24.01.2017

«Кітайская — 1 212 560 000… Ангельская — 514 500 000… Гішпанская — 425 000 000… Арабская — 412 390 000… Расейская — 275 000 000… Хіндзі — 258 400 000… Партугальская — 194 350 000… Француская — 129 000 000… Нямецкая — 98 700 000… Эстонская — 1 300 000… БЕЛАРУСКАЯ…»

 (рэпліка Браніслава Тарашкевіча ў спектаклі «Браніслаў»)

Увечары 21-га студзеня з аднаго будынка ў Вільні былі чутны гучныя апладысменты – адбыўся паказ спектакля «Браніслаў. Cцэны з жыцьця ды сноў», які прысвечаны беларускаму культурнаму дзеячу, палітыку, пісьменніку, навукоўцу, мовазнаўцу, стваральніку першага ўнармаванага правапісу сучаснай беларускай мовы Браніславу Тарашкевічу.

Сімвалічна тое, што менавіта ў гэтую значную дату – 125-годдзе са дня нараджэння Тарашкевіча –  беларусы ўшанавалі яго памяць у месцы, дзе студэнт Віленскай гімназіі Браніслаў Тарашкевіч канчаткова самавызначыўся як беларус.

11

Варта адзначыць, што спектакль «Браніслаў» — гэта першы падобны праект «Арт Сядзібы». Яго прэм’ера адбылася ў канцы 2015 годзе ў Мінску на сцэне тэатра БДУ «На балконе». Але пасля двух паказаў спектакль быў адменены, нават, можна сказаць, забаронены па неагучанай дагэтуль прычыне. З таго часу ягоныя пастаноўкі ладзяцца напаўпадпольна ў Мінску. Таксама спектакль быў паказаны ў Пружанах, Гомелі, а цяпер і ў Вільні.

1 15

Адметнай рысай спектакля з’яўляецца тое, што гэта супольнасць абсалютна розных людзей, якіх аб’ядноўвае адна мэта. Пасля спектакля адбылося яго абмеркаванне паміж выканаўцамі і гледачамі, і было дзіўна чуць, што ролі выконвалі праграміст, выкладчыца фартэпіяна і вакалу, студэнтка-рэкламшчыца, студэнтка-праграміст, акторы тэатральных студый…

14

Але акторы самі не заўважылі, што кожны назваў адную і тую ж прычыну ўдзелу адразу ў кастынгу, а цяпер і ў гэтым спектаклі – «жаданне прысутнасці беларускай мовы ў розных яе праявах». Калі рабяты дзяліліся сваімі ўспамінамі наконт таго, як яны прыйшлі ў спектакль, то было бачна па іх рухах, інтанацыях, вачах, што кожны прапусціў праз сябе, перажыў трагічны лёс Браніслава Тарашкевіча.

Рэжысёр Эльдар Бякіраў дзеліцца: “Я проста раблю тое, што люблю. І калі кожны будзе рабіць у адносінах да мовы  тое, што падабаецца, тады мова адрадзіцца!”

Гастролі спектакля ў Вільні былі арганізаваныя пры дапамозе Таварыства беларускай культуры ў Літве. На паказ прыйшло больш за сто чалавек, у залі нават не хапала месцаў. Спектакль наведалі і сваякі Браніслава Таршкевіча, прысутнічала яго падчарка з Радашковічаў (дачка першай жонкі Веры Снітко), якая ахвотна дзялілася ўспамінамі і рознымі гісторыямі з іх жыцця, а таксама яго пляменніцы.

падчарка

5

На паклонах заля выбухнула гучнымі апладысментамі – ніхто не застаўся абыякавым! Водгукі на спектакль былі станоўчыя і вельмі эмацыйныя. Так, напрыклад, былая дырэктарка Віленскай гімназіі дзялілася сваімі ўражанннямі:

“Хачу падзякаваць за тое, што вас хвалюе цяперашні стан беларускай мовы. Неяк прачытала дзесьці словы Францішка Багушэвіча, што “стан беларускай мовы – стан знікнення”. Такая злая на яго была! Ды калі мы ўжо пройдзем гэты этап?! Таму шчыры вам дзякуй і паклон!”

2

3

Віленскія беларусы казалі, што не змаглі стрымаць слёз, – спектакль разварушыў, развярэдзіў іх душы і закрануў за жывое.

Нехта з гледачоў сказаў вельмі слушныя словы: “Нацыя жыве – пакуль ёсць тэатр!”

Варта адзначыць, што гэта не апошні падобны праект «Арт Сядзібы». Арганізатары спектакля падзяліліся далейшымі творчымі планамі: яны маюць намер паставіць спектакль пра «бацьку беларускага прафесійнага тэатра» Францішка Аляхновіча.

Система Orphus