкова мусіць быць дарагім. Загадзя, перад выездам, на яго варта паставіць шэраг неабходных дадаткаў і праграм. Самая патрэбная — гэта бесплатныя афлайнавыя мапы ўсяго свету Maps.me. Дзякуючы ёй я арыентаваўся ў двух дзесятках краін і нідзе не меў праблем. Асабліва прыемна, што галоўнымі распрацоўшчыкамі гэтага дадатка былі беларусы. Разам з google maps (ці baidu maps у Кітаі) яны не дадуць вам згубіцца. Апошнія дзве праграмы яшчэ зручныя тым, што часта паказваюць, як ходзіць грамадскі транспарт, гэта вельмі дапамагае ў перасоўванні па гарадах.

img_20160219_151826-01

Таксама вельмі карыснымі будуць дадаткі каўчсёрфінгу, букінгу, мабільных перакладчыкаў на розныя мовы, мэсэнджэры для кантакту з домам і новымі сябрамі, якіх сустрэнеце ў дарозе, і г.д. Напрыклад, знайшлі вы ўпіску праз каўчсёрфінг, ваш будучы хост напісаў свой адрас і тэлефон. Забілі адрас у навігатар, паглядзелі на google maps, як туды дабрацца, і вось вы ўжо не згубіцеся і не будзеце аддаваць грошы на таксоўку.

Варта памятаць, што ў розных краінах могуць быць заблакаваныя звычайныя праграмы (Facebook у Іране і Кітаі, Google i Facebook у Кітаі). На гэты выпадак варта мець розныя VPN-аплікацыі, якія дазволяць гэтыя блакіроўкі абыходзіць. Як я пісаў вышэй, варта мець спампаваныя на тэлефон турыстычныя дапаможнікі. Вельмі добра сябе праявілі праграмы для чытання электронных кніжак, падчас вандроўкі я прачытаў шмат цікавай літаратуры.

Каб заўжды мець пад рукою інтэрнэт, які ў наш час дабраўся нават у самую глухую індыйскую вёску, варта падключацца да мясцовай мабільнай сувязі. У некаторых краінах падарожніку зрабіць гэта даволі складана, напрыклад, у Кітаі і Узбекістане. Але апісаны вышэй спосаб «язык да Кіева давядзе» дапаможа ў пяць секунд разруліць і гэтую праблему. Зразумела, купляць лакальную сімку мае сэнс, калі вы плануеце быць у краіне больш, чым пару дзён.

Пра знешні акамулятар (ці power bank), які забяспечыць пару дзён аўтаномнасці ад разетак (якіх вельмі часта можа не быць на вашым шляху), я думаю, нагадваць не патрэбна.

КРОК 5
Перамяшчэнне

Тут таксама варыянтаў шмат: можна арэндаваць машыну, можна ездзіць на таксі, можна карыстацца лакальным транспартам. Я аддаю перавагу аўтастопу, гэта найлепшы спосаб адкрыць для сябе сапраўдную краіну і пазнаёміцца з мясцовымі жыхарамі і іх жыццём. Калі ведаць пэўныя правілы гэтага спосабу перасоўвання і мець досвед у гэтым, то можна едзіць хутка і спраўна. Прычым не толькі на машынах, але і на цягніках (падчас пазамінулай вандроўкі па Дальнім Усходзе ў мяне атрымалася праехаць 300 кіламетраў разам з машыністамі ў лакаматыве таварнага цягніка), і на водным транспарце, і нават, калі моцна пашанцуе, на паветраным.

Свае першыя спробы вандраваць аўтастопам я пачаў рабіць, прачытаўшы «Практыку вольных падарожжаў», гэткі своеасаблівы «аўтастоп для чайнікаў». Калі вы раней не вандравалі такім чынам і даўно хацелі паспрабаваць, але не ведалі з чаго пачаць, вельмі раю пачытаць гэтую невялікую кніжачку, тут даволі падрабязна і зразумела апісаная тэхналогія перамяшчэння аўтастопам і вырашэння бытавых праблем у дарозе.

sasza-plakat-india

КРОК 6
Падсумаванне

Вось і падышоў да канца гэты блог, дзякуй вам, што сачылі за маім падарожжам. Спадзяюся, што пачытаўшы пра мае прыгоды, вам таксама захацелася выбрацца ў вандроўку. Скончыць гэты блог я хацеў бы вершам аднаго расійскага падарожніка Ігара Цюцюкіна:

Путешествия рассеивают страхи,
Освежают, закаляют организм…
Обесценивают жизненные крахи,
Дарят Радость, новизну и оптимизм…

Путешествия усиливают зренье.
Расширяют опыт наш и кругозор.
Уменьшают одряхление и старение.
Выметают из Души ненужный сор…

Вышэй я апісаў толькі самыя важныя пункты, пра якія трэба ведаць, збіраючыся ў самастойнае вольнае падарожжа. Зразумела, што насамрэч іх значна больш.

Падрабязна пра ўсе нюансы я распавяду ў гэты чацвер, 8 снежня, у галерэі TUT.by (ст. м. «Міхалова», пр. Дзяржынскага, 57, 9 паверх) падчас вялікай прэзентацыі сваіх азіяцкіх прыгод.

 

Пачатак а 19 гадзіне, уваход вольны.
Шчыра запрашаю на сустрэчу!

Система Orphus