28.12.2016

Увесь год музычныя каманды Беларусі радавалі нас новымі сінгламі, моцнымі альбомамі, эмацыйнымі канцэртамі і нечаканымі дуэтамі.

Напрыканцы 2016 года мы вырашылі падвесці вынікі развіцця беларускай музычнай прасторы і выбраць лепшыя кліпы беларускіх гуртоў за апошні год.

Выбраць было непроста, але мы справіліся. Прадстаўляем вашай увазе топ-10 лепшых кліпаў беларускіх гуртоў за 2016 год па версіі «Арт Сядзібы».

1.HURMA  — «Люк, я твой тата» .

Распачне гэты спіс кліп «Люк, я твой тата» гурта HURMA. Вельмі незвычайная і нетыповая песня для музыкаў-рамантыкаў, якія звычайна спяваюць пра каханне: у гэтай песні закранаецца вечная праблема «бацькоў і дзяцей». Пра цяжкасці ва ўзаемаадносінах распавядаецца вельмі кранальна і шчымліва з дапамогай вобразу Дарт Вэйдэра з фільма «Зорныя войны». Рэжысёрам кліпа з’яўляецца Арцём Лобач, папулярны беларускі кліпмэйкер, які здымаў кліпы для рэпера Vinsenta, гуртоў «Серебряная свадьба», THE TOOBES і іншых.

2. Navi — «Гісторыя майго жыцця»

Працягне наш топ-10 кліп гурта Navi на песню «Гісторыя майго жыцця». З гэтай песняй прыўкрасны дуэт прайшоў у фінал нацыянальнага адбора на конкурс «Еўрабачанне-2017». Спачатку яны былі адзінымі ўдзельнікамі, якія выйшлі ў фінал з беларускамоўнай песняй, зараз свае жаданне заспяваць па-беларуску выказалі музыкі з гурта NUTEKI. Хто б у выніку не паехаў на «Еўрабачанне», песня Арцёма і Ксюшы ўсё роўна застаецца мілай і вельмі пазітыўнай. Тое ж самае можна сказаць і пра кліп на яе.

3. Лявон Вольскі — «Цёплае мінулае»

Наступны кліп, які мы не абмінулі ўвагай, — кліп Лявона Вольскага на песню «Цёплае мінулае» з альбома «Псіхасаматыка».
«Дзе ты, мая Анечка, і нашыя стракатыя пляны?» — такія радкі гучаць у песні. У гэтым годзе Лявон Артуравіч перажыў страшную страту: ад рака памерла яго любімая жонка Ганна Вольская. Кранальнае відэа стварыў рэжысёр Мацвей Сабураў на аснове архіўных фотаздымкаў музыкі ад часоў дзяцінства да нашых дзён.

4. SHUMA — «Rano Rano»

Наступны кліп, які варта ўзгадаць, — кліп SHUMA на песню «Rano Rano» з  другога альбома пад назвай «Sonca». Народная песня з аранжыроўкай у стылі deep house гучыць хвалявальна і нават псіхадэлічна. А кліп SHUMA напоўнены чараўніцтвам, тут перасякаюцца таямнічае мінулае і неспакойная сучаснасць.

5. THE SUPELBULLZ — «Маці»

Яшчэ адзін цікавы кліп, у якім таксама ёсць месца магіі і варажбе, кліп THE SUPELBULLZ на песню «Маці». У ім музыкі раюць слухацца маму і не хадзіць, куды не трэба, у час, калі не трэба. Вельмі  мясістая па гучанні песня, падмацаваная яркім відэашэрагам, не пакіне вас раўнадушнымі.

6.  «Амплітуда смеласці» — «Асцярожна, лістапад»

Працягне наш топ-10 кліп на песню «Асцярожна, лістапад» гурта «Амплітуда смеласці».  У кліпе распавядаецца звычайная жыццёвая гісторыя пра хлопца, які шукае сваё сапраўднае каханне, сваю адзіную дзяўчыну. Праз пошукі ўсе ягоныя любоўныя сувязі выкрываюцца, і толькі тады хлопец разумее, хто з’яўляецца яго сапраўдным каханнем…
Дарэчы, музыкі гурта ў гэтым годзе паспяхова выступілі на ўкраінскім шоу «Х-фактар», таксама Пётр Клюеў удзельнічаў у нацыянальным адборы на «Еўрабачанне-2017». Спадзяемся, «Амплітуда смеласці» зноў парадуе публіку новымі песнямі і кліпамі ў 2017-м.

7.  Re1ikt — «Хадзіла галота»

Яшчэ адно відэа з містычнай тэматыкай, якое б хацелася ўзгадаць, кліп на песню «Хадзіла галота» гурта Re1ikt. Кліп па сваёй ініцыятыве знялі прыхільнікі гурта ў лесе пад Бабруйскам, у выніку, атрымалася фэнтэзійная гісторыя трагічнага кахання з нечаканай развязкай. Музыкам гурта кліп спадабаўся, і яны зрабілі яго афіцыйным.

8. J:MOPC — «Блізка»

Цёплы і атмасферны — так можна апісаць відэа аднаго з самых паспяховых гуртоў Беларусі — J:MOPC — на песню «Блізка». Калі вы яшчэ не адчулі навагодняга настрою, то пасля прагляду кліпа ён у вас абавязкова з’явіцца.

9. NGe — «Толькі мы»

Стылёвы чорна-белы кліп прадстаўнікоў беларускага андэграўнду NGe на песню «Толькі мы» таксама не застаўся без нашай увагі.

10. МІКІТА — «Лёс»

Малады спявак МІКІТА ў 2016 годзе прадставіў кліп на песню «Лёс». Самотная гісторыя кахання і перажыванні лірычнага героя ўпрыгожваюцца маляўнічымі пейзажамі. Няблага для першага кліпа.

Система Orphus