18.02.2017

Калі лёс закінуў вас у горад Старыя Дарогі, не спяшайцеся хвалявацца і нярвова набіраць нумары сяброў, крычучы ў тэлефон: «Выцягні мяне адсюль!» Калі вы прыехалі на вакзал, то тут, прынамсі, ёсць… другі вакзал :)

Акрамя іх, ёсць у Старых Дарогах адно ўнікальнае месца – Нацыянальна-мастацкі музей (фонд Анатоля Яўхімавіча Белага).

Анатоль Белы – беларускі грамадска-культурны дзеяч, навуковец, калекцыянер, стваральнік прыватнага мастацкага музея ў горадзе Старыя Дарогі.

Такога музея вы яшчэ не бачылі – стоадсоткавая інфармацыя! Адразу папярэджу, што гэта нетыповы музей з газетнымі выразкамі пад шклом і цётачкай у карычневым швэдары на ўваходзе, якая незадаволена папярэджвае: «Уваход 5 рублёў! Ну і што, што студэнт? Зніжак не прадугледжана!».

Тут уваход бясплатны, толькі трэба загадзя папярэдзіць аб сваім візіце ўладальніка музея – стрыечнага брата Анатоля Белага – Міхася. Але моцна заклікаю пакінуць у скрыні грашовае «дзякуй», таму што гаспадары ўласнымі сіламі імкнуцца захаваць гэты скарб (хаця, нават слова «скарб» не ахоплівае каштоўнасць гэтага месца для беларусаў).

1 (Копировать)

Баюся, каб не здарылася сумнай гісторыі, як з Музеем гарадскога побыту ў Гародні: гаспадар гэтага музея, Януш Паруліс, вымушаны распрадаваць калекцыю, каб выплаціць запазычанасць па арэндзе.

Памятаю, як падчас вандроўкі ў Гародню наведалі музей, размешчаны ў Старым Замку: «Ну хіба можа быць нецікавым музей, які знаходзіцца ў будынку, дзе некалі піў віно сам Стэфан Баторый?!»
Можа. Больш за ўсё запомніліся інсталяцыя «працэс гніення бульбы», пудзіла касога янота і пластмасавая гародніна. Не, я нічога супраць касога янота ня маю, але… Ну вы мяне зразумелі!

Але з музеем Анатоля Белага адбылася зусім іншая гісторыя! Выдатны ён не тым, што ўваход вольны, а тым, што змяшчае ў сябе такія экспазіцыі, ад якіх па целе бягуць мурашкі.

Фонд Анатоля Белага размяшчаецца ў двухпавярховым прыватным доме і змяшчае 8 тэматычных залаў агульнай плошчай каля 500 квадратных метраў, дзе размешчаны каля 1700 экспанатаў: скульптур, твораў жывапісу і графікі.

Асаблівасцю музея з’яўляецца наяўнасць тэматычных экспазіцый. Першай вас сустрэне экспазіцыя, прысвечаная князям ВКЛ, дзе размешчаны партрэты князёў Вялікага княства Літоўскага. Таксама музей вельмі ганарыцца экспазіцыямі, прысвечанымі Янку Купалу, Якубу Коласу і Максіму Багдановічу.

Але самае цікавае – гэта экспазіцыя з ганарлівай назвай «Змагарная Беларусь», якая знаёміць наведвальнікаў з жыццём і змаганнем Тадэвуша Касцюшкі і Кастуся Каліноўскага і расказвае пра падзеі паўстанняў 1831 і 1863 гадоў.

Калі і гэта вас не ўпэўніла пайсці на вакзал і набыць квіток да Старых Дарог, то прывяду аўтарытэтны факт і адзначу, што музей атрымаў «Узнагароду ХХ стагоддзя» Міжнароднага бібліяграфічнага цэнтра ў Кембрыджы, а імя Анатоля Белага было ўключана тым жа цэнтрам у спіс 2000 інтэлектуалаў ХХ стагоддзя з уручэннем адпаведнага сертыфікату і дыплома.

Таму ў Старыя Дарогі варта прыехаць хаця б дзеля аднаго гэтага музея!

2 (Копировать)

Знаходзіліся мы там каля 2 гадзін, але, каб цалкам насалодзіцца атмасферай, інфармацыяй і экспанатамі, трэба мінімум цэлы дзень.

Ведаеце, тут кожная рэч мае сваю гісторыю. Ужо чую, як вы пярэчыце: «А як па-іншаму? Гэта ж музе-е-ей!» Справа ў тым, што тут у кожнага прадмета ўсталявалася своеасаблівая сувязь з Анатолем Белым.

Калі блукаеш па выставачных залах, то нават здаецца, што ад экспанатаў вее сумам па гаспадару, які беражліва і радасна прыносіў у сцены гэтага будынка новую каштоўную рэч, сумам па страчанаму пакаленню, сумам па згубленаму для беларускай нацыі дваццацігоддзю.

Пасля візіту ў музей я ладзіла для сяброў і сваякоў «пяціхвілінкі» на паўгадзіны з лозунгам «Не, ну хто б мог падумаць!»

Вось, напрыклад, усім вядома, што нядаўна распачалася кампанія, у межах якой збіраюцца подпісы за ўсталяванне помніка героям Слуцкага збройнага чыну ў Слуцке, таму што такога помніка ў Беларусі няма, ёсць толькі ў Альпах. Але мала хто ведае, што на даху Старадарожскага музея размешчана скульптура ў гонар змагарам Слуцкага паўстання: «Тым, хто пайшоў паміраць, каб жыла Бацькаўшчына». Яна ўяўляе сабой металічны стылізаваны шасціканцовы крыж святой Ефрасінні Полацкай, на які накладзена статуя паміраючага паўстанца, які абараняе правай рукой старажытны беларускі герб «Пагоня».

3 (Копировать)

Цікава, што Анатоль Белы яшчэ ў 90-я гады звяртаўся са зваротам да мясцовай улады Слуцка, каб усталяваць помнік, прысвечаны памяці слуцкіх паўстанцаў.

Яго стрыечны брат Міхась узгадвае: «Ён прасіў толькі дазвол і месца – больш нічога! Але так і не дачакаўся… Так і стаяць два макеты-праекты помніка ў музеі».

Увогуле, у Беларусі надаецца мала ўвагі гэтай падзеі, але ў Старадарожскім музеі вы можаце знайсці стэнд з рэдкімі матэрыяламі пра Слуцкі збройны чын.

МАКЕТ (Копировать)

У двары музея размешчана Алея выдатных беларусаў, якая была створана культурна-асветніцкім клубам «Спадчына», нязменным кіраўніком якога з’яўляўся Анатоль Яўхімавіч.

Тут вы можаце пабачыць помнік «Змагарам за родную мову», першы ў Беларусі помнік паэтцы Ларысе Геніюш, бюсты бацькі і сына Багдановічаў (людзі жартуюць: «Вось і сустрэліся нарэшце Адам і Максім у Старых Дарогах»), адзіны ў Беларусі помнік выдатнаму беларускаму гісторыку і археографу Міколу Улашчыку, першы ў Беларусі памятны знак «Героям Грунвальда», ганаровую дошку «Заснавальнікам  БНР», помнік Тадэвушу Касцюшку, братам Луцкевічам, а таксама шмат-шмат «Пагоні».

4 (Копировать)

Здалёк можна заўважыць (думаю, на гэта было і разлічана) надпіс на сцяне музея, зроблены чорнай фарбай, але ўсё роўна здаецца, што словы ззяюць на сонцы: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не умёрлі! Наша мова для нас сьвятая, бо яна нам ад Бога дана» (Францішак Багушэвіч).

5 (Копировать)

Нядаўна, другога лютага, быў дзень нараджэння беларускага рэвалюцыянера-дэмакрата, аднаго з кіраўнікоў нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863‑1864 гадоў Кастуся Каліноўскага. Так атрымалася, што дата майго наведвання музея супала з гэтай значнай для беларусаў датай. Мне здаецца, што менавіта там знаходзіцца самы вялікі куток у Беларусі, прысвечаны жыццю і дзейнасці Кастуся Каліноўскага, прычым, складаецца ён не толькі з малюнкаў ды сухіх артыкулаў, а з тэматычных плакатаў, партрэтаў, бюстаў і манументаў, а таксама з кніг.

Трэба адзначыць, што гэта не тэматычная выстава, то бок, яна знаходзіцца ў музеі заўсёды, не залежна ад святочных дат. Калі я стаяла перад усім гэтым скарбам, у мяне захапіла дыханне.

Паўжыцця я амаль кожны дзень бачыла музей, ідучы ў школу, там мне падрабязна расказвалі пра валентнасці, другую жонку Есеніна, сталіцу Мадагаскара і водныя расліны, а пра сапраўдных нацыянальных герояў Беларусі чамусьці забылі.

Праходзіла і не ведала, што за плотам з надпісамі «Змагарам за Беларусь», «Героям Грунвальда» знаходзіцца інфармацыя, якая патрэбна любому дзiцяцi i даросламу, каб паўнавартасна развівацца як Вялікай адзінке самастойнай нацыі – Беларусу.

6 (Копировать)

У Анатоля Белага было шмат выдатных сяброў, якія рабілі ўнікальныя падарункі, створаныя спецыяльна для яго музея. Напрыклад, Васіль Быкаў, акрамя шматлікіх аўтографаў і фотаздымкаў (дарэчы, у музеі знаходзіцца каля 200 экспанатаў, прысвечаных пісьменніку), напісаў для музея карціну. Так, вам не здалося, не трэба вяртацца да папярэдняга сказа і перачытваць яго яшчэ раз. Менавіта КАРЦІНУ Васіля Быкава вы можаце пабачыць у Старадарожскім музеі.

7 (Копировать)

Акрамя гэтага вы можаце пабачыць творчасць іншых выдатных беларусаў, якія стваралі не толькі ў Беларусі, але і за яе мяжой. Напрыклад, музей вас сустрэне гэтай карцінай, якая кранае ўсе струны прыгнечанай беларускай душы. Тут нават нічога тлумачыць і каментаваць не трэба. Сэнс зразумелы кожнаму.

8 (Копировать)

А колькі цікавых экзэмпляраў знаходзіцца пад шклом і ў шуфлядах сталоў (як тлумачаць гаспадары музея, велізарная частка экспанатаў проста не змясцілася ў выставачных залах)!

Увесь час круцілася ў галаве: «Няхай бы яны забыліся на мяне, і я б засталася на некалькі дзён сам-насам са шматлікімі цікавымі і рэдкімі кнігамі».

У музеі можна пазнаёміцца з «Дыялогамі» Платона ў перакладзе на беларускую мову (перакладчык – Ян Пятроўскі). Ці можна ўбачыць Біблію на тарашкевіцы.

10 (Копировать) 9 (Копировать)

Цікава, што дачка Анатоля Белага, Святлана, працягнула яго справу. Хоць і жыве яна цяпер ў ЗША, але не забываецца на Бацькаўшчыну – ўжо на працягу доўгага часу выдае там часопіс «Полацак». У музеі вы можаце пабачыць Святлану ў нацыянальным вышываным касцюме на карцінах розных мастакоў.

11 (Копировать)

Гэта далёка не ўвесь спіс цікавасцяў старадарожскага музея Анатоля Белага. У адным зале – партрэты і скульптуры князёў ВКЛ, у другім – сцяна Прэзідэнтаў Беларусі (так яе называў Анатоль Яўхімавіч, бо людзі, партрэты якіх размешчаны на ёй, унеслі каштоўны ўклад у развіццё Беларусі), у трэцім – гліняныя дошкі ў гонар выдатных беларускіх дзеячаў.

13 (Копировать)

Тыя, хто лічыць сябе сапраўдным беларусам, патрыётам роднай краіны, свядомым грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, ці проста адчувае, што ў школе на ўроках гісторыі яму нешта недагаварвалі, той павінен наведаць гэтае «месца моцы» беларусаў.

14 (Копировать)

Каб наведаць музей, патэлефануйце: +375 29 199 40 01 (Міхаіл Антонавіч).

І абавязкова прыязджайце сюды: Старыя Дарогі, вул.Садовая, дом 52 :)

Система Orphus

Дадаць каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *