19.01.2017

1. Андрэй Адамовіч «Калі паедзеш да мяне, малы…»

Калі паедзеш да мяне, малы, цягніком на поўнач,
сядай у плацкарт, кідай на гару валізу.
І не думай, што ты адзін — і мяне ахапіла роспач:
мы з табою два кубкі з патрушчанага сервізу.

А дзяўчо будзе сядзець насупраць, круціць нагою,
з мажным бой-фрэндам кахацца ўначы на паліцы,
і гарэлка ў чэраве стане гаючай халоднай вадою,
толькі здымі на палярную ноч нагавіцы.

А я буду жыць на вакзале, чакаць твой цягнік марудны.
Няхай пройдзе жыццё, як кволая тройка АМАПу,
праляціць, як выкрык мясцовае лярвы ў падвячорку паскудны,
што паробіш — твой машыніст забыўся дома на мапу.

Дый нічога, малы, не плач — усё будзе, як мае, добра.
Час — гэта кобра, якая жарэ матылькоў, галодная кобра.

dream-asleep-beard-beautiful-Favim.com-638989

2. Мікола Кандратаў «Шукаю»

Аксане Спрынчан

Шукаю радасці ў журбе,
шукаю вартасці ў Айчыне,
шукаю смеласці ў сабе,
шукаю светласці ў жанчыне.

Шукаю праўды, як вар’ят,
у дзежцы з дзёгцем – лыжку мёду.
Нібы ў граху – цнатлівасць, я
шукаю сонца ў люстры лёду.

Чытаю зорныя сляды –
шукаю тлумачэнняў болю.
Гады гудуць, як правады,
а я шукаю ветра ў полі.

Шукаю рэха – у гарах,
шукаю бляску іскры ў кожным,
шукаю вечнасці ў вачах…
І надараецца – знаходжу.

tumblr_static_85vhb1fq9zkso8oc4c8cgc80k_640_v2

3. Алесь Сьнег «Мае медыятыры ладуюць твае гітары…»

Мае медыятыры ладуюць твае гітары
Чужыя аватары ратуюць мерыдыяны
мора, дэльфіны, мастацтва, квадраты
Нехта чарговы з’язджае ў Штаты
Хаваць рыфмы ў даты

Да ТЫ!
У дадатак без мяты
Разрываць цябе на цытаты
Без таго не сталі мы такімі
мяккімі
Без чаго не былі мы ніякімі
Заставацца ў тылах.

Мае рыфмы ў тваіх нотах
Асалода не ў крылах
Асалода ў палётах.

tumblr_muofxwxHun1rdtq8bo1_500

Калі вы хочаце, каб мы апублікавалі ваш верш ці верш, які вам падабаецца, дасылайце яго на электронную скрыню artsiadziba@gmail.com з пазнакай «Тры вершы».

Система Orphus