14.02.2017

14 лютага, у Дзень закаханых, Пётр Клюеў і малады рэпер Bumitlum прэзентуюць сумесную песню «Люблю ці кахаю».

Музыка Пётр Клюеў, які ў мінулым годзе скарыў усіх неверагодным выступам на ўкраінскім шоу «Х-Фактар», заяўляе, што яго новая песня цалкам біяграфічная і ў яе радках беларускія дзяўчыны знойдуць шмат знаёмых сюжэтаў.

Вось як успрымае спявак сваю прэм’еру:

— Мне не хапала такой песні, я думаю не хапала і беларускай музычнай прасторы. У нас атрымаўся такі добры “мядляк” па-беларуску, які, я спадзяюся, пойдзе ў народ і загучыць на радыё, дыскатэках у ДК, вечарынах у рэстарацыях і карпаратыўных тусоўках. Гэта песня, пад якую можна і паціскацца, і паплакаць, і выпіць з гора ці шчасця.

Аўтар тэксту Павел Белавус, які не толькі напісаў словы да песні, але і запачаткаваў свой новы творчы праект Bumitlum, распавядае пра стварэнне песні:

— Неяк я паабяцаў Пятру Клюеву, што напішу для яго тэкст, з якога атрымаецца хітовая песня. Песня, пад якую будуць танчыць і плакаць дзяўчаты ў Брагіне, Глыбокім, Чэрвені і іншых кутках Беларусі. Так і з’явіўся тэкст «Люблю ці кахаю». Ён сапраўды біяграфічны, у яго я заклаў усе перажыванні і шматлікія амурныя гісторыі Пятра, якія ён усім без стомы распавядае, калі нават і не вельмі іх хочацца слухаць. Да таго ж песня раскрывае беларускую моўную загадку — розніцу сэнсаў паміж словамі «люблю» і «кахаю».

А яшчэ я паспрабаваў сябе ў ролі рэпера. У песні я чалавек збоку, які расказвае гісторыю галоўнага героя і яго стасункаў з дзяўчынамі. Калі слухач ацэніць пазітыўна мой музычны эксперымент, то пазней запішу іншыя свае тэксты, якіх сабралося шмат, але я пакуль не наважваўся паказаць іх шырокаму колу.

Бо ідэя будучага праекту «Bumitlum» — гэта такі чалавек з народу, які стаіць побач, у адным шэрагу з вамі, на адным мітынгу ці плошчы, у адной чарзе ды агучвае свае ўражанні ад падзей, перажытага, убачанага і падслуханага.

Аўтар слоў — Павел Белавус.
Музыка — Пётр Клюеў.
Запіс і звядзеннем — Міхаіл Шэстак, студыя «Bah Records».

Спампаваць песню тут!

piotr-klujeu-bumitlum-liubliu-ci-kachaju-1

18 лютага ў клубе «Графіці» Пётр Клюеў выступіць з рамантычнай праграмай «Люблю ці кахаю», дзе прадставіць новы сінгл ды выканае іншыя песні на вершы беларускіх паэтаў.

Квіткі: загадзя — 8 руб., у дзень — 10 руб.
Можна набыць на сайце graffiti.by і ў касе клуба па адрасе: зав. Калініна, 16.
Інфалінія 29/33 638 4444.

Тэкст песні «Люблю ці кахаю»

Люблю ці кахаю, сябе я зноў пытаю…
Лячу да цябе, а потым знiкаю.
Адчуць водар твой зноў маю надзею.
Я танчу з табой і вар’яцею.

Ты б’еш алкаголем у маё сэрца,
І цягнеш дадому, каб разам сагрэцца.
А ранкам прачнуся…
Чаму зноў збягаю?
Не разумею, люблю ці кахаю!

Я так люблю цябе,
Я так хачу цябе.
Моцна і дакладна
Адчуваю,
Але не кахаю!

Я так люблю цябе,
Я так хачу цябе.
Моцна і дакладна
Адчуваю,
Але не кахаю!

Люблю ці кахаю, падманы пачуццяў…
Тваім верыць фразам
Хачу ды не буду.
Сёння, напэўна, мы створым падзею.
Калi побач ты — я вар’яцею.

Позiркам мiлым кранаеш мне вусны,
І цягнеш ў клубы да новай спакусы.
А ранкам прачнуся…
Чаму зноў збягаю?
Не разумею, люблю ці кахаю!

Ён прыходзіў да цябе ў хвіліны адчаю.
І казаў: «Уратуй!», а ты: «Хочаш чаю!».
Ён не любіць гарбату, а паважае віскі,
І не выходзіць на вуліцу, калі вельмі слізка.

Ён хацеў расказаць, як бывае цяжка.
Што спявае ў клубах, а хоча як пташка —
Узляцець высока, распрасцёрці крылы,
А ты ў адказ: «О, ты такі мілы!».

Яго дачка ў садку, былая на працы,
А ты вось тут, а нібыта ў палацы.
Разважаеш пра вершы Шагала, малюнкі Купалы,
Ну што за бздура, лепш памаўчала б!

Не лыпай вачыма, з фальшывай усмешкай,
Не кажы больш яму: «Ты такі смешны!».
Не разумееш яго, ён не адчувае
І не любіць цябе ды ўжо не кахае.

Я так люблю цябе,
Я так хачу цябе.
Моцна і дакладна
Адчуваю,
Але не кахаю!

Я так люблю цябе,
Я так хачу цябе.
Моцна і дакладна
Адчуваю,
Але не кахаю!

Система Orphus