3333333333333333333333333333
25.02.2017

3 чэрвеня 1988 года ў газеце «Літаратура і мастацтва» быў апублікаваны артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога смерці», дзе расказвалася пра тое, што ў пачатку 1970-х гадоў у вёсцы Зялёны Луг ім даводзілася чуць ад гараджан пра расстрэлы людзей у недалёкім лесе. У выніку свет даведаўся пра масавыя сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі.

Паводле паведамленняў мясцовых жыхароў, з 1937 да 1941 года туды дзень і ноч на машынах прывозілі  людзей і расстрэльвалі.

Пасля з’яўлення артыкула былі праведзеныя першыя павярхоўныя раскопкі і выяўлены факт таемнага масавага пахавання людзей каля вёскі Цна-Ёдкава. Пасля гэтага пахаванне атрымала сусветную вядомасць пад назвай «Урочышча Курапаты».

ФІЛЬМЫ ПРА КУРАПАТЫ

«Курапаты – шлях сумлення»

Фільм рэжысёра Уладзіміра Самойлава пра нацыянальны некропаль беларусаў.

Чаму Курапаты падзялілі грамадства? Адныя лічаць, што там у канцы 1930-х гадоў НКВД здзяйсняла масавыя забойствы, у той час, іншыя сцвярджаюць, што гэта зрабілі немцы падчас вайны. І адныя, і другія перакананыя, што маюць рацыю. Ужо больш за 20 гадоў вядуцца заўзятыя дыскусіі. Не адзін год працавала дзяржаўная камісія. Але вынікі яе працы і высновы інтэрпрэтаваліся вельмі па-рознаму. Чаму апошнюю справаздачу засакрэцілі? Якія яшчэ таямніцы хавае Курапацкі лес?

Пра ўсё гэта распавядаецца ў дакументальным фільме рэжысёра Уладзіміра Самойлава, знятым у 2008 годзе.

«Дарога на Курапаты»

Дакументальны фільм «Дарога на Курапаты» быў зняты на кінастудыі «Беларусьфільм» у 1990 годзе. Рэжысёрам фільму выступіў Міхаіл Жданоўскі, аўтарам сцэнару — Аляксандар Лукашук, аператарам — Сяргей Пятроўскі. Фільм атрымаў Дзяржаўную прэмію. На пачатку 1990-х фільм «Дарога на Курапаты» дэманстравалі ва ўсім Савецкім Саюзе.

РАСТРАЛЯНАЯ ЛІТАРАТУРА

Чорны дзень

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях мінскай унутранай турмы НКВД — «амерыканкі» — былі расстраляныя больш за 100 дзеячоў культуры, мастацтва, навукі, тэхнічнай інтэлігенцыі і буйных кіраўнікоў тагачаснай БССР, сярод якіх варта ўзгадаць такія асобы як Платон Галавач, Алесь Дудар, Тодар Кляшторны, Юрась Лявонны. Магілай для гэтых і іншых людзей стаў, у тым ліку, і Курапацкі лес. Дзеля таго, каб быць абвінавачаным у «буржуазным нацыяналізме», хапала размаўляць па-беларуску, ці рабіць штосьці на карысць развіцця беларускай культуры. Менавіта тады, у жудасныя 1930-я, разам з інтэлігенцыяй знішчалася ідэнтычнасць беларускага народа.

Алесь Дудар

НКУС БССР арыштоўваў Алеся Дудара тры разы. Упершыню — 20 сакавіка 1929 года за верш «Пасеклі наш край папалам …».

Пасеклі Край наш папалам,
Каб панскай вытаргаваць ласкі.
Вось гэта – вам, а гэта – нам,
Няма сумлення ў душах рабскіх.

І цягнем мы на новы строй
Старую песню і чужую:
Цыгане шумнаю талпой
Па Бесарабіі качуюць…

За ўсходнім дэспатам-царком
Мы бегаем на задніх лапах,
Нью-Ёрку грозім кулаком
І Чэмберлена лаем трапна.

Засыплем шапкамі яго,
Ура, ура – патопім ў соплях.
А нас тым часам з году ў год
Тут прадаюць ўраздроб і оптам.

Мы не шкадуем мазалёў.
Мы за чужых праклёны роім,
Але без торгу і без слоў
Мы аддаем сваіх герояў.

Не смеем нават гаварыць
І думаць без крамлёўскай візы,
Без нас ўсё робяць махляры
Ды міжнародныя падлізы.

Распаўся б камень ад жальбы
Калі б ён знаў, як торг над намі
Вядуць маскоўскія рабы
З велікапольскімі панамі.

О, ганьба, ганьба! Ў нашы дні
Такі разлом, туга такая!
І баюць байкі баюны
Северо-Западного края…

Плююць на сонца і на дзень.
О, дух наш вольны, дзе ты, дзе ты?
Ім мураўёўскі б гальштук ўздзець,
Нашчадкам мураўёўскім гэтым…

Але яшчэ глушыце кроў.
Гарыць душа і час настане,
Калі з-за поля, з-за бароў
Па-беларуску сонца гляне.

Тады мы ў шэрагах сваіх,
Быць можа, шмат каго не ўбачым.
З тугою ў сэрцы ўспомнім іх,
Але ніколі не заплачам.

А дзень чырвоны зацвіце,
І мы гукнем яму: «Дабрыдзень».
І са шчытом ці на шчыце
Ў краіну нашу зноў мы прыйдзем.

1928

Міхась Чарот

Літаратар быў арыштаваны 24 студзеня 1937 у Мінску па адрасе: вул. Ленінская, д. 35, кв. 1, адначасова выключаны з УКП(б). Сядзеў у адной камеры з паэтам Юркам Лявонным. Асуджаны пазасудовым органам НКУС 28 кастрычніка 1937 года як удзельнік «контрарэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Прыгавораны да расстрэлу 28 кастрычніка 1937 года. Апошні верш «Прысяга» (пра асабістую невінаватасць) запісаў на сцяне мінскай унутранай турмы НКУС, дзе яго ўбачыў і захаваў у памяці Мікола Хведаровіч: «У 1939 годзе я быў пераве­дзены ў адзіночную камеру. Уважліва аглядзеў сцены, шукаючы надпісаў, і вось у кутку прачытаў тэкст верша, выкалупаны нечым вострым на сцяне. Гэта была апошняя сустрэча з маім любімым паэтам і сябрам Міхасём Чаротам. Гадамі я захоўваў гэтыя яго словы ў сэрцы»

«Прысяга»

Я не чакаў
І не гадаў,
Бо жыў з адкрытаю душою,
Што стрэне лютая бяда,
Падружыць з допытам,
З турмою.

Прадажных здрайцаў ліхвяры
Мяне заціснулі за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палі,
Мае бары, —
Кажу вам — я не вінаваты!

Тодар Кляшторны

Быў арыштаваны 3 лістапада 1936 года ў Мінску па адрасе вул. Фабрычная, д. 10/4, кв. 7. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 29 кастрычніка 1937 года як «член антысавецкай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 8 чэрвеня 1957.

«Зноў вясна…»

Зноў вясна.
Зноў купаюцца далі ў разлівах,
Зноў так чыста блакітная гладзь…
І так хочацца ў думках маўклівых
Залатыя палі цалаваць.

Зноў так радасна шэпчуць дубровы,
Зноў гамоніць аб нечым быльнёг…
Надрываецца плачам карова
На прыволлі ў шырокіх палёх.

Цэлы дзень снегавыя праталкі
Цэдзяць мутныя пырскі з гары…
На страсе агалцелыя каўкі
Не сціхаюць да позняй пары.

А як вечар датлеіць за хатай,
А як змрокі прылягуць к акну,
За аколіцай ходзяць дзяўчаты
І гукаюць красуню вясну…

Эх, вясна!
Нат нялюбаму хочацца верыць, —
Нат пастылае стала мілей…
Зноў палае бунтарскае сэрца
У бязмежжы юнацкіх надзей.

Цэлы дзень снегавыя праталкі
Цэдзяць мутныя пырскі з гары…
На страсе агалцелыя каўкі
Не сціхаюць да позняй пары.

1927

Система Orphus

Дадаць каментар

 

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

CAPTCHA image