23.12.2016

Сёння мы з вамі наведаем яшчэ адзін абласны цэнтр Беларусі – Гродна! Ці Гародню… Ці Горадню…

Як правільна: Гродна? Горадня? Гародня? Ведаеце, гэта нагадвае сітуацыю з назвамі «Мінск» і «Менск», як у аднайменнай песне Лявона Вольскага, дзе спяваецца аб падваенні асобы горада. Тут крыху больш складана і заблытана… Можна нават параўнаць з шызафрэніяй, калі ў адным «целе» ўжываюцца тры «асобы», але горад трымаецца.

Магчыма, вы звярталі ўвагу на спрэчкі ў сеціве вакол назвы гэтага горада. Няма амаль ніводнага фотаздымка з подпісам «Гародня» ці «Горадня», пад якім бы не развівалася палеміка наконт гэтага. Але трэба адзначыць той факт, што тры назвы даўно ўжо прыжыліся і мірна саіснуюць разам. Горадня – гістарычная назва горада (калі чую гэтую назву, адразу ўзгадваецца Стары Замак і Каложская царква). Гародня – казачнае і мастацкае імя, якое падарыў гораду Уладзімер Караткевіч. Гродна – сучасная назва горада, з усімі яго «еўраоптамі-алмі». Таму спрачацца не трэба: кожны бачыць сваё!

15-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%b0%d1%82%d1%8c

У гэтым горадзе я трэці раз. Першы раз я наведала менавіта  Г Р О Д Н А, бо тады мяне чамусьці  мала цікавіла гісторыя, але я ўсё ж такі наведала незвычайны музей рэлігіі . Год таму я паехала ў Г А Р О Д Н Ю… Памятаю, там я сустрэла першы снег, што і надало гораду атмасферу казачнасці і цудаў.

1-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%b0%d1%82%d1%8c

Зараз я наведала менавіта Г О Р А Д Н Ю, і здзівілася: якая багатая гісторыя ў гэтага горада! Такім чынам, на камп’ютэры ў мяне ёсць тры тэчкі з фотаздымкамі: «Гродна», «Гародня», «Горадня», быццам я наведвала розныя месцы.

Тэма з Горадней цяпер актуальна як ніколі, таму што 23 кастрычніка ў сілу ўступіў Указ № 318, паводле якога замежнікі змогуць без афармлення беларускай візы наведаць гэты цудоўны горад і Гродзенскую вобласць (са сваімі нюансамі, вядома). І таму, шпацыруючы па Горадні, часта ставіла сябе на месца замежнікаў і думала, што б мне такое паглядзець, каб адчуць сапраўдны дух усёй  Беларусі ў адным месцы? І ведаеце, за два дні я знайшла гэтае штосьці.

img_6958%d1%8c%d1%8c-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%b0%d1%82%d1%8c

Свой аповед хачу падзяліць на тры часткі адпаведна кожнай іпастасі горада.

Гродна

Як сучасны горад, Гродна таксама мае свае адметнасці. Напрыклад, у гэты раз ён запомніўся сваёй стэрыльнай чысцінёй. Я разумею, што ў Беларусі гэтым нікога не здзівіш, і гэта нармальная і звыклая для нас з’ява, але гэта ўзровень, калі чыста да такой ступені, што ты сам каля 15 хвілін шукаеш сметніцу ў спальным раёне пад дажджом, каб не выкідваць смецце проста на вуліцы. У той момант наш настрой быў на мяжы гістэрыкі, але ўсё ж такі мы не падалі духам і жартавалі: «Гродна настолькі чысты горад, што нават сметніцы адсутнічаюць!». Гэта, з большага, праўда, і часам такая чысціня рэзала вочы.

2-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%b0%d1%82%d1%8c

Гродна таксама запомніўся графіці (як вы ўжо зразумелі, гэта для мяне асаблівая тэма). Вось, напрыклад, выдатнае графіці Вітаўта аўтара Silen. Яно заварожвае сваёй маштабнасцю і яркасцю! І як яно можа не заварожваць, гэта ж Вітаўт!!!

3-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%b0%d1%82%d1%8c

У адрозненні, напрыклад, ад Віцебска, муралы тут, на жаль, не вельмі паважаюць… Спадзяюся, што гэта памылка (лепш думаць так!).

Яшчэ жыхары Гродна любяць песні Земфіры і гурта «Сплін», аб чым сведчаць цытаты іх песень на лаўках і слупах. Прыемна нечакана сустракаць знаёмыя радкі, але гродзенскім камунальшчыкам гэта, напэўна, не вельмі падабаецца)

5-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%b0%d1%82%d1%8c

Я ездзіла ў Гродна на два дні, і ў мяне быў шанец адчуць сябе сапраўднай мясцовай жыхаркай. Хоць на другі дзень надвор’е ўжо не ўсміхалася сонейкам, і вузенькія каларытныя вулачкі ўжо не так радавалі вока, бо некалькі разоў нас аблівалі машыны, але я ўсё роўна старался не сумаваць наконт гэтага. Лічу, што не трэба вельмі зацыклівацца на надвор’і, бо далейшыя асацыяцыі і ўспаміны будуць зводзіцца не да горада, а да дажджу і да «панакупляюць джыпаў ды лётаюць па лужынах, не думаючы!!!» Такім чынам, Г Р О Д Н А пакінуў вельмі цёплы і светлы след у памяці.

img_7031%d0%bb%d0%b4%d0%b4-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%b0%d1%82%d1%8c

Горадня

Ведаеце, шпацыруючы па Г О Р А Д Н І, я шкадавала толькі аб адным: што ў мяне з сабой не было маленькага кішэннага гісторыка, які б мне распавядаў, распавядаў і распавядаў ўсё ды пра ўсё! Гісторыя гэтага горада вельмі багатая. Калі Віцебск – горад для мастакоў ды іншых творчых людзей, то Горадня адназначна горад для гісторыкаў. У некаторыя моманты мне хацелася спыніцца сярод вуліцы і перачытаць усю гісторыю Беларусі ад вокладкі да вокладкі. Вось на што натхняе гэты незвычайны горад! Я зараз паспрабую пабыць у ролі гэтага маленькага гісторыка, і распавяду вам пра некаторыя мясціны.

Каложа (Барысаглебская (Каложская) царква). Пабудаваная ў ХІІ стагоддзі ў раманскім стылі. Гэта ўнікальнае збудаванне на тэрыторыі Беларусі, архітэктурная прыгажосць якога не мае аналагаў сярод захаваных помнікаў. Каложскую царкву лічаць найстаражытнейшым храмам краіны, які дзейнічае па сённяшні дзень. Дарэчы, храм мае свой сайт, дзе нават можна задаць пытанне святару. Цікава, што нядаўна прайшла Міжнародная навуковая канферэнцыя па пошуку шляхоў захавання Каложскай царквы, дзе было адзначана, што магчымасць разбурэння каменнай сцяны храма складае каля 12%. А вось драўляная сцяна ў значна горшым стане – яе можа знішчыць любы ўраган. Таму раю ў бліжэйшы час наведаць гэтую ўнікальную славутасць.

6-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%b0%d1%82%d1%8c

Ля Каложы знаходзіцца памятны знак «Пагоня на Грунвальд». Лічыцца, што менавіта ад Барысаглебскай царквы князь Вітаўт вывеў свае харугвы пад Грунвальд на вялікую вайну з крыжакамі. Калі стаіш тут, здаецца, што гэтае месца зараджана нейкай нябачнай энергіяй і сілай.

7-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%b0%d1%82%d1%8c

Яшчэ адна абавязковая для наведвання славутасць – Стары Замак, які звязаны з імёнамі Стэфана Баторыя і Вітаўта – аднымі з самых магутных князёў Беларусі.

8-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%b0%d1%82%d1%8c

Дарэчы, любімым горадам Караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя лічылася менавіта беларуская Горадня, куды ён нават хацеў перанесці сталіцу. Стары Замак, такім чынам, з’яўляўся любімай рэзідэнцыяй караля. Таму, шпацыруючы па тэрыторыі Старога Замку, уяўляеш, як вялікі Стэфан Баторый піў тут віно і як князь Вітаўт (драўляная скульптура якога сустрэне вас на пляцоўцы каля Новага і Старога замкаў)  захапляўся відамі на Нёман.

У будынку Старога Замку размешчаны музей, прызначэнне якога я зразумець не магу да сённяшняга дня.Там я пакінула дзве гадзіны свайго бясцэннага часу. А запомнілася мне наступнае: пудзіла касога янота і канструкцыя «працэс гніення бульбы». Тады было смешна, а зараз сумна…

img_7502%d0%bd%d1%80%d1%80-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%b0%d1%82%d1%8c

На тэрыторыі Старога Замка размясцілася Ніжняя царква – гэта закансерваваныя руіны архітэктурнага помніка ХІІ стагоддзя. Ніжняй яна называецца таму, што на яе руінах пазней была пабудаваная яшчэ адна, Верхняя царква. Існуе дзве версіі, чаму Ніжняя царква ў Горадне была разбурана. Па першай з іх, у царкву трапіла маланка небывалай сілы, якая разбурыла будынак да асновы. Па другой версіі, інжынеры, якія праектавалі яе, памыліліся ў разліках, у выніку чаго царква літаральна развалілася на часткі на вачах у вернікаў. Абедзве версіі тлумачаць дзіўную форму захавання рэшткаў царквы: быццам бы, разбурэнне ішло зверху ўніз. Рэстаўрацыя гэтага помніка гісторыі не прадугледжваецца.

Недалёка знаходзіцца і Новы замак (Каралеўскі палац), які з’яўляўся рэзідэнцыяй караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, а таксама быў месцам пасяджэнняў сейма.

10-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%b0%d1%82%d1%8c

Горадня ганарліва носіць званне горада сабораў. Амаль з кожнай кропкі горада бачныя яркія плямы будынкаў цэркваў, касцёлаў, манастыроў. Кожны мае сваю цікавую гісторыю і традыцыі.

11-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%b0%d1%82%d1%8c

Вось, напрыклад, Вялікая харальная сінагога.  Яна адна з самых старых ва ўсёй Еўропе. Сёння вы можаце пабачыць як адрэстаўраваную частку будынка, так і яе «жывы выгляд». Цяпер у планах – працягнуць рэстаўрацыю сінагогі. Ёсць задумкі размясціць тут цэнтр абшчыны гродзенскіх габрэяў, кухню для бедных, дзіцячы садок і бібліятэку. Вялікая харальная сінагога павінна стаць сапраўдным домам для габрэяў розных узроставых груп.

13-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%b0%d1%82%d1%8c

Аб цікавых гістарычных месцах Горадні можна расказваць бясконца, бо гэты горад насамрэч мае, што паказаць. Напрыклад, таямнічы лямус, які зроблены без адзінага цвіка, самая еўрапейская вуліца Беларусі, воданапорныя вежы «Бася і Кася», музей Максіма Багдановіча і шмат-шмат іншага.

5nheiol2czw-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%b0%d1%82%d1%8c

Таму, калі жадаеце дакрануцца да гісторыі Беларусі, бярыце заплечнік і рушце заваёўваць абшары Горадні!

Гародня

Гародня – гэта казачны горад над Нёманам, дзе хочацца кахаць і ствараць. У Гародне вітае дух рамантыкі і таямнічасці. Пацвярджаюць гэта каларытныя завулкі і панадворкі горада. Гульня фарбаў ды матэрыялаў будынкаў заварожвае. Таму, абыходзячы славутасці горада, не забывайце завітваць у дворыкі, узяўшы з сабой каву. Утульнасць і цеплыня вам гарантаваныя.

16-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%b0%d1%82%d1%8c

17%d0%b0-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%b0%d1%82%d1%8c

Гуляючы па Гародне, я ўвесь час адчувала жаданне паглядзець на яго з вышыні, пастаянна думала, куды б залезці, каб гэта зрабіць. На жаль, я так і не знайшла такое месца. Але негледзячы на гэта, я ўсё ж такі засталася задаволенай.

18-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%b0%d1%82%d1%8c

Самае папулярнае месца фотаздымкаў у Гародні – Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы, які раней быў жаночай Марыінскай гімназіяй. Будынак цалкам абвіты плюшчом, таму выглядае вельмі атмасферна і містычна, асабліва ўвосень.

19-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%b0%d1%82%d1%8c 20-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%b0%d1%82%d1%8c

Горад авеяны нейкім казачным настроем: увесь час здавалася, што за з-за кута выйдзе які-небудзь шляхціч ці дзяўчына ў прыгожай сукенцы і вышываным карсеце. Хай гэта толькі мая фантазія, але выдатна, калі горад пакідае такі незвычайны адбітак. Ведаеце, я сама не думала, што беларускі горад можа выклікаць столькі эмоцый і пачуццяў, натхніць на штосьці новае і нетыповае для сябе (напрыклад, завесці кішэннага гісторыка :)

%d0%b3%d0%be%d1%80%d0%b0%d0%b4%d0%bd%d1%8f-new-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%b0%d1%82%d1%8c

Гэты горад, безумоўна, варты ўвагі! І незалежна ад таго, дзе вы апынецеся: у Гродна, ці ў Гародні, ці ў Горадні – горад вас парадуе і час, праведзены там, будзе прыемным.

Система Orphus

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *