10.01.2017

Маладыя і крэатыўныя творцы аб’ядналіся, каб зняць першы беларускамоўны серыял жахаў. Каманда абяцае, што ён хутка з’явіцца ў сеціве.

Серыял мае назву «Заклятыя скарбы», а яго сюжэт заснаваны на беларускіх легендах і паданнях. Рэжысёр Серж Аўсяннік, які раней працаваў на канале Белсат і ствараў перадачу «Прыват», з’яўляецца аўтарам ідэі і прадзюсерам новага праекта.

Над праектам працуе дзесяць чалавек без уліку актораў: сцэнарысты, аператары, гукарэжысёры. Актораў будзе таксама каля дзесяці: Васіль Бойдак і Алеся Грыбок ужо далі сваю згоду на ўдзел у серыяле.

ll-cktncb68

«У 2015 годзе нам з сябрамі прыйшла думка: а чаму б не экранізаваць вядомую кнігу «Заклятыя скарбы» — зборнік беларускіх паданняў, часам жахлівых, але вельмі цікавых і самабытных. Памятаю гэтую кнігу яшчэ з дзяцінства, асабліва ілюстрацыі».

Стваральнікі серыяла лічаць, што перадаць усю прыгажосць і адначасова жахлівасць беларускага фальклору можна толькі з дапамогай ужывання беларускай мовы. Але не адмаўляюць варыянты дадатковай агучкі — на рускую і англійскую мовы — для ўдзелу ў міжнародных кінафестывалях.

Грошы на здымкі першага беларускамоўнага серыяла жахаў збіралі рознымі спосабамі: на краўдфандынгу, з дапамогай нямецкіх сяброў, таксама ўкладалі свае ўласныя сродкі.

Плануецца некалькі сезонаў серыяла, у першым будзе восем серый. Да чатырох першых сцэнар ужо напісаны. Серыял будзе вертыкальным, то бок, пачаць глядзець яго можна з любой серыі.

Выхад серыяла «Заклятыя скарбы» адбудзецца праз тры месяцы. Ужо ўвесну на сайце skarby.by можна будзе паглядзець  першыя серыі.

Паводле матэрыялаў «Радыё Свабода».

Система Orphus