09.01.2017

За пяць год існавання «Арт Сядзіба» зрабіла вельмі шмат для папулярызацыі беларускай мовы і культуры. За гучнымі акцыямі, яскравымі падзеямі, паспяховымі прадуктамі стаяць простыя лёсы, учынкі, амбіцыі, характары і выхаванне.

З нагоды маленькага юбілея «Арт Сядзібы» аўтарка Хрысціна Марчук ды фатограф Лізавета Гаравая зрабілі восем аповедаў пра кожнага, хто штодзень стварае «Арт Сядзібу».

Ні слова пра вышымайку, арнамент, мяккую беларусізацыю ды творчыя планы.Толькі чалавечыя гісторыі. Асобы «Арт Сядзібы», якімі вы іх яшчэ не ведалі.

Першым героем рубрыкі стаў крэатыўшчык, дызайнер, распрацоўшчык гульняў на беларускай мове — Зміцер Афанасенка.

Пэндзлікамі і алоўкамі «Ілюстаратара» Зміцер Афанасенка малюе Калюмны, Васьміканцовую зорку, Крыж Ярылы ды Пагоню. У «Фоташопе» даводзіць абрысы мапы старога Мінска. За вакном ужо даўно ноч. Каля артсядзібаўца салодка спіць яго двухмесячны сынок Янка. Так ствараецца беларуская гістарычна-эканамічная настолка «Багач».

img_8005-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%b0%d1%82%d1%8c

«Калі з’явілася Віка, усё стала неяк праясняцца»

Пару год таму ў адным з інтэрв’ю Зміцер прызнаўся, што ўсе хлопцы з гурта AMAROKA сустракаюцца з дзяўчынамі, толькі яму аднаму ніяк не шанцуе.

Сёння ягоная стужка ў Facebook запоўнена здымкамі шчаслівай маладой сям’і: ён, жонка Вікторыя ды немаўля ў вазочку.

Віка і Зміцер ведаюць адзін аднаго даўно: камунікавалі ў агульнай тусоўцы. Пазнаёміцца бліжэй іх падштурхнуў выпадак: хлопец трапіў у шпіталь, які знаходзіцца насупраць Тэатра юнага гледача, дзе працавала Віка. «Зміцер, хочаш на спектакль?» – прапанавала дзяўчына. Так і завярцелася.

«Калі гэты чалавек сапраўды той, хто мне падабаецца, то чаго чакаць? – шчыра расказвае Зміцер. – З гуртом зацягнулася: не зразумела, куды мы рухаемся, плюс  забароны канцэртаў дабілі. На ўласным фронце было цьмяна. Чым займацца? Што рабіць? Калі з’явілася Віка, неяк усё стала праясняцца».

Цяпер жыццёвыя прыярытэты артсядзібаўца выглядаюць не тое, каб «дом-праца-дом», але яны проста падпарадкаваныя адной мэце. Звонку Зміцер застаўся такім жа ўсмешлівым хлопцам у кедах, джынсах і цішотцы з забаўнымі прынтамі.

img_8012-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%b0%d1%82%d1%8c

Зміцер кажа, што яны скрупулёзна не планавалі вяселле і час нараджэння дзіцяці, маўляў, з’явіцца – і з’явіцца. Так атрымалася, што пара распісалася ў той жа дзень, калі купілі недарагі ўчастак пад Мінскам. У астатнім хлопец звыклы вырашаць праблемы па меры іх паступлення.

«Сям’я ўсё расставіла па сваіх месцах, – тлумачыць ён. – Цяпер я ведаю, што для гэтага мне трэба зрабіць тое і тое, раз ёсць дзіцё – трэба будаваць хату».

Віка добра грае на клавішах, Зміцер – на гітары. Часам прыдумляюць музыку разам, хоць на сур’ёзныя сумесныя праекты часу бракуе.

Цяпер яны будуюць уласны дом і пакуль жывуць разам з бацькамі Змітра.

«Адрасцілі валасы, тусаваліся на сцяне Цоя, пілі са старэйшымі “чарнілы”. Гэта было крута»

Многія ведаюць, што Зміцер Афанасенка ўмее таленавіта аднаўляць старыя аўтамабілі. Гэтае захапленне ў яго ад дзеда Аляксандра. Стары жыў у Воршы (адтуль паходзіць маці Змітра). Калі Зміцер хлопчыкам прыязджаў на канікулы, то часта назіраў за дзедавымі корпаннямі ў «Запарожцы».

Ад другога дзеда Васіля наш герой пераняў любоў да шчырасці і сумленнасці.

«Ён быў камуністам, – расказвае Зміцер. Ён жыў ад нас праз пару паверхаў. Мы разам часта хадзілі піць сок у краму гародніны».

Бацькі пазнаёміліся ў Мінску, разам вучыліся на геафаку БДУ. Гэты ж факультэт скончыў і сын.

Змітра асабліва не выхоўвалі патрыётам. Прабеларускія настроі ў сям’і лавіліся ў побытавых сітуацыях. Артсядзібавец узгадвае, як тата прыносіць дамоў газету і кажа: «Ё-маё! Зноў усе савецкія сімвалы!».

img_8002-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%b0%d1%82%d1%8c

Ён не меў кепскіх прыкладаў сярод родных. А з яго боку хапала ўсяго: быў і панк-рок, і імпрэзы з алкаголем. Адтуль яго нават часам забіраў бацька. Да 21 года хлопца дапазна гуляць не пускалі.

«Я вельмі ўпарты. Спачатку раблю, а пасля думаю, таму бацькі пільнавалі, – прызнаецца Зміцер. – Трэба ў меру кантраляваць – вось што я ўзяў бы з бацькоўскага выхавання. Мае тата з мамай – вельмі кампанейскія і маладыя».

Ужо ў сталым узросце Зміцер здымаў кватэру з сябрамі Пашам Белавусам ды рэперам Вінсэнтам. Аднак праз паўгады вярнуўся ў родны дом, бо не ацаніў прывабнасцяў самастойнага жыцця.

Ён хадзіў у звычайную беларускамоўную гарадскую школу, пакуль яе не перавялі на рускую мову. Тады ж стаў займацца музыкай. На школьных канцэртах Зміцер, як і многія беларускія хлопчыкі, што нарадзіліся ў канцы 80-х, граў рускі рок.

«Мы адрасцілі валасы, тусаваліся на сцяне Цоя, пілі са старэйшымі “чарнілы”. Гэта было крута, – узгадвае Зміцер. – Я хацеў быць, як Лявон Вольскі: спяваць па-беларуску і каб была грамадзянская пазіцыя. Я шчыра верыў, што гэтым ты камусьці дапамагаеш стаць беларусам».

Цяжка паверыць, але на музычным рахунку хлопца ёсць два гады спеваў у касцельным хоры. Спецыяльнай адукацыі ён не атрымаў. За гэта ўжо нашмат пазней ён стане аб’ектам крытыкі адмыслоўцаў.

«Я разумею, што ўсё гэта — яшчэ не фініш»

Гурта AMAROKA ужо афіцыйна не існуе. Зміцер быў яго нязменным лідарам 10 год. Хлапчуковы бэнд прытрымліваўся стылю american pop-punk, сыграў сотні канцэртаў, выпусціў чатыры кружэлкі і некалькі самотнікаў.

img_7991-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%b0%d1%82%d1%8c

Некаторыя з плытак гурта музычныя эксперты разбівалі на дробны мак: «не выраслі», «не прафесійна», «вакал не дацягвае».

«Спачатку я вельмі перажываў. Няма падтрымкі, а крытыка ўжо з’явілася», – гаворыць Зміцер.

Па-сапраўднаму гурт падкасілі забароны канцэртаў. Пасля выступу на Майдане ў лютым 2014 года, адмовы ў выступах ішлі адна за адной. Музыкі пракаціліся з турам па ўсёй Польшчы, а ў Варшаве паўдзельнічалі ў канцэрце «Салідарныя з Беларуссю», зайграўшы разам з гуртамі «Ляпис Трубецкой» , Kozak System i Maleo Reggae Rockers.

Хлопцы выдалі альбом пад назвай «VIRUS» і збіраліся здымаць кліп у лякарні. Раптоўна чалавека, з якім AMAROKA дамовіліся пра месца здымак, выклікаў галоўны ўрач: яму стала ўсё вядома. Зміцер мяркуе, што спецслужбы прачыталі перапіску ў сацыяльных сетках.

«Няма канцэртаў – няма гурта, – лічыць музыка. – Мы не выступалі паўгады. Я пішу новыя песні для сябе».

img_8007-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%80%d0%be%d0%b2%d0%b0%d1%82%d1%8c

Зміцер прадае свой хутар, што ў Ашмянскім раёне. Месца ўжо легендарнае: там прайшла безліч артсядзібаўскіх летнікаў. Большасць працы ў закінутым будынку Зміцер зрабіў сам. Высек зараснікі, папілаваў дрэвы, у хаце знёс адну сцяну, пачысціў печы, паставіў вокны. Яму шкада расставацца з маляўнічай мясцінай, аднак будаўніцтва новага дома каля Мінска не пакідае часу ездзіць яшчэ і на хутар.

Цяпер Зміцер Афанасенка займаецца настольнымі гульнямі. Настолка «Казачнік» ужо даўно даступная ў продажы, вось-вось з’явіцца яшчэ адна — «Багач». Апошняя — беларускі аналаг вядомых «Манаполіі» ці «Мэнаджэра». На полі будзе мапа Мінска, а назвы вуліц — да перайменаванняў часоў Расійскай імперыі.

img_4622

Пра персанальны поспех Зміцер адказвае сцісла, але ўпэўнена: «Я разумею, што ўсё гэта — яшчэ не фініш».

Система Orphus

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *